weather

USD 2.532

EURO 3.0068

RUR(100) 3.4612

search

Ацяпляльны сезон пачаўся яшчэ не для ўсіх

Пакуль два прадпрыемствы, ЖКГ і РУПС, дагаворваліся аб замене часткі цеплатрасы, дзве бабулі мерзлі ў сваіх кватэрах. Дом па Рэвалюцыйнай, 4 разлічаны на двух гаспадароў. У адной з кватэр жыве 89-гадовая Надзея Антонаўна Міранкова, у другой – пенсіянерка, інвалід 2-й групы Ганна Цімафееўна Каралёва. Менавіта яна на мінулым тыдні патэлефанавала ў рэдакцыю і паведаміла аб праблеме.

Пенсіянерка Надзея Антонаўна Міранкова, пакуль камунальнікі вырашалі праблемы з ацяпленнем, нават спала ў хустцы
Пенсіянерка Надзея Антонаўна Міранкова, пакуль камунальнікі вырашалі праблемы з ацяпленнем, нават спала ў хустцы / Фото: Светлана Локтыш

Жанчыны сустрэлі журналіста пры поўным “абмундзіраванні” — у куртцы, паліто. “Так вось маці і спіць: у паліто і з хусткай на галаве. І дроў няма, каб хоць печ прапаліць, шчэпкі па двары збіралі, пару разоў у суседзяў прасілі”, — расказалі дочкі Надзеі Антонаўны, якія прыехалі дамоў на некалькі дзён з Мінска. Сама гаспадыня дадала, што і печ небяспечна паліць: “Бо ёй столькі ж гадоў, як і мне”. Надзея Антонаўна расказала, што яна ўжо звярталася і ў райвыканкам “да нейкай дзяўчынкі” па дапамогу, але безвынікова.

Не падымаецца вышэй за адзнаку +9 градусаў і слупок тэрмометра ў Ганны Цімафееўны. Па яе словах, у пошуках цяпла яна абарвала ўсе тэлефоны ЖКГ. У адказ спачатку чула абяцанкі. Пасля камунгасаўцы сказалі, што парвалася труба, якая ідзе праз будынак РУПС і звязана з іх домам. Раённаму вузлу паштовай сувязі зроблена прадпісанне. “А што нам ад таго прадпісання?! Невядома, што хутчэй да нас прыйдзе: цяпло ці белыя мухі”, — змахнула слязінку з вачэй Ганна Цімафееўна.

Начальнік раённага вузла паштовай сувязі Эдуард Валуевіч здзівіўся, калі даведаўся, што ад цеплапункта да дома жанчын ідуць тыя ж трубы, што і да іх будынка. Эдуард Трафімавіч расказаў, што ў іх пакуль цяпла сапраўды няма, а трубы даўно пара мяняць: яны старыя, і ў мінулым годзе ўжо здараўся парыў. РУПС некалькі месяцаў назад закупіў трубы належнага дыяметра, заключыў дагавор з КУШВП ЖКГ “Ганцавіцкая РЖКГ” на іх замену. “Просім: замяніце! Аднак камунальнікі не спяшаюцца”, — сказаў Эдуард Трафімавіч.

Дырэктар КУШВП ЖКГ “Ганцавіцкая РЖКГ” Аляксей Галяк, з якім мы звязаліся ў мінулую пятніцу, сказаў, што работнікі прадпрыемства адправіліся разбірацца з праблемай на месца. Як стала вядома, пакуль яе вырашаюць, жанчынам-пенсіянеркам камунальнікі прывезлі дроў, каб тыя прапалілі печы.

Паміж сабой сувязісты і камунальнікі, відаць-такі, дамовіліся: у панядзелак работнікі РУПС пракапалі траншэю для новых труб. Калі мы звязаліся па тэлефоне ў аўторак з Аляксеем Фёдаравічам, ён расказаў, што работнікі ЖКГ мяняюць трубы.

P.S. На момант выхаду газеты ў друк ад Ганны Цімафееўны «ГЧ» даведаўся, што пакуль яна яшчэ паліць у печы. Але работы ідуць, запэўніла яна, і камунгасаўцы абяцаюць даць цяпло ў чацвер, 17 кастрычніка, бліжэй да абеда ці пад вечар.

Из рубрики
Top