weather

USD 2.5136

EURO 2.9597

RUR(100) 3.4096

search

Ветэран хацеў бы зноў сустрэцца з Лукашэнкам

З пустымі абяцанкамі, якія не выконваюцца больш за пяць гадоў, сутыкнуўся адзіны ветэран Вялікай Айчыннай вайны Іван Казак з в. Хатынічы, які быў у маладосці перадавіком калгаса. Ветэран абураны, што мясцовая ўлада ігнаруе яго просьбы замяніць некалькі праслаў плота.

Іван Казак спадзяецца на лепшыя адносіны чыноўнікаў да яго праблем
Іван Казак спадзяецца на лепшыя адносіны чыноўнікаў да яго праблем / Фото: Ірына Дамарацкая

«Хіба я гэтага не заслужыў? Ну колькі ж можна прасіць… Старшыня сельсавета, як убачыць, то адварочваецца. Лянуецца лішні раз зайсці. Мяне на смех паднімае. Я ж за ўсё жыццё ні разу нікога не падмануў, а сёння яны з мяне здзекуюцца», – пажаліўся Іван Казак. Аб гэтай сітуацыі на гарачую лінію «ГЧ» на мінулым тыдні паведаміла дачка ветэрана, якая жыве ў г. Ганцавічы, пенсіянерка Таццяна Адамовіч. Яна расказала, што яе 86-гадовы бацька Іван Андрэевіч Казак, адзіны ветэран у Хатынічах, ужо з дзясятак гадоў спадзяецца, што да Дня Перамогі ў якасці падарунка ён атрымае не калбасу з гарэлкай, а яму дапамогуць загарадзіць каля дома плот ды прыбраць рэшткі хлява.

Ветэран расказаў, што ён ніколі не шукаў лёгкіх шляхоў. Два гады яго маладосці забрала вайна. Ён разам з сотнямі землякоў у чэрвені 1944 года адправіўся ў Польшчу, дзе дапамагаў будаваць масты, пераправы, мініраваць і размініраваць тэрыторыю. “Цяжка ўспамінаць тыя гады, бо рускім салдатам цяжка жылося. Есці не было чаго, марожаную рыбу смакталі. Бульбу ў вядры варылі. Добра, што Амерыка карміла, інакш зусім цяжка было б”, – са слязьмі на вачах успамінаў Іван Андрэевіч. Ён распавёў, што служыў радавым стралком ў 48 стралковым батальёне. Разам з саслужыўцамі пабываў у Аўстрыі і ў Германіі. Яго ўразіла, што ў Германіі на той момант было вельмі культурнае жыццё. “О, каб мы так жылі, то такога беспарадку, як сёння, у нас не было, б”, – кажа Іван Казак.

З Германіі ветэран разам з сваім батальёнам дабраўся да Мінска на машыне, а там і дамоў. У роднай вёсцы 42 гады працаваў у калгасе сеяльшчыкам, і будаўніком. З калгаса пайшоў на пенсію. Пакуль сам мог спраўляцца па гаспадарцы, нічога ў мясцовай улады не прасіў. Разам з жонкай выгадаваў дваіх дачок. Дочкі даўно жывуць асобна, у Ганцавічах. Каля трох гадоў назад памерла жонка Івана Андрэевіча, стала ўдавой дачка Таццяна, якая зараз на пенсіі. Другая дачка працуе на ААТ “Модуль”, і ёй хутка на пенсію. За дзедам даглядае жонка ўнука, які пражывае ў Хатынічах, ды і дачка Таццяна часта яго наведвае.

Як расказала Таццяна Іванаўна, гісторыя з плотам даўнейшая. Яна расказала, што дзед прасіў старшыню сельсавета Генадзя Перашчука загарадзіць плот каля пяці гадоў назад ці болей. На той час яму прывезлі ў двор штакет, потым жэрдкі і слупы, і з таго часу будматэрыял ляжыць нерухома. “Яны мне пяць гадоў абяцаюць, за нос водзяць. У мінулым годзе перад Днём Перамогі зайшлі старшыня сельвыканкама Перашчук і ўжо былы старшыня калгаса Куратнік, кажуць, мы табе да Дня Перамогі пабудуем плот. Ну, вось два гады мінула, святы прайшлі, а яны свае абяцанкі не выканалі”, – сказаў Іван Казак.

