weather

USD 2.5136

EURO 2.9597

RUR(100) 3.4096

search

Ганцавіцкія народныя калектывы берагуць даўніну

З цудоўным настроем і творчым “зарадам” прыехалі народныя калектывы Ганцаўшчыны – «Хатовічы» з вёскі Хатынічы і «Завіца» з Раздзялавіч з чарговага свята цыкла «Рух зямлі», якое прайшло ў абласным грамадска-культурным цэнтры г. Брэста.

Народныя калектывы Ганцаўшчыны – «Хатовічы» з вёскі Хатынічы і «Завіца» з Раздзялавіч
Народныя калектывы Ганцаўшчыны – «Хатовічы» з вёскі Хатынічы і «Завіца» з Раздзялавіч

Удзельнікі гэтых калектываў робяць цудоўную справу – імкнуцца захаваць традыцыі сваіх дзедаў і прадзедаў, з радасцю дзеляцца скарбамі даўніны.

Па словах адной з удзельніц, яны вельмі рады, калі іх куды-небудзь запрашаюць. Як прызналіся самі спявачкі калектыву “Завіца”, ужо толькі таму, што яны пабывалі ў Польшчы, на Украіне, Мінску, Брэсце, можна сказаць, што яны жаданыя госці любых фестываляў.

На гэты раз нашы землякі ў г. Брэсце паказвалі самабытны і ўнікальны абрад, які захаваўся толькі ў нашай мясцовасці. Найбольш рэдкі – «рэкруты», які рэпрэзентавалі раздзялавіцкія жанчыны паважанага ўзросту.

“Што гэта за цяжкая і доўгая служба, бадай, ведалі толькі продкі. Праводзіны маладога хлопца на сем год у войска – гэта сапраўднае шчымлівае развітанне родзічаў і вяскоўцаў. І мы гэта паказалі так, як яно было на самай справе”, – сказала адна з самых актыўных удзельніц раздзялавіцкага калектыву Соф’я Рабцэвіч.

Потым рэкрут вяртаўся дадому, жаніўся, у сям’і нараджалася дзіця. Пахрысціць яго па народнай традыцыі, каб меў шчаслівы лёс, – цэлая навука. Яе сакрэты і адкрылі гледачам удзельнікі фальклорна-этнаграфічнага народнага калектыва «Хатовічы».

Прычым удзельніцы не лічаць, што яны здзяйсняюць подзвіг тым, што могуць вось так паскакаць, як маладыя, бо некаторым з іх пад семдзесят, яны, наадварот, з вялікай ахвотай збіраюцца на рэпетыцыі дома ці ў клубе, а потым едуць усюды, куды б іх ні запрасілі.

“Вось зноў у Мінску будзе праходзіць фестываль, і туды запрасілі нашых бабуль з Раздзялавіч. Нам сказалі, што ўсё роўна, што яны будуць паказваць, абы толькі яны там былі,” – сказаў работнік раённага метадычнага цэнтра культуры Яўген Тамашэня.

Па словах Соф’і Рабцэвіч, сучаснасць вельмі вабіць народ, яна проста вочы запаланіла і дарослым, і дзецям.

Многія імкнуцца па-сучаснаму апранацца (прычым незалежна ад узросту), зрабіць шыкоўную сучасную абстаноўку ў кватэры. Ды і вёскі цяпер не такія, як раней былі. Усё, нават у глыбінках, імкнуцца перайначыць на сучасны манер. “А ў нас сэрца пяе, калі мы бачым, што і наша даўніна патрэбна людзям, што нас слухаюць, паказваюць і цікавяцца нашымі традыцыямі. І паказваем мы не сябе, а нашых продкаў і той скарб, які мелі нашы продкі, а цяпер, на вялікі жаль, усё пачынае губляцца” – гаворыць Соф’я Мікалаеўна.

“Бабулі цяпер баяцца паказаць свой узрост і ператвараюцца ў сапраўдных модніц з такімі пазногцямі, што і Галівуд не дакажа. А дзеці дык увогуле, здаецца, дзецьмі і не бываюць, бо вельмі рана пачынаюць сябе лічыць дарослымі і ў паводзінах, і ў вопратцы. А мы такія, якія ёсць.” – прызнаецца адна з захавальніц традыцый.

Загадчыца раённага метадычнага цэнтра аддзела культуры Ала Занька сказала, што ў Брэсце гледачы нават зрабілі такую выснову: “Дай раскрутку ды накіруй на «Еўрабачанне», поспех будзе не меншы, чым у славутага ўдмурцкага калектыву”.

Ала Святаславаўна адзначыла, што да 2014 года будуць рыхтавацца дакументы, і калектывы «Завіца» і «Хатовічы» папоўняць спіс гісторыка-культурных каштоўнасцей, бо тое, што маюць гэтыя калектывы, непаўторна і індывідуальна.

Нельга не пагадзіцца са словамі загадчыцы аддзела традыцыйнай культуры АГКЦ Ларысай Быцко, што вядзе праект з 2009 года, якая сказала: “Захавальнікаў традыцый трэба пеставаць і насіць на руках”.

Па яе словах, гэтыя людзі багатыя ўжо таму, што носяць у сабе такі вялізны скарб, як народная культура. Дзякуючы гэтаму мы маем сваё аблічча – аблічча беларусаў.

Яна рэкамендуе кожнаму падобнаму калектыву ствараць «калектывы-спадарожнікі», каб як мага больш прыцягваць моладзі.

Але ўдзельніцы праекту зусім не мараць аб славе. Іх не вабяць падарункі, якімі іх узнагароджваюць. Яны пяюць для душы. Але ўсё ж Соф’я Рабцэвіч сказала:“Хацелася б папасці на які-небудзь праект. Мы ўжо прапанавалі, каб нас адправілі на “Песні маёй краіны”, ды нешта не атрымліваецца. Трэба паказаць нашы самабытныя і непаўторныя абрады. Хочацца, каб яны засталіся ў памяці многіх людзей, а не проста недзе пыліліся ў архівах”.

Из рубрики
Top