weather

USD 2.532

EURO 3.0068

RUR(100) 3.4612

search

Непатрэбнае — ва ўнітаз, ці Як мільёны змываюцца ў каналізацыю

Гараджанка Святлана Карпеня паскардзілася на тое, што ў яе кватэры № 22, што ў доме № 5 па вуліцы Заводскай (ЖБВК-34), на працягу двух гадоў час ад часу затапляе каналізацыю. Адтуль  чаго толькі не выплывае, нават памперсы і сурвэткі. Такія сітуацыі, калі жыльцы ўспрымаюць каналізацыю ў якасці смеццяпровада, не адзінкавыя.

Жыхары дома 51 па вуліцы Кастрычніцкай у горадзе Ганцавічы больш за 6 млн рублёў «спусцілі» ў каналізацыю
Жыхары дома 51 па вуліцы Кастрычніцкай у горадзе Ганцавічы больш за 6 млн рублёў «спусцілі» ў каналізацыю / Фото: Виталий Герасименя

У многія кватэры ганцаўчан сёння прыемна зайсці: радуюць багата і з густам аздобленыя пакоі, у якіх зроблены шыкоўны рамонт. Відаць, што не шкадуюць людзі грошай на стварэнне ўласнага камфорту. Вось толькі ці ўсе клапоцяцца і аб камфорце іншых жыльцоў дамоў, асабліва тых, хто жыве на першых паверхах? Не, не ўсе. Інакш бы не парушаліся правілы карыстання жылымі памяшканнямі, не выкідвалася б непатрэбнае ва ўнітаз.

“Іншы раз чаго толькі не знойдзеш у каналізацыйных стаяках і трубах: прадметы асабістай гігіены, харчовыя адходы, газеты, анучы, іншыя рэчы!” — заўважыў майстар участка ВіК КУШВП ЖКГ “Ганцавіцкая РЖКГ” Леанід Кісялевіч. Дырэктар ПУП па аказанні паслуг “МікраСетка” Аляксей Лагвіновіч прывёў канкрэтны прыклад: нядаўна работнікі яго прадпрыемства чысцілі каналізацыю дома № 51 па Кастрычніцкай. У выніку з каналізацыйных труб, акрамя рознай дробязі, дасталі… некалькі кашоў парэзаных яблыкаў, памперсы, вялізныя анучы і два кавалкі тынкоўкі, якія заклінілі каналізацыю. “Акрамя таго, спрабуючы самастойна ліквідаваць праблему — прачысціць трубы — жыльцы прабілі іх ломам”, — дадаў Аляксей Пятровіч.

У сітуацыях, калі засмечваецца каналізацыя, вінаватых знайсці хоць і можна, але складана. Чаму цяжка бывае гора-гараджаніну выкінуць смецце ва ўстаноўленыя ў дварах кантэйнеры ці машыны-смеццявозкі, няхітраму розуму наўрад ці зразумець. Можа, каб не было калі сумаваць без работы камунальнікам? А так ім то каналізацыю ў кватэрах трэба чысціць, то з падвалаў дамоў бруд адкачваць. Увогуле, па словах майстра ўчастка ВіК жыллёва-камунальнай гаспадаркі Леаніда Кісялевіча, чысціць каналізацыю рабочыя прадпрыемства выязджаюць амаль кожны дзень. Найбольш выклікаў паступае з дамоў № 30 па вуліцы Арлоўскага, № 30, 32 па Кастрычніцкай, № 35 па Паркавай, № 3 па вуліцы Будаўнікоў. Леанід Трафімавіч засяродзіў увагу на тым, што асабліва многа «каналізацыйных» праблем ствараюць жыхары новых жыллёва-будаўнічых кааператываў, якія пабудаваны па вуліцах Заводскай і Будаўнікоў. «Атрымліваецца, многія проста не ўмеюць карыстацца каналізацыяй!» — прыходзіць спецыяліст да высновы.

Магчыма, на самай справе некаторыя жыхары думаюць, што калі ўдалося змыць смецце ва ўнітаз, дык труба ў 110 міліметраў (менавіта такі дыяметр труб унутранай разводкі, згодна са стандартамі) глыне гэта і не падавіцца! Аднак яны не ўлічваюць, што труба не паўсюль ідзе вертыкальна: ёсць у яе гарызантальныя ўчасткі, ухілы, загібы, якія не разлічаны, што ў іх трапіць нешта яшчэ, акрамя вады і рэшткаў жыццядзейнасці чалавечага арганізма. У выніку няправільная эксплуатацыя каналізацыі ў дамах часта прыводзіць да таго, што ўсё “дабро”, якое павінна адводзіцца каналізацыйнай сістэмай у спецыяльныя месцы, разліваецца і распаўсюджвае непрыемныя пахі ў тэхнічным падвале дома. Зразумела, прычынай гэтага могуць быць і тэхнічныя няспраўнасці інжынерных сістэм. Аднак яны, па назіраннях камунгасаўцаў, складаюць не больш за 10 працэнтаў ад усіх прычын засмечванняў каналізацыі.

