weather

USD 2.5136

EURO 2.9597

RUR(100) 3.4096

search

Аграрны год завяршыўся святам

Грандыёзным святам з віншаваннем перадавікоў, выставай сельскагаспадарчай тэхнікі і асеннім кірмашом, зладжаным сельскагаспадарчымі кааператывамі на галоўнай плошчы горада, адзначылі аграрыі ў мінулую суботу, 17 лістапада, прафесійнае свята – Дзень работнікаў сельскай гаспадаркі і пераапрацоўчай прамысловасці АПК.

Упершыню на плошчы была арганізавана прэзентацыя падворкаў кожнага сельскагаспадарчага кааператыва раёна, дзе гасцей віталі песнямі пад гармонік, частавалі блінамі, чаркай і шкваркай ды разнастайнымі асеннімі прысмакамі. Непаўторнасць кожнаму падворку надавалі арыгінальныя «выявы» гаспадароў, зробленыя з гарбузоў ды тканіны, а таксама прывабныя фігуры запрэжаных конікаў. Многія гараджане, асабліва дзеці, з ахвотай снавалі па падворках, каб сфатаграфавацца з цікавымі фігурамі ў сельскім інтэр’еры. Дарослыя найбольш цікавіліся прадукцыяй, якую выставілі працаўнікі гаспадарак на сваіх падворках, дзе можна было пачаставацца беларускімі стравамі. Напрыклад, СВК “Бярозавец” парадаваў гасцей дастойным асартыментам фірменнага малака, і сюды з цікаўнасцю зазіралі прыхільнікі каштоўнага напою. “Я ж тут нарадзілася, сярод гэтых цудоўных людзей”, – шчыра выказалася госця свята Аляксандра Шапялевіч і з захапленнем папазіравала камеру. Шумна, бы на вяселлі, было і на падворку СВК “Агарэвічы”, дзе працаўнікі калгаса забаўлялі людзей жывой музыкай гармоніка.

Не менш людна было і на выставе тэхнікі. “О, сагналі з усяго раёна”, – пажартаваў адзін з сталых гараджан, які не адзін год адпрацаваў на трактары. Сярод прыгожых вымытых трактароў снавалі дзеці. Яны паднімаліся па прыступках на камбайны, у кабіны трактароў і з задавальненнем фатаграфаваліся.

А пакуль маладое пакаленне ды дарослыя гараджане бавілі час на выставе, для перадавікоў гаспадарак Ганцавіцкага раёна ў ГДК пачалося ўрачыстае ўручэнне дыпломаў, грамат ды грашовых прэмій. Гэты год быў асабліва шчодры – узнагароды атрымалі сотні калгаснікаў. Некаторыя паднімаліся на сцэну па некалькі разоў. Сярод узнагароджаных: Таццяна Ваўчок (СВК “Хатынічы), Вячаслаў Ярашэвіч (СВК “Будча”), Якаў Валуевіч (“Райаграсервіс”), Сяргей Снарскі (СВК “Агарэвічы), Дзмітрый Гарадзецкі (СВК “Любашава”) і іншыя. Каб назваць ўсіх перадавікоў, газетнай старонкі было б мала.

Кіраўнік раёна Аляксандр Саланевіч, начальнік райсельгасхарчу Юрый Лелес і іншыя гаспадары свята шчыра віншавалі ўсіх працаўнікоў сельскай гаспадаркі, таму што агульны вынік залежыць ад унёску кожнага працаўніка. “Справедливо гласит народная мудрость: “Любое дело человеком ставится и человеком славится”, – адзначыў Аляксандр Паўлавіч. Па яго словах, поспехі на сельскай ніве даюцца нялёгка, а галоўным застаецца адно: каб добра жыць, трэба сумленна працаваць.

Из рубрики
Top