weather

USD 2.5335

EURO 3.0246

RUR(100) 3.5033

search

Знойдзены ўнікальны ліст люсінцаў да Якуба Коласа

Унікальны і дагэтуль невядомы ліст жыхароў вёскі Люсіна народнаму паэту знойдзены на днях у архіве музея Якуба Коласа. У кароткім пасланні вяскоўцы просяць дапамагчы пабудаваць школу. Канверт датаваны 26 снежня 1948 года. Тэкст ліста, які захоўваецца ў фондах музея пад нумарам КП-13534, публікуецца ўпершыню.

Знойдзены ліст люсінцаў да народнага паэта не толькі пралівае святло на старонкі мінулага вёскі і жыцця класіка, але і выступае нібыта падарунак з нагоды слаўных юбілеяў. Сёлета спаўняецца 130 гадоў з дня нараджэння Якуба Коласа і 110 гадоў з тых пор, як ён у якасці настаўніка ступіў на зямлю вёскі Люсіна. 

Выклікае цікавасць структура і змест ліста. Пасля разгорнутага прывітання люсінцы апісваюць актуальную сітуацыю са школьнай асветай у вёсцы, дзе яшчэ стаяла школа, у якой працаваў малады Канстанцін Міцкевіч. Аднак будынак быў ужо непрыгодны для навучання звыш 200 вучняў, для якіх даводзілася арганізоўваць заняткі ў непрыстасаваных памяшканнях (звычайных сялянскіх хатах) у дзве змены.

Люсінцы, відаць, пашкадавалі час Якуба Коласа. Інакш яны маглі б распісаць становішча са школьнай асветай у іхняй вёсцы больш падрабязна. А яно не радавала нават у параўнанні з іншымі школамі раёна. Так, ганцавіцкая раённая газета “Сялянская праўда” (далей – СП) ад 9 снежня 1948 г. паведамляе, што па забеспячэнні школ падручнікамі і сшыткамі “горш усяго справа абстаіць у Люсінскім сельсовеце”.

Коласу – «большевіцкае прывітанне!»

Перш чым падступіцца да просьбы, жыхары вёскі Люсіна падкрэсліваюць сваю лаяльнасць да савецкай улады і ўведзеных ёю эканамічных парадкаў: кажуць, што цалкам разлічыліся з падаткамі. Сапраўды, на сялян у той час былі ўскладзены з боку Саветаў паборы вельмі значныя (большыя ў параўнанні з польскім часам), што для некаторых стала ношай непасільнай і пры невыкананні выклікала пакаранне ў выглядзе штрафаў, экспрапрыяцыі маёмасці і хатняй жыўнасці, а часам нават высылкі ці зняволення. Тым не менш люсінцы справіліся, як яны самі паведамляюць у лісце, з гэтай эканамічнай перашкодай.

Праўда і падман

Аднак тое паведамленне вяскоўцаў пярэчыць афіцыйным дадзеным, апублікаваным у ганцавіцкай раёнцы. Прычым менавіта люсінцы па нясплачванні падаткаў называюцца аўтсайдарамі ў сваім раёне: “Патрэбна адзначыць, што ў раёне выкананне фінансавага плана 4 квартала праходзіць нездавальняюча. На 20 кастрычніка квартальны план мабілізацыі грашовых сродкаў па раёне выкананы толькі на 15,5 процанта. Асабліва нездавальняюча праходзіць выкананне фінансавага плана ў Люсінскім сельсовеце” (СП, 1948, 24 кастрычніка).

Гэтай праблеме ў в. Люсіна прысвячаліся і асобныя артыкулы на старонках “Сялянскай праўды”. За ўвесь 1948 год па стане на люты 1949 года нядоімкі жыхароў Люсінскага сельскага савета склалі 47 тыс. рублёў (СП, 1949, 10 лютага). Спагнанне доўгу з сялян (а ён у некаторых даходзіў да 2 тысяч рублёў) працягвалася. З цягам часу ўсё ж сітуацыя па выплаце падаткаў люсінцамі сапраўды пачала выпраўляцца, таму на старонках мясцовай прэсы сталі з’яўляцца і станоўчыя нататкі на гэту тэму (СП, 1949, 13 сакавіка). Але гэтак адбылося ўжо багата пазней напісання ліста да Якуба Коласа, якому падпісанты ліста, такім чынам, сітуацыю і сябе ў ёй рэпрэзентавалі значна прыфарбавана, фактычна казалі няпраўду (пры ўмове, што яны пісалі ад шырокага кола люсінскай грамады, як гэта нібыта падаецца ў тэксце пісьма, а не ад падпісантаў асабіста, якія маглі сапраўды і не быць даўжнікамі ў дзяржавы). Напэўна, у гэтакі спосаб хацелі наблізіцца да мэты.