Ці можна якім-небудзь спосабам змагацца з засмечвальнікамі каналізацыі? Некаторыя, напрыклад, ставяць рашоткі ў стаяках над сваімі паверхамі. Аляксей Лагвіновіч не раіць так рабіць. Магчыма, на некаторы час гэта дапаможа: сусед зверху даведаецца, адумаецца, перастане выкідваць непатрэбнае ва ўнітаз. Але праз некаторы час дзіркі рашоткі заб’юць валасы і тлушч, прыйдзецца яе чысціць. А магчыма, суседскі каналізацыйны патоп “працурчыць” і па столі ды сценах таго, хто жыве ніжэй.

“Як людзі не цэняць свае грошы! Нават калі хочуць зрабіць шкоду суседу, дык у выніку шкодзяць сабе!”— здзіўляецца Аляксей Пятровіч і прыводзіць у прыклад жыхароў таго ж 51-га дома па Кастрычніцкай, якім за прачыстку каналізацыйных труб ва ўсім доме і вываз смецця прыйшлося заплаціць больш за 6 мільёнаў рублёў. І гэта яшчэ няшмат, запэўнівае спецыяліст, у вялікіх гарадах плацяць значна больш. Работа гэта мала што цяжкая, дык яшчэ і шкодная. Нягледзячы на тое, што рабочыя працуюць у спецадзенні, пальчатках і рэспіратарах, іншы раз яны падхопліваюць хваробы — як гэта здарылася і з адным рабочым, які пазбаўляў смецця названы дом па Кастрычніцкай.

Што датычыцца кватэры № 22 ў доме № 5 па вуліцы Заводскай, дык, па словах яе гаспадыні, Святланы Карпені, каналізацыю ім-такі прачысцілі. Толькі ці надоўга? Два гады назад засялілася сюды яе сям’я, у якой выхоўваецца чацвёра непаўналетніх дзяцей. З таго часу каналізацыйныя праблемы іх не пакідаюць. Магчыма, кіраўніцтву ЖБВК варта паспрабаваць вырашыць праблему больш кардынальна: выклікаць спецыялістаў, якім заплаціць немалыя грошы. Зразумела, з кішэнь саміх жыльцоў. Тады тым, хто паскудзіць, будзе прасцей зразумець, што камфорт суседзяў — гэта і іх камфорт таксама, і перастаць засмечваць каналізацыю.

Вінаватага можна пакараць. Але спачатку яго трэба знайсці…

Каментарый юрыста Аляксея Чэрнікава:

Артыкул 21.16 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях прадугледжвае адказнасць за парушэнне правілаў карыстання жылымі памяшканнямі або ўтрымання жылых і дапаможных памяшканняў жылога дома, канструктыўных элементаў і інжынерных сістэм. Правілы карыстання жылымі памяшкання, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў жылога дома ў Беларусі (Загад Міністэрства жыллёва-камунальнай гаспадаркі РБ ад 07.12.1999 г. № 177) вызначаюць абавязкі карыстання жылымі памяшканнямі, утрымання жылых і дапаможных памяшканняў жылога памяшкання.

Наймальнікі і ўласнікі абавязаны захоўваць вышэйназваныя правілы і захоўваць у жылых і дапаможных памяшканнях інжынерныя сістэмы, да якіх належыць і каналізацыйнае абсталяванне. У адваротным выпадку парушальнікі, вінаватыя ў засмечванні, могуць быць прыцягнуты да адміністрацыйнай адказнасці па артыкуле 21.16 Кодэкса Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях за незахаванне правілаў карыстання каналізацыяй, у прыватнасці, санітарным вузлом.

Як прычыны, па якіх былі пашкоджаны інжынерныя сістэмы, так і фізічных асоб, што дапусцілі парушэнні Правілаў карыстання жылымі памяшканнямі, якія прывялі да пашкоджанняў, высвятляюць работнікі жыллёва-камунальнай службы. Пры гэтым у такой сітуацыі не патрэбна даказваць сістэматычнасць незаконнага дзеяння: каб прыцягнуць фізічную асобу да адміністрацыйнай адказнасці, дастаткова ўстанавіць нават адзінкавае парушэнне Правілаў карыстання жылымі памяшканнямі.

Тры важныя “нельга”

1. Нельга выліваць ва ўнітазы, ракавіны і ўмывальнікі лёгкаўзгаральныя вадкасці і кіслоты.

2. Нельга кідаць ва ўнітазы пясок, будаўнічае смецце, анучы, прадметы асабістай гігіены (акрамя туалетнай паперы), шкло, косці, металічныя і драўляныя прадметы, скідваць харчовыя адходы.

3. Нельга карыстацца ракавінамі, умывальнікамі, унітазамі, пральнымі і пасудамыечнымі машынаміда ўстаранення затора, які стварыўся ў каналізацыі. Для ліквідацыі праблемы варта звяртацца да работнікаў эксплуатацыйных служб.

Из рубрики
Top