search

Шчасце ў працы, шчасце ў людзях

Ёсць людзі, якія ў розных жыццёвых сітуацыях, пры любых абставінах застаюцца актыўнымі, дзейнымі. Менавіта такая і гераіня гэтага артыкула, пенсіянерка Ганна Іосіфаўна Плотка з вёскі Любашава.

Ганна Іосіфаўна Плотка з вёскі Любашава з пяшчотай успамінае мінулыя гады
Ганна Іосіфаўна Плотка з вёскі Любашава з пяшчотай успамінае мінулыя гады / Фото: Ирина Домарацкая

Ганну Іосіфаўну я ведаю даўно, таму і сустрэліся як добрыя знаёмыя. Двор, агарод, хата жанчыны ў чарговы раз здзівілі чысцінёй. Хаця і пачала Іосіфаўна скардзіцца на здароўе, але не адступіла ад свайго прынцыпу: парадак павінен захоўвацца пры любых абставінах. Як сапраўдны “працаголік”, яна стараецца першай пасадзіць і прыбраць агарод, у якім пустазелля звычайна не знойдзеш і днём з агнём, затое кветкі зачароўваюць шматколернасцю з вясны да восені. Толькі ў апошнія гады здароўе стала падводзіць, і Ганна Іосіфаўна не трымае гаспадарку, а раней дык зацемна ўставала, каб дагледзець скацінку і птушку. І ягады ў свой час збірала спраўна, і грыбніком была зацятым. Ніколі не падабалася Іосіфаўне ў хвасце плясціся, любіць яна ўсё рабіць своечасова і на выдатна!

І не толькі дома, але таксама на рабоце. Таму, пэўна, і давяраліся ёй адказныя пасады.

За кубкам смачнай кавы мая субяседніца няспешна ўспамінае мінулыя гады, а я ўважліва слухаю. У маленстве Ганначка, адна з чацвярых дзяцей работніка лясной гаспадаркі Барысаўскага раёна Мінскай вобласці, а ў гады Вялікай Айчыннай вайны — партызана, галадае ў лясным грамадзянскім лагеры. Сюды сям’я партыйнага актывіста ўцякла ад фашыстаў і здраднікаў. “Калі б тата нас тады не забраў у лес, нас бы ўжо не было,” — сумна ўсміхаецца жанчына і ўспамінае чэрвень 1944-га, калі савецкія салдаты гналі немцаў з беларускай зямлі. Вызваліцелі  кармілі дзяцей кашай, а матуля не давала есці адразу многа — баялася, каб не паўміралі. І пасля вайны бывала голадна, елі нават траву. Бацька з фронту вярнуўся кантужаны.

Ганна Іосіфаўна нібы праводзіць мяне па вузкай любашаўскай вуліцы Варашылава з хацінамі, якія, здаецца, сагнуліся ад старасці. Сюды ў канцы 50-х гадоў пасля заканчэння Мар’інагорскага сельгастэхнікума прыехала на адпрацоўку Ганна Сманцар.

Разам з маладым аграномам мы “адпраўляемся” на палі калгаса “Будзённы” (цяперашні СВК “Любашава”). Тут вырошчваецца канопля, якую, калі прыходзіць пара, вяскоўцы ўручную рвуць, мочаць у Цне, сушаць, труць, а пасля здаюць дзяржаве. Тут як кінуць вокам хвалюецца мора густога льну, а кукуруза расце такая, якой цяпер не бывае нават у самыя ўрадлівыя гады. Магчыма, так расліны аддзячвалі людзям за цяжкую работу, калі садзілі, палолі і ўбіралі іх працавітымі рукамі, а не магутнай, але бяздушнай тэхнікай.

На памяці Ганны Іосіфаўны тры калгасы, што дзейнічалі ў Борках, Ганцавічах і Любашаве, аб’ядналіся ў адзін з гучнай назвай “Беларусь”. Адпрацаваўшы належнае, дзяўчына не з’ехала з раёна: у 1960 годзе выйшла замуж за мясцовага настаўніка, Юрыя Мікалаевіча Плотку, ды так і асела на радзіме мужа назаўсёды. Яго ўжо няма — загінуў у 1990-м, а яна жыве ў пабудаваным разам белым цагляным доме і згадвае шчаслівыя гады. Шчаслівыя і ў сям’і, і ў рабоце. Менавіта работа найбольш давала ўсведамленне таго, што Ганна Іосіфаўна патрэбна людзям. Яны адразу выбралі маладога калгаснага спецыяліста сакратаром камсамольскай арганізацыі. Пазней Ганна Іосіфаўна ўступіла ў КПСС. Яна і цяпер хавае партыйны білет і шчыра верыць, што калі б не чалавечы фактар, то жылі б мы дагэтуль у вялікай братэрскай сям’і — дружна, багата і прыгожа.
А тады, у 60-х, Ганна Плотка была адной з самых актыўных будаўніц сацыялізму. Асабліва калі яе выбралі старшынёй сельскага Савета. Цяжкасці не пужалі, хаця іх і было шмат. Ганна Іосіфаўна згадвае, як будавалі на яе памяці мясцовы сельскі Дом культуры, як не без яе ўдзелу разрасталася вёска: з адзінай вуліцы Варашылава, дзе стаялі “хата на хаце”, маладыя адсяляліся на новыя вуліцы.

“Будаваліся цяжка, — згадвае гады сваёй работы ў сельсавеце Ганна Іосіфаўна. —  Дадуць нам усяго 80 кубаметраў лесу, а мне яго трэба размеркаваць на ўсіх жадаючых, спіс якіх вісіць ад столі да падлогі. Бывалі слёзы, просьбы, нават скандалы. Аднак і сёння ў мяне сумленне чыстае: я старалася быць справядлівай, не адступаць ад чаргі, не прапускаць тых, хто шукаў блат”.

Пазней Ганне Іосіфаўне прыйшлося папрацаваць на іншых адказных пасадах: намесніка старшыні па кадравай рабоце праўлення райпо, начальнікам аддзела кадраў у вайсковай часці ў Машуках. Паўсюль яна не проста спраўлялася з абавязкамі, а  падыходзіла да работы творча, самааддана, актыўна ўдзельнічала ў грамадскім жыцці арганізацый. Аб гэтым гавораць пасведчанні пераможцы сацыялістычных спаборніцтваў, шматлікія граматы аблспажыўсаюза, Ганцавіцкага райпо і кіраўніцтва вайсковай часці.

Не сядзелася без справы Ганне Іосіфаўне і на заслужаным адпачынку, у які пайшла ў 1993 годзе. Шмат гадоў узначальвала ветэранскую арганізацыю вёскі Любашава. У тым, што цяпер у Любашаве спыняюцца цягнікі, ёсць і яе заслуга. А яшчэ Ганна Іосіфаўна з’яўляецца шматгадовай актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці мясцовага СДК: і голас прыемны мае, і верш ці байку цікава расказаць умее, і кіруе аматарскім аб’яднаннем “Скарб”.

“Выручаюць мяне культработнікі і ўдзельнікі самадзейнасці, — расказвае Ганна Іосіфаўна. — Чатыры гады назад у снежні нагу зламала, дык ад душы мне дапамагалі: дровы насілі, печы тапілі, у хаце прыбіралі, нават у бальніцу вазілі. А потым, праўда, яшчэ кульгавую, і на сцэну выводзілі! Нават не ведаю, як бы я без іх справілася тады. Радня ж мая далёка жыве, дзеці таксама раз’ехаліся: дачка Святлана з сям’ёй у Расіі, у Кіраўскай вобласці, сын Ігар — у Баранавічах. У кожнага сваё жыццё. Хаця таксама паскардзіцца на іх не магу: прыязджаюць, праведваюць, часта тэлефануюць і дзеці, і ўнукі. У сына падрасла дачка-прыгажуня, у дачкі — сынок, які ўжо сам стаў сёлета татам. Так што я шчаслівая бабуля і нават прабабуля”.

У сённяшняе ўяўленне Ганны Іосіфаўны пра шчасце ўваходзяць таксама прыемныя гадзіны, праведзеныя з кніжкай, — яна з’яўляецца адным з самых актыўных чытачоў бібліятэкі. Дом жанчыны ўпрыгожваюць вышыванкі, карункі, выкананыя яе працавітымі рукамі. А яшчэ яго часта напаўняюць галасы людзей, якім да гэтага часу патрэбны спакой, дабрыня і мудрасць Ганны Іосіфаўны — яе галоўны жыццёвы здабытак.

Новости

Из рубрики
Top