search

Аб’яднання СВК «Будча» і «Лань» не будзе: будчакі супраць

Ні просьбы, ні ўгаворы, ні яскравыя аргументы старшыні СВК “Будча” Сяргея Мышкаўца і кіраўніка раёна Аляксандра Саланевіча і нават галасаванне з дзвюх спроб не прынеслі станоўчага выніку па лёсавызначальным пытанні. На пазачарговым агульным сходзе, які адбыўся 2 лістапада, работнікі сельгаскааператыва адверглі прапанову кіраўніцтва і выказаліся супраць аб’яднання з СВК “Лань”.

Першым выступіў старшыня СВК “Будча” Сяргей Мышкавец.

«Узважыўшы за і супраць, плюсы і мінусы, я лічу, што рэарганізацыя нам неабходна, – сказаў Сяргей Мікалаевіч. – Эканамічная сітуацыя не самая лепшая, па крэдыту за ферму запазычанасці 14 млрд рублёў, 9 млрд за крэдыты на будаўніцтва бульбасховішч і 96 мільёнаў рублёў райфінаддзелу райвыканкама».

Па яго словах, будуецца новая ферма, зернесушыльшы комплекс, бульбасховішча на 1000 тон, усё гэта не без удзелу дзяржавы.

«Гэта ўсё, каб стварыць умовы ў нашым населеным пункце, каб не выязджалі людзі, працавалі і атрымлівалі дастойную зарплату. Але не хапае сваіх сельгаснадзелаў і аб’яднанне – гэта рашэнне гэтай праблемы», – сказаў старшыня.

Праўда, пры гэтым ён не хаваў, што цяжкасці будуць, павялічыцца нагрузка, але адпаведна будуць павышаны і зарплаты тых, у каго павялічыцца нагрузка.

У выступленнях было адзначана, што СВК “Лань” прыняў рашэнне лагічнае і прагматычнае – зарплата ў Будчы значна вышэйшая, таму ёсць спадзяванне, што і тыя 66 работнікаў СВК “Лань” пры аб’яднанні будуць атрымліваць больш, чым зараз.

А вось работнікі СВК «Будча» не хацелі аб’ядноўвацца. Узгадваючы кожнаму вядомую з дзяцінства карціну “Бурлакі на Волзе”, многія з іх «убачылі» сябе ў падобнай карціне “Будчакі на Лані”, толькі вось розніца ў тым, што ім прыйдзецца на сваіх плячах цягнуць адсталы калгас.

«Каму трэба гэтае аб’яднанне? Нам яно не трэба. Некалі будчакі ўжо былі з чудзінцамі ў адным калгасе і пасля раздзялення мы засталіся ні з чым, – выказаўся на сходзе член сельгаскааператыва Аляксей Савеня. – Вы кажаце, што зямлі нам не хапае, кармоў? Дык мы толькі першы ўкос убіраем, а травы яшчэ колькі сядзіць і зараз? Мы задыхаемся, людзей у нас не хапае гэтую зямлю абрабляць, пенсіянераў просім, а хто праз некалькі гадоў тут рабіць будзе?»

Шмат аргументаў прыводзіў старшыня Ганцавіцкага райвыканкама Аляксандр Саланевіч, каб члены кааператыва зразумелі неабходнасць аб’яднання. Галоўнымі аргументамі было тое, што ў Будчы будуецца новая ферма на 765 галоў, спатрэбяцца новыя плошчы зямель, каб забяспечыць гаспадарку кармамі, патрэбна развіваць малочную галіну на новым абсталяванні, каб выпускаць прадукцыю, якая адпавядае еўрапейскім стандартам.

Будчакам нават расказалі пра макраэканамічную палітыку, а менавіта пра тое, што ў сувязі з уступленнем галоўнага імпарцёра малочнай прадуцыі – Расіі – у сусветную гандлёвую сетку, СВК “Будча” не зможа выпускаць канкурэнтназдольны тавар.

Угаворваў і прасіў прагаласаваць за рэарганізацыю і старшыня Сяргей Мышкавец: «Нам дзяржава вельмі многа дапамагае, таму падтрымайце маё рашэнне».

І усё роўна работнікі СВК “Будча”, дзе сярэдняя зарплата больш за 3 млн рублёў, а некаторыя атрымліваюць і па 5 млн і нават 10 млн рублёў, не хацелі галасаваць за далучэнне.

Накал дасягнуў эпагею, калі стала відавочна, што калгаснікі не паддаюцца на ўгаворы і не хочуць аб’яднання, і нават на выдзяленне дзяржаўнай дапамогі ў памеры 16 млрд рублёў яны не купіліся.