“Вось старшыня калгаса цяперашні малайчына, я толькі папрасіў пераараць агарод. Хоць новы чалавек, а пастараўся, і на наступны ж дзень агарод мне перааралі”, – пахваліў ветэран.

Наконт старшыні сельвыканкама сказаў, што яго абыякавасці ўжо нельга цярпець. “Узяў прыслаў алкашоў двух без сякеры, без ніякага інструменту, з пустымі рукамі. Мне прыйшлося іх адправіць, бо цвікоў не было. Ды і хто ж святам платы гародзіць?!” – патлумачыў ветэран.

Пазіцыя кіраўніка сельсавета сапраўды вельмі дзіўная. Генадзь Перашчук, як пачуў канкрэтнае пытанне ад карэспандэнта “ГЧ”, калі будзе ў ветэрана плот, неяк ўзлаваўся і сказаў, што ў ветэрана ёсць дочкі і ўнук, якія маглі б даўно самі загарадзіць. “Мы яму ў гэтым годзе і ў мінулым давалі грошы, дык хай бы і загарадзіў”, – патлумачыў Г. Перашчук. Дарэчы, па словах дачкі, грашовую дапамогу 300000 руб. далі, калі яна напісала заяву. У мінулым годзе дапамога склала 400000 руб.

“Дык гэтыя грошы не памяшалі б на лякарствы, бо дзед жа па адпачынках не ездзіць, а здароўе з гадамі горшае”, – сказала Таццяна Іванаўна.

У сваю чаргу старшыня сельвыканкама Генадзь Перашчук сказаў, што ветэран не быў па-за яго ўвагай. «Я тры разы быў у ветэрана, сельсаветаўскі рабочы адзін раз абкошваў яму сядзібу, вось і агарод яму зааралі з маёй дапамогай», – расказаў Г. Перашчук.

Уразіла пазіцыя дэпутата раённага Савета дэпутатаў, Віктара Дразда, які замест таго, каб разабрацца ў пытанні, паставіў пад сумніў ветэранскі статус Івана Казака, бо ў запісах сельвыканкама той афіцыйна значыцца працаўніком тыла. Віктар Дрозд сказаў, што да яго ветэран не звяртаўся і спешна развітаўся с карэспандэнтам. Такое ўражанне, што ў мясцовай улады нейкія апальныя адносіны да пажылога чалавека, які не па слыху знае, што такое вайна, які пасля вайны не сядзеў на дармавых пенсіях, а зарабіў сабе калгасную.

У савецкія часы Іван Казак, як перадавы сеяльшчык, разам з трактарыстам Андрэем Шамрылам ездзіў на семінар, дзе за руку віталіся з Аляксандрам Лукашэнкам. “Вось бы сёння з ім сустрэцца ды пагаманіць, як з сябрам, – Іван Андрэевіч. – Я б яму расказаў, якую ласку я зарабіў у калгасе”. Па словах ветэрана, сёння лёгка жывецца толькі чыноўнікам, таму, відаць, і дастукацца да іх іншы раз цяжка.

Праўда, адзіны, хто ўважліва выслухаў праблему ветэрана з ліку тых чыноўнікаў, да якіх дазванілася карэспандэнт, – гэта намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Сарокаў. Ён запісаў каардынаты ветэрана, і праз паўгадзіны пасля размовы з ім старшыня сельсавета наведаў ветэрана. Але, на жаль, не для таго, каб зрабіць плот, а толькі каб пацешыць пажылога чалавека наступным абяцанкам, ды яшчэ пасля і папракнуць яго за лішнія турботы.

Гэтыя дарэмныя паходы і разборкі на мінулым тыдні расхвалявалі ветэрана і давялі да адчаю. “Гэта ж чакаюць, пакуль чалавек памрэ. Я каб магла ўкапаць слупы, то даўно загарадзіла б чатыры праслы гэтага плота. Але ж там такія жэрдкі, што іх яшчэ трэба распілоўваць”, – сказала Таццяна Іванаўна.

Па яе словах, каб ветэран быў бацькам якога-небудзь чыноўніка, то даўно зрабілі б плот і павалены хлеў прыбралі б, а як звычайны калгаснік… то хай сам разбіраецца.

Из рубрики
Top