weather

USD

EURO

RUR(100)

search

Паклалі новы асфальт – хутка будуць мяняць трубы

Гэтае выказванне ўжо можна лічыць народнай прыкметай. Чарговае падцверджанне ганцаўчане на свае вочы ўбачылі на гэтым тыдні ў мікрараёне на вул. Заводскай у Ганцавічах.

Заасфальтаваную не так даўно стаянку каля магазіна “Алімп” у мікрараёне перакапалі, каб пракласці трубы. Па словах аднаго з работнікаў арганізацыі-падрадчыка з Брэста, якая займаецца заменай труб, іншага выйсця не было. “Думалі, што выцягнем іх, не парушаючы асфальтавае пакрыццё, але аказалася, што жалабы, у якіх ляжаць трубы, былі праламаныя і заваленыя”, – адказаў рабочы.

І хоць стараліся падрадчыкі, акуратна выразаючы кускі асфальту, каб потым пакласці іх назад, ганцаўчане з суседніх дамоў засталіся незадаволенымі. “Калі гэты бардак скончыцца? Чым думалі мясцовыя чыноўнікі, якія ведалі, што трубы зношаны, у хуткім часе трэба іх мяняць. Не! Трэба было адчытацца, паклалі асфальт, а зараз раскапалі яго! – выказваў незадаволенасць адзін з жыхароў “афганскага” дома №3 з вул. Заводскай. – Гэтыя кавалкі, што яны пакладуць, з часам прасядуць, лужыны будуць, а праз год-другі выбоіны і яміны з’явяцца”.

Гэта ўжо не першы выпадак, калі так не па-гаспадарску выкідваюць грошы. А былі выпадкі, што сотні мільёнаў рублёў закопвалі ў землю. Яскравы прыклад – вуліца Камуністычная. Дырэктар ЖКГ Віктар Берка некалі прасіў старшыню райвыканкама не класці там асфальт, бо водаправодныя трубы там зусім праржавелі. Але былы кіраўнік раёна і слухаць не захацеў. На той час 200 млн рублёў пайшло на асфальт, і за адну зіму камунгасаўцам прыйшлося ў шасці кропках на вул. Камуністычнай раскопваць асфальт і рамантаваць парывы.

І галоўнае, што за гэта ніхто не нясе адказнасці Ці, можа, справядліва, калі прымаўка народная, то хай народ і адказвае?

Новости

Из рубрики
Top