Агульны “адабрямс”, як у іншых калгасах, з будчакамі не прайшоў. Нездарма пайшла показка “будчакі – народ такі”. Старшыня СВК “Будча” паставіў пытанне на галасаванне, і толькі некалькі чалавек паднялі рукі “за” аб’яднанне. Затое супраць – узняўся “лес” рук.

«Адно мы трохі выбіліся ў людзі, а нас зноў топяць!» – сказаў з месца мужчына.

«Будча нічога не губляе, дойны статак будзе ў Будчы, а маладняк у Чудзіне. У вас асноўная прадукцыя малако, у месяц вырабляеце на 500 мільёнаў (летам на 700 млн) рублёў, з якіх 400 мільёнаў ідзе на зарплату. Без дапамогі дзяржавы вы не зможаце выжыць, але каб атрымоўваць дапамогу, то трэба, напэўна, прымаць і нашы рашэнні. – прыводзіў зноў аргументы А. Саланевіч. – Гэта толькі ў Ганцавіцкім раёне засталіся дробныя гаспадаркі, у астатніх раёнах ужо даўно прайшлі аб’яднанні. Кіраўнічы склад павінен быць не больш за 10%, а ў Будчы на чатырох працуючых пяты начальнік».

Каля гадзіны ішла палеміка, гучалі пытанні і адказы. Кіраўнікі знаходзілі важкія аргументы, а прысутныя работнікі новыя прычыны сваёй нязгоды.

«Вы кажаце пра новыя кароўнікі. А вы падумалі, хто тут застанецца?» – сказаў адзін з механізатараў.

На гэта кіраўнік раёна адказаў: «Дык, можа, нам сёння скласці рукі і зусім нічога не рабіць? Прыйдуць людзі і будуць рабіць, і будзе нармальна працаваць гаспадарка. Паверце, зменіцца сітуацыя».

Тады з месца запыталася жанчына: «А навошта ў Чудзіне аграгарадок зрабілі, калі дзеці адтуль ездзяць да нас на танцы?»

Бясконцасць пытанняў накаляла абстаноўку, але А. Саланевіч, хоць і не хаваў эмоцый, але стараўся спакойна і аргументавана адказваць на пытанні:

«О госпадзі мой! І які там сёння аграгарадок? Праехаць па Чудзіне немагчыма… Можна я не буду адказваць на гэтае пытанне? Я не быў тады і не ведаю…»

А пытанні наўздагон «А дзе ж тады дзеліся грошы?», канешне, ставілі ў тупіковую стіуацыю. Аграгарадок будаваўся яшчэ пры бытнасці былога кіраўніка Уладзіміра Столяра, і чаму аграгарадком зрабілі Чудзін, а не Будчу, зразумець цяжка.

Але пытанне аб’яднання было адным і галоўным, таму Аляксандр Паўлавіч ізноў пераходзіў да аргументаў. «Мне патрэбна ехаць і прасіць у губернатара 16 млрд рублёў, каб дабудаваць ферму. Скажыце, як я пайду прасіць на гэтую ферму? Навошта яе будаваць, калі кармоў вы не здолееце нарыхтаваць? У 2 тысячы гектар столькі грошай укладваць?»

Аднак у вяскоўцаў былі свае разлікі і планы. Па словах аднаго з спецыялістаў, зямлі ў іх дастаткова, каб забяспечыць кармамі больш за 2500 галоў жывёлы, а калі мала будзе, то ў Чудзіне ўсё роўна пуставаць будзе, ці ва ўрочышчы Бабовішчы – няхай СВК “Будчы” і выдзеліць.

Прысутныя з раёна ўжо пачалі па-іншаму ставіць пытанне, не пра аб’яднанне, а фактычна пра недавер старшыні Сяргею Мышкаўцу. І гэтай спробе маніпуляцыі будчакі адразу далі адпор.

«Мы шкадуем свайго старшыню! Ён малады, трэба, каб ён з намі рабіў, а ў Чудзіне не хочуць рабіць, там ведаеце якія людзі? А яго ў яму заганяюць? Нашто нам такое?» – сказала адна са спецыялістаў СВК.

Другая спроба галасавання пасля невялікага перапынку не змяніла рашэння агульнага сходу СВК “Будча”, хоць у другі раз за далучэнне СВК “Лань” на некалькі чалавек прагаласавала больш.

«Вы прынялі рашэнне – гэта ваша права, я не кіну СВК “Лань” і тыя грошы, уся фінансавая дапамога, якую я планаваў даць на развіццё СВК “Будча”, пойдуць ім», – сказаў Аляксандр Саланевіч.

Правільнае рашэнне прынялі будчакі ці не, пакажа час. Але адчайвацца яны не збіраюцца. «Калі мы дабіліся, каб нам царкву адчынілі, то і ферму даб’емся, каб дабудавалі. Не прападзем!» – сказаў Анатоль Савеня.

Новости

Материалы по теме
Из рубрики
Top