weather

USD 2.5136

EURO 2.9597

RUR(100) 3.4096

search

Ганцавіцкія бабулі далі фору буранаўскім, альбо Як нігерыйцы наш фальклор вывучалі

Першае ўражанне ад чарговага свята цыкла «Рух зямлі» ў абласным грамадска-культурным цэнтры (АГКЦ) – фальклорам у Брэсце цікавяцца цемнаскурыя студэнты-нігерыйцы, кітайцы ды пенсіянеры. Менавіта яны складалі большасць залы ў апошні дзень перад Піліпаўкай. Між тым народныя калектывы з Ганцаўшчыны – «Хатовічы» з Хатыніч і «Завіца» з Раздзялавічаў – жаданыя госці любых рэспубліканскіх фестываляў, і нават у Польшчы.

«Хатовічы» і «Завіца» ўдзельнікі чарговага свята цыкла «Рух зямлі» ў Брэсце
«Хатовічы» і «Завіца» ўдзельнікі чарговага свята цыкла «Рух зямлі» ў Брэсце / Фото: Мікалай Чабяркус

Госці з далёкага райцэнтра прывезлі самабытныя абрады, якія захаваліся толькі ў названай мясцовасці. Найбольш рэдкі — «рэкруты», які рэпрэзентавалі раздзялавіцкія жанчыны паважанага ўзросту. Што гэта за цяжкая і доўгая служба, бадай, ведалі толькі продкі. Праводзіны маладога хлопца на сем год у войска выліваліся ў сапраўднае шчымлівае развітанне з удзелам родзічаў і вяскоўцаў («Завіца» – ад залвіца, сваякі). Сам небарака служывы стаяў як з крыжа зняты, так яму не хацелася пакідаць родны кут. Але, па сцэнарыю, яго ўжо чакалі коні і два начальнікі.

Ганцавіцкія бабулі далі фору буранаўскім, альбо Як нігерыйцы наш фальклор вывучалі

Ролю маці рэкрута выдатна выканала адна са старэйшых удзельніц калектыву Соф’я Мікалаеўна Рабцэвіч. Як звычайна, усё скончылася добра – частушкамі, полькай і мілагучнай песняй «Ой, дабранач усім нанач!». Бабулі здзейснілі подзвіг – не толькі дабіраліся за блізкі свет, але і скакалі, як маладыя. Некаторым з іх пад семдзесят! А як умела ў кожнай абвіты аборы (валокі) ля пасталоў! Ну сапраўды, дай раскрутку ды накіруй на «Еўрабачанне», поспех будзе не меншы, чым у славутага ўдмуртскага калектыву.

Ганцавіцкія бабулі далі фору буранаўскім, альбо Як нігерыйцы наш фальклор вывучалі

Рэкрут вяртаўся дадому, жаніўся, у сям’і нараджалася дзіця. Пахрысціць яго па народнай традыцыі, каб меў шчаслівы лёс, – цэлая навука. Яе сакрэты і адкрылі гледачам удзельнікі фальклорна-этнаграфічнага народнага калектыву «Хатовічы».

Ганцавіцкія бабулі далі фору буранаўскім, альбо Як нігерыйцы наш фальклор вывучалі

У адной жанчыны запытаўся: чаму такое несупадзенне назвы калектыву з вёскай Хатынічы?

— А так яе яшчэ Якуб Колас называў, калі настаўнічаў у Люсіна, — тут жа выпаліла субяседніца. – Ён і з нашымі аднавяскоўцамі гутарыў.

Памятаюць жыхары класіка! Не забываюць і беларускую мову. Кажуць, у Раздзялавічах яна напеўная, з оканнем («захавалася, бо вакол былі адны балоты»), у Хатынічах словы больш адрывістыя, быццам карацейшыя, асіміляваныя прыезджымі…

Ганцавіцкія бабулі далі фору буранаўскім, альбо Як нігерыйцы наш фальклор вывучалі

…Ды раптам вяскоўцы схамянуліся, занепакоіліся, што доўга засядзеліся. Прычына важкая — трэба разыходзіцца, «бо пара свіней карміць…». У канцы частавалі гледачоў салодкай булкай з печы, зноў спявалі і танчылі. Ды так, што цемнаскурыя нігерыйцы ледзьве ўседзелі на месцах. Відаць было, ім па тэмпераменту прыйшліся скокі – падэспань, «нарэчанька» і іншыя.

Ганцавіцкія бабулі далі фору буранаўскім, альбо Як нігерыйцы наш фальклор вывучалі

Шмат было ганаровых і салодкіх узнагарод ад начальніка ўпраўлення культуры аблвыканкама Сяргея Панасюка, кіраўніка АГКЦ Святланы Каржук. Нельга не пагадзіцца са словамі загадчыцы аддзела традыцыйнай культуры АГКЦ Ларысай Быцко, якая вядзе праект з 2009 года.

Ганцавіцкія бабулі далі фору буранаўскім, альбо Як нігерыйцы наш фальклор вывучалі

Гэтыя людзі багатыя ўжо таму, што носяць у сабе такі вялізны скарб, як народная культура, — сказала суразмоўніца. – Дзякуючы гэтаму мы маем сваё аблічча – аблічча беларусаў. Таму рэкамендуем кожнаму падобнаму калектыву ствараць «калектывы-спадарожнікі», каб як мага больш прыцягваць моладзі.

Из рубрики
Top