weather

USD 2.5136

EURO 2.9597

RUR(100) 3.4096

search

Для рыбакоў сезон зімовай рыбалкі багаты на трафеі

Багатымі на трафеі выдаліся мінулыя выхадныя і святочныя дні для ганцавіцкіх аматараў зімовай рыбалкі. Асабліва пашанцавала ганцаўчаніну Івану Заньку і жыхару з вёскі Ганцавічы Андрэю Мелехаўцу.

Багатымі на трафеі выдаліся мінулыя выхадныя і святочныя дні для ганцавіцкіх аматараў зімовай рыбалкі
Багатымі на трафеі выдаліся мінулыя выхадныя і святочныя дні для ганцавіцкіх аматараў зімовай рыбалкі

Ганцавіцкі рыбак Іван Занька ўжо не першы год вызначаецца важкімі ўловамі шчупакоў падчас зімовай рыбалкі і не раз быў героем-рэкардсменам на старонках “ГЧ”. І гэты год не стаў выключэннем. У мінулую пятніцу Іван Канстанцінавіч на вадасховішчы Лактышы злавіў яшчэ адзін трафейны экзэмпляр – шчупака вагай 9,5 кг і даўжынёй 102 см. І хоць гэта не рэкордны ўлоў, але ў гэтым сезоне гэта найбольшы для яго экзэмпляр.

“Я ўжо думаў, што не пашанцуе ў той дзень – і жонцы нават пазваніў, што прыеду раней, бо і абед забыўся дома. Але пра ежу прыйшлося забыцца, калі “загарэўся” сцяжок. На плотачку гэта ён клюнуў. Каля 40 хвілін я змагаўся з рыбінай. 25 метраў лескі то намотваў, падводзячы шчупака да лункі, то размотваў, бо здавацца ён не хацеў, – расказаў “ГЧ” Іван Канстанцінавіч. – Урэшце злаўчыўся і зачапіў багром, але выцягнуць не змог. Рыбіна бокам стала, і ніяк яе не мог развярнуць. Прыйшлося клікаць падмогу. Добра, што побач аказаўся знаёмы Анатоль Сяўрук. Дапамог зрабіць другую лунку і, зачапіўшы другім багром, трафей нарэшце сумеснымі намаганнямі выцягнулі”.

Па словах Івана Занькі, ён рыбачыць ужо 35 гадоў. Штогод бярэ адпачынак у снежні і аддаецца свайму любімаму захапленню. У гэтым сезоне ён ужо выцягваў рыбіны і па 4, і па 6 кг вагой, і меншых. Рэкордны ўлоў Івана Канстанцінавіча таксама з вадасховішча Лактышы – шчупак вагой 13 кг 700 грам.

А ўлоў Андрэя Мелехаўца з в. Ганцавічы 7 студзеня быў у гэтым сезоне адным з самых вялікіх. На Раздзялавіцкім вадасховішчы ён вылавіў шупака вагой больш за 11 кг і даўжынёй 118 см. І на гэты раз у якасці нажыўкі была плотка.

“Можа, і 13 ці больш кілаграм заважыў бы, але калі выцягваў праз вузкую лунку, выціснулася мо літраў тры ікры, – расказвае рыбак. – Але і такога “кракадзіла” я не чакаў, бо на гэтым возеры больш за 3 кілаграмы мне ніколі не ўдавалася злавіць. І на дзіва спрацавала трынаццатая па ліку стаўка. На яе заўсёды сама лепей ловіцца, і лескі там засталося ўсяго 6 метраў з 25. Мо каля гадзіны я стаяў на каленях каля лункі. Толькі падцягнеш – як рване, і не ўтрымаць. Адрэналіну было столькі, што не парадаць словамі. Цягаў я яго, цягаў, ужо думаў, ну, абарве, дык так таму і быць. Але, відаць, рыбіна стамілася яшчэ больш за мяне. Багром зачапіў, пачаў даставаць, а ён адламаўся. Добра, дзед нейкі з Раздзялавіч непадалёк ішоў, паклікаў я яго, і той другі багорчык падаў. Выцягнуў і вачам сваім не верыў”.

Глядзець на трафей прыходзілі і суседзі, і родныя. А некаторым хацелася і сфатаграфавацца. Андрэй, як высветлілася, таксама не навічок, і рыбачыць ужо сёмы год. І кожны год усё большую і большую рыбіну вылаўлівае. У пазамінулым годзе на 6 кг шчупака дастаў, у мінулым на 7 кг выцягнуў.

“Думаў, што ў гэтым добра было і 8-кілаграмовага злавіць. А аказаўся рэкордны экзэмпляр”, – сказаў Андрэй.

Па словах Андрэя Мелехаўца, гэты год для яго пакуль удалы, на «возеры Дзікае» выцягваў шчупакоў па 4, 5, 6 і нават 8,5 кілаграма. Рыбаком хоча стаць і яго сын Дзіма, якому толькі 8 гадоў. І таксама марыць злавіць здаравенную рыбіну.

Вядома ж, на рыбалцы як каму пашанцуе, і не ўсе прыязджаюць з уловам. І як прыманіць рыбу – у кожнага, відаць, ёсць свае сакрэты.

Из рубрики
Top