А вось стараннасць люсінскіх настаўнікаў вылучалася на агульным фоне іншых школ. Прынамсі, раённая газета ім прысвяціла некалькі пахвальных радкоў: «Нядрэнных вынікаў у гэтай благароднай і пачэснай рабоце (ліквідацыі непісьменнасці і малапісьменнасці. – А. Т.) дабіліся настаўнікі і культармейцы Люсінскага сельсовета. Абучэннем тут ахоплены ўсе непісьменныя і малапісьменныя. З пачатку навучальнага года ў сельсовеце абучана грамаце 98 чалавек. Лепш другіх праводзяць работу па абучэнню непісьменнага і малапісьменнага насельніцтва Беленкова Т.Я., Хмялеўскі М.І., Галай Н.І., Пазднякова Е.А., культармейцы Амельяновіч С.А., Семановіч М.І., Барташэвіч Г.М., Занько Г.І.” (СП, 1948, 24 лістапада)».

Сталінскую «пяцігодку» за чатыры гады!

Пад канец ліста вяскоўцы зноў падкрэсліваюць сваю прыхільнасць да палітычнага курсу таго часу, калі панавалі жорсткія сталінскія парадкі, калі нават нейтральная пазіцыя адносна ўлады магла расцэньвацца як падазроная, бо чалавеку неабходна было ўвесь час выяўляць сваю добранадзейнасць да Саветаў (асабліва гэта датычылася “заходнікаў” і тых, хто перажыў нямецкую акупацыю). “Мы не пашкадуем ні сіл, ні здароўя на заканчэнне сталінскай пяцігодкі ў 4 гады і хутчэйшаму пераходу да камунізма”, – напісалі люсінцы. Усё дзеля дасягнення мэты – паставіць урэшце ў вёсцы нармальную школу для сваіх наступнікаў. Хто тых вяскоўцаў мог зразумець лепей, калі не самы вядомы для таго гістарычнага моманту на Беларусі педагог – народны паэт Якуб Колас?!

Люсінцы просяць пабудаваць школу

Прашэнне палескіх вяскоўцаў выражана немудрагеліста: адным сказам яны просяць пабудаваць у наступным навучальным годзе васьмігодку. Тут, праўда, узнікае пытанне, чаму гаворка ішла пра васьмігодку, пераход на якую – з сямігодкі – у савецкай сістэме адукацыі пачалі ажыццяўляць толькі праз дзесяць гадоў – у 1958 г. Дагэтуль структура школьнай асветы ў СССР была наступнай: пачатковая школа – 4 класы, базавая – 7, сярэдняя – 10.

Аднак, сапраўды, на такую вялікую вёску пачатковай школы яўна не хапала. Можна меркаваць, што, акрамя дэклараваных у лісце 200 вучняў 1 – 4 класаў (гэта значыць ад 7 да 11 гадоў), было недзе столькі ж патэнцыйных вучняў 5 – 8 класаў. А з улікам таго, што пасля вайны наспяваў дэмаграфічны выбух, то нават васьмігодка падаецца вельмі сціплым рашэннем праблемы.

Вялікі пясняр, як апошняя надзея

Ліст сведчыць, як моцна, прагна вясковы люд цягнуўся да святла навукі. У фармулёўцы просьбы звяртае на сябе ўвагу яе пачатак: “Мы яшчэ раз звяртаемся да Вас, а таксама да партыі і ўрада…”. Фраза “яшчэ раз” можа ўказваць на наяўнасць падобных зваротаў (прынамсі аднаго) да тых самых адрасатаў і раней. Аднак ранейшых такіх жа дакументаў, эпісталярных прашэнняў у архіве Якуба Коласа пакуль не выяўлена. Не выключана, што іх і не было, а згаданая фраза мела на ўвазе выражаную ў іншай (напрыклад, вуснай) форме аналагічную просьбу вяскоўцаў, адрасаваную ўладам.

Гэтае ж пісьмо, такім чынам, стала ці не першым за доўгія-доўгія гады кантактам люсінцаў са сваім былым настаўнікам. І штуршком для пісьмовага звароту вяскоўцаў да народнага паэта паслужыла вострая неабходнасць у грамадскай установе асветы.

Дарэчы, гісторыя перапіскі люсінцаў з народным паэтам Якубам Коласам завязалася няпростая. Яна мела каларытны працяг. Але рамкі газетнага артыкула вымушаюць далейшы аповед перанесці на наступны нумар.

Из рубрики
Top