weather

USD 2.532

EURO 3.0068

RUR(100) 3.4612

search

Эканомная будоўля, або Рэпартаж з круговіцкай фермы

Надоечы пабываў на ферме ў вёсцы Вялікія Круговічы ў разгар яе рэканструкцыі. Пры-знаюся, мяне гэтая так званая рэканструкцыя ўразіла: праўда, не столькі метад яе правядзення, колькі тое, што ўжо хутка здаваць у эксплуатацыю, а тут… Але аб усім па парадку.

Адна з рэканструіруемых ферм. У яе памяшканні засталося толькі заліць бетон
Адна з рэканструіруемых ферм. У яе памяшканні засталося толькі заліць бетон / Фото: Пётр Гузаевский

Хмурны восеньскі дзень, твар адчувае кропелькі імжы. Заходжу на тэрыторыю фермы. У вочы адразу ж кідаюцца шэрыя праёмы ў сценах будынкаў. У іх вымалёўваюцца нейкія цёмныя лініі. Што гэта? Пакуль невядома.

Набліжаюся да будынка, дзе раней размяшчалася “малочная” – на яе месцы, па планах, размесціцца камп’ютарызаваная дойка. Праца ў самым разгары: хутка ж тэрмін здачы, застаўся дзесьці месяц да завяршэння работ.

Адна з рэканструіруемых ферм. У яе памяшканні засталося толькі заліць бетон

Дзесьці ўсё яшчэ заліваецца бетон, дзесьці ўзводзяцца новыя сцены і тут жа разбураюцца старыя. Згадваю час, калі сам працаваў будаўніком, і разумею, што праца толькі ў самым пачатку. Да таго ж нідзе не знайшоў нават пашпарта аб’екта.

Гутару з будаўнікамі, цікаўлюся, колькі часу, на іх думку, спатрэбіцца, каб здаць у эксплуатацыю хаця б дойку.

“Пакуль мы і самі не ведаем”, – адказваюць яны. А Аляксандр Рублеўскі дадае, што на наладку абсталявання гэтай дойкі спатрэбіцца з месяц, калі не больш.

Крочу далей. На пляцы перад былым кароўнікам велізарныя «курганы» з будаўнічага друзу, каля якіх непраходная гразеча. Тут яшчэ можна разгледзець былыя калідоры, але гэта сумнае відовішча: паўсюль толькі сляды разбурэнняў, а каб пабудаваць што – рукі будаўнікоў пакуль сюды не дайшлі.

Далей іду ў цялятнік, дах якога напалову раскрыты. У сярэдзіне на залітым бетоне шарэюць лужыны, на якія праз дзіркі ў даху і сценах трапляе дзённае святло. Заўважаю, што склад, дзе захоўваецца камбікорм і мука, адчынены. “Пэўна, знайду там загадчыцу фермы і даярак”, – разлічваю я і не памыляюся.

Загадчыца фермы Ганна Шостак аптымістычна адзначае, што, на яе думку, рэканструкцыя – з’ява станоўчая: маўляў, «заробак павысіцца, з’явяцца новыя працоўныя месцы». З размовы з загадчыцай таксама становіцца вядома, што сельгаскааператыў «Крышылавічы» браў крэдыт на будаўніцтва і што здача новай дойкі, як запэўнілі калгаснікаў, адбудзецца не пазней, чым 15-га кастрычніка.

Даяркі падтрымліваюць аптымізм загадчыцы. Праўда, толькі пакуль яна побач… Пазней жа скардзяцца, што цэлае лета ніякіх зрухаў у будаўніцтве не было відаць, толькі ўсё разбурылі – нават кароўнік, які ўсяго гады тры таму рэканструявалі. І за нейкія тры тыдні скончыць будаўніцтва дойкі, на іх думку, малаверагодна. «А ўсё, што робіцца на хуткую руку, не бывае трывалым», – разважаюць жанчыны.

“Так, бурыць – не будаваць”, – разважаю па дарозе дамоў і задаю сабе пытанні: дзе будуць зімаваць сёлета круговіцкія каровы? Ці паспеюць будаўнікі завяршыць работу па рэканструкцыі памяшканняў, а наладчыкі абсталявання – па яго ўстаноўцы?

Пасля ўбачанага на ферме настрой адпавядае надвор’ю: сумная, змрочная шэрань, канца якой пакуль не відаць…

На гэтым месцы будзе размяшчацца камп’ютарызаваная дойка

Каментарый «ГЧ»

Як патлумачыў “ГЧ” старшыня СВК “Крышылавічы” Сяргей Хадатчук, рэканструкцыю жывёлагадоўчага комплекса ў вёсцы В. Круговічы праўленне СВК рызыкнула правесці сваімі сіламі, адмовіўшыся ад паслуг будаўнічых арганізацый. Выключэнне склалі толькі невялікія аб’ёмы работ. Старшыня ўпэўнены, што такім чынам будзе зэканомлена некалькі мільярдаў рублёў. “Каб мы карысталіся паслугамі падрадчыкаў, то плаціць у некаторых выпадках прыйшлося б у 3 — 4 разы больш, чым калі мы робім самі. Мы не купілі ніводнай цагліны – усё будуем з таго, што разабралі, стараемся эканоміць на ўсім, і пры гэтым на крок не адыходзім ад патрабаваўнняў дзяржнагляду, — расказаў Сяргей Іванавіч. — А тое, што звонку здаецца, што работы зроблена многа, што ёй не відаць канца, дык гэта, як на любой будоўлі. Завершым будаўніцтва – будзе тут парадак”.

Па словах старшыні, хваляванні жывёлаводаў пра тое, што не будзе куды паставіць кароў, дарэмныя. Адзін кароўнік ужо падрыхтаваны, засталося толькі перавесці цялят на іншую ферму. А дойка да таго, як запусцяць новае абсталяванне, будзе ажыццяўляцца з дапамогай перасоўнай даільнай устаноўкі.

Намеснік старшыні СВК Сяргей Аляксейчык, які, дарэчы, адказны за будоўлю, настроены яшчэ больш аптымістычна. “Тое, што нам засталося зрабіць, — зусім дробязь у параўнанні з аб’ё мамі работ, якія ўжо завершаны. Па будаўнічых работах мы ўкладзёмся ў пастаўленыя тэрміны. Асноўная праца ўжо зроблена, на завяршальнай стадыі будоўля «малочнай», застаецца забетаніраваць плошчы кароўніка, навесіць дзверы — і справа застанецца за ўстаноўкай новага абсталявання. Наладчыкам на гэта спатрэбіцца, магчыма, два-тры тыдні”, — сказаў Сяргей Аляксейчык.

Аптымізм кіраўніцтва СВК “Крышылавічы” абнадзейвае. Калі ім сапраўды ўдасца якасна і ў тэрміны выканаць рэканструкцыю фермы сваімі сіламі і зэканоміць некалькі мільярдаў рублёў, то гэта будзе паказальны момант не толькі ў маштабах раёна. Чакаць засталося нядоўга.

Из рубрики
Top