weather

USD 2.532

EURO 3.0068

RUR(100) 3.4612

search

Некалькі гадзін раю для работнікаў сельскай гаспадаркі

Сюрпрыз для работнікаў сельскай гаспадаркі і аграпрамысловага комплексу раёна падрыхтавалі да іх прафесійнага свята старшыні сельскагаспадарчых кааператываў. Сёлета яны адмовіліся ад затратнай выставы сельгастэхнікі ў цэнтры Ганцавічаў, затое пасля традыцыйных выстаў, выступленняў і ўзнагароджванняў у актавай зале ГДК арганізавалі канцэрт сталічнага ансамбля “Бацька-атаман” – лаўрэата гран-пры Міжнароднага фестывалю казацкай песні ў Маскве. Потым свята працягвалася на пляцоўцы каля ГДК, і вяскоўцы падкідалі на «ўра» сваіх кіраўнікоў.

Пасля фермы – дакрануцца да высокага

“Я нібы ў раі пабывала. Ды што я – уся наша райветстанцыя!” – сказала пасля канцэрта ансамбля казацкай песні “Бацька-атаман” Людміла Александрова. “Пасля фермы трапіць на такое… убачыць такую прыгажосць… Мы ў захапленні… Не хапае слоў…” – гэтымі фразамі Надзея Зялёнка і Жанна Мініч перадалі, пэўна, адзінадушныя ўражанні ўсіх прысутных, якія доўга не адпускалі са сцэны сталічных артыстаў.

І было за што! Шэсць чалавек ансамбля, сярод якіх была і жанчына, Наталля Салава, адпрацавалі канцэрт “ужывую”, без фанаграм, падарылі гледачам шмат рускіх, беларускіх і ўкраінскіх народных і аўтарскіх песень. Іх аздаблялі не толькі бездакорнае выкананне і цудоўныя галасы, але і прыгожыя аранжыроўкі, цікавыя пастаноўкі. Асабліва палюбіліся публіцы лаўрэаты міжнародных конкурсаў – саліст ансамбля Аляксандр Аўраменка і музыкант Дзмітрый Стрэш, які запомніўся віртуозным валоданнем і балалайкай, і шабляй.

І артыстам спадабалася публіка ў Ганцавічах, якая, па словах кіраўніка ансамбля Уладзіміра Куксянкова, “падсаладзіла артыстычнае жыццё” вялізным прыгожым тортам. Як сказаў журналісту пасля выступлення “галоўны казак”, публіка ў нас удзячная, таму выступаць было лёгка. Ён заўважыў, што ў наступны раз артысты прывязуць у Ганцавічы большую праграму: «Сёння мы проста не паспелі выканаць многія нашы песні”.

Тым не менш, ансамбль адпрацаваў паўнавартасны канцэрт. І гэта пасля дзвюх гадзін традыцыйных прамоў, уручэння грамат і прэмій, асобных канцэртных нумароў самадзейных артыстаў дзіцячай школы мастацтваў, ГДК і Хатыніцкага, Раздзялавіцкага сельскіх дамоў культуры і нават дзетак з дзіцячага садка №4. Гэта пасля азнаямлення з выставамі сельскагаспадарчай прадукцыі СВК, райаграсэрвіса і прадпрыемстваў АПК раёна. Працаўнікі сяла не стаміліся – яны былі рады дакрануцца да высокага, да мастацтва.

У пачатку свята, у час прыгожай музычна-танцавальнай кампазіцыі, выкананай знакамітымі ў раёне і за яго межамі калектывамі “Завіца”, “Хатовічы”, “Талака”, “Дударыкі”, караваі з новага ўраджаю былі ўручаны в.а. старшыні райвыканкама У.К. Давыдчыку, старшыням сельгаскааператываў. Пасля ўрачыстай праграмы і канцэрта на пляцоўцы каля ГДК работнікі сельскіх устаноў культуры і СВК падкідалі кіраўнікоў угару, частавалі прысутных уласна прыгатаванымі прысмакамі. І доўга яшчэ па наваколлі цэнтра горада разносіліся вясёлая гамонка, бадзёрыя прытопы, спевы і музыка гармонікаў самадзейных музыкаў.

Самадзейныя і прафесійныя артысты стараліся не дарэмна: сваёй творчасцю яны ўслаўлялі работнікаў фермаў і палёў, дзякуючы працы якіх мы маем на нашых сталах і духмяны каравай