weather

USD

EURO

RUR(100)

search

У Ганцавічах насмяшылі помнікам Якубу Коласу

Летась у райцэнтры Ганцавічы на Дзень беларускага пісьменства Якуба Коласа ўганаравалі бюстам. Помнікі – справа добрая. Але ў гэтым выпадку вынікі ўшанавання больш падобны да насмешкі з асобы Песняра, з беларускай літаратуры і ўсёй айчыннай культуры. Прычым у гэтым прызнаюцца самі аўтары скульптуры.

 Помнік Якубу Коласу, адкрыты 4 верасня ў Ганцавічах
Помнік Якубу Коласу, адкрыты 4 верасня ў Ганцавічах

Па шчырасці, калі б не настойлівыя прызнанні скульптараў Паўла Герасіменкі і Алесі Грушчанковай, – тых, хто рабіў бюст, іх адносіны да работы дзяржаўнага значэння засталіся б па-за ўвагай. Хаця аўтарам удалося “развесці” не толькі масы, але і прафесійных журналістаў – філолагаў, знаўцаў, якія павінны жыццёвы шлях хаця б класікаў ведаць.

Вось што піша “Знамя юности» (9-15 верасня, 2011, С. 11):

«Мы привыкли видеть Якуба Коласа пожилым и суровым – задумчиво подпершим голову рукою, как на монументе в центре столицы, или сосредоточенно глядящим в даль, как на бюсте, установленном на исторической родине песняра под Столбцами.

Поэтому, когда на прошлых выходных в Ганцевичах открыли новый памятник автору «Новай зямлі» и «Сымона-музыкі», многие вначале даже засомневались: а действительно ли этот худой, вихрастый парень, прячущий в усах застенчивую улыбку, – это и есть тот самый классик? А ведь именно так Якуб Колас выглядел в свои неполные двадцать, когда после окончания Несвижской семинарии приехал учительствовать в одну из сельских школ Ганцевичского района».

Вось што пісала таксама Людміла Рублеўская – добры літаратар і, як думался, журналіст у  галоўнай газеце краіны: Советская Белоруссия:

«Семейная пара скульпторов, Павел Герасименко и Алеся Грущенкова, воплотили в бронзе непривычный образ песняра — молодого Михася Мицкевича, каким он был после окончания Несвижской учительской семинарии».

Мала таго, што Людміла Іванаўна лічыць устаноўлены бюст выявай маладога паэта на час пасля заканчэння семінарыі, дык і сама памыляецца ў імені класіка, называючы яго Міхасём (як малодшага Коласавага сына), а не Канстанцінам (відавочна, гэта не ад няведання, а таму, што так механічна напісалася, тым не менш напісалася ўдала, бо сапраўды маем “непривычный образ песняра”).

На якія ж словы аўтараў “павяліся” “акулы пяра”? Адказ на гэта пытанне можна вывесці з аналагічнага артыкула “Брестской газеты”:

«Как рассказали «БГ» создатели памятника Павел Герасименко и Олеся Грущенкова, инициатива запечатлеть в бронзе и граните именно молодого Якуба Коласа пришла от администрации Ганцевичского райисполкома. Брестские творцы оценили оригинальность концепции и взялись за работу.

«Идея нам понравилась. Колас — фигура узнаваемая. Он как Ленин — повсюду. А вот молодого еще нигде нет. Плюс к тому Колас был молодым, когда работал на Ганцевщине», — пояснил «БГ» Павел Герасименко».

Брэсцкія творцы ацанілі арыгінальнасць канцэпцыі помніка, якую прыдумалі ў Ганцавіцкім райвыканкаме. Вось толькі супастаўленне Якуба Коласа і Леніна няўдалае: на жаль, помнікаў народнаму паэту непараўнальна менш, чым «правадыра пралетарыяту», якога можна сустрэць на пастаменце ці не ўкожным райцэнтры (чаго не скажаш пра літаратуранага класіка).

Таямніца стварэння вобразу ганцавіцкага Коласа

Далей пачынаецца самае цікавае: «Олеся Грущенкова добавила, что во время работы ориентировались на создание образа романтика-революционера:

«Мы в Интернете нашли снимки Коласа разных годов и попытались создать собирательный портрет» (крыніца: Брестская газета).

Пошук матэрыялаў, абмежаваны сусветным сецівам, нагадвае стварэнне вучнёўскіх рэфератаў. Коласазнаўцы засталіся па-за ўвагай скульптараў. Музей класіка з багатымі фондамі для сямейнай парачкі хіба таксама не існуе?

А самае галоўнае: не быў далучаны да справы сын вялікага беларускага паэта – Міхась Канстанцінавіч Міцкевіч, які не гледзячы на сярэдзіну свайго дзевятага дзесятка, з’яўляецца актыўным папулярызатарам творчасці славутага бацька. Аўтары вырашылі ісці па шляху найменшага супраціву – вучнёскім шляхам, быццам бы пісалі рэферат на заўтрашні ўрок, скарыстаўшыся сістэмай Google.

І што ў выніку атрымалася? На бюсце паўстаў зусім не той чалавек, які настаўнічаў у Люсіне.

«У глуш Палесся» будучы класік беларускай літаратуры прыехаў безбародым юнаком, з пушком над верхняй губой. Захаваўся адпаведны здымак. Самае цікавае, гэта выява лёгка даступная ў Інтэрнеце. Вось як выглядаў Якуб Колас «у няпоўныя дваццаць»!

Дамо слова і самому класіку, які, як мы ведаем, з’яўляецца прататыпам свайго галоўнага героя Андрэя Лабановіча. І каб чытач не сумняваўся ў тоеснасці літаратурнага героя і жывога чалавека, прывядзём наперад словы прызнання Якуба Коласа: “Лабановіч – мой двайнік. Выдуманага ў яго паводзінах і характары нічога няма” (Збор твораў, Мінск, 1978, Т. 14. С. 73).

Які ж здымак быў узяты ў аснову аўтарамі бюста?

Шляхам параўнання можна здагадвацца, што гэта фота 1908 г. Тут Канстанціну Міцкевічу 26 гадоў. Шэсць гадоў, як скончыў семінарыю, і чатыры гады, як пакінуў Люсіна. А наперадзе – тры гады зняволення.

Вольна абышліся з класікам скульптары. Вольна. Але, аказваецца, нават пры такім вольным абыходжанні, вучнёўскім вывучэнні матэрыялаў (праз Інтэрнет), аўтары, па іх словах, мелі цяжкасці:

«…Особенно тяжело нам дались руки: мы пересмотрели десятки фотографий песняра, но не нашли ни одной, где бы он скрещивал их на груди, – а ведь мы хотели запечатлеть его именно в этой позе. Пришлось обращаться за помощью к натурщику» (крыніца: “Знамя юности», 9-15 верасня, 2011. С. 11).

Кепска шукалі. Звярнуліся б да коласазнаўцаў, ці ў музей, ці да Міхася Канстанцінавіча – і праблема была б у момант вырашана. Здымак Якуба Коласа са складзенымі на грудзях рукамі ёсць. І гэта не нейкае таемнае фота, а досыць распаўсюджаная і вядомая выява, на якой адлюстраваны паэт адразу пасля выхаду з турмы.

Штопраўда, то ў Інтэрнеце, здымак не трапляўся. Затое адбітак прысутнічае ў шырока растыражаваным школьным альбоме “Якуб Колас. Жыццё і творчасць” (Мінск: Народная асвета, 1974. С. 48). Аднак, як прызнаюцца скульптары, “ведаў са школьнай і інстытуцкай праграмы пра жыццё і творчасць Якуба Коласа аказалася мала” (крыніца: “ЛіМ, 2011, 2 верасня. С. 5). Як бачым, аўтары не здраджваюць шчырасці. Але так і хочацца сказаць: бягом назад у школку!

І вось што яшчэ дрэнчыць: пальцы. Пальцы на скульптурным увасабленні Якуба Коласа атрымаліся, як у піяніста. Альбо натуршчык з такімі трапіўся? Сялянскія тыпажы звычайна з грубай, шырокай далонню, кароткімі, моцнымі пальцамі. Менавіта такія былі і ў Якуба Коласа – спадчыннага селяніна.

Дужага настолькі, што не меў сабе роўных па перацягванні на пальцах (нават тады, калі стаў займацца ў асноўным інтэлектуальнай працай). Сведчанняў пра тое, якімі былі пальцы ў паэта, процьма. Яны ёсць у любімым аўтарамі бюста Інтэрнеце (для пацверджання прыводзім далей пару прыкладаў, на якіх выразна відаць генетычны характар кісцей Якуба Коласа).

Нямала такіх здымкаў і ў згаданым вышэй школьным альбоме (с. 123, 138, 143, 145, 152, 157 і інш.). Зрэшты, у музеі захоўваецца пасмяротная маска паэта, якая ахоплівае і выразна адлюстроўвае ягоную кісць.

Нашто ж, аўтары прызналіся?! Ніколі не паглядзеў бы на тыя рукі, а паглядзеўшы не падумаў бы, што скульптары так нягегла абышліся з увекавечаннем народнага паэта. Нашто ж яны адкрыліся ў сваёй залежнасці ці абмежаванасці Інтэрнетам? І тым самым падштурхнулі падумаць пра вынік іх работы дзяржаўнага заказа. Нашто яны насмяшылі Коласам?

 

Новости

Материалы по теме
Из рубрики
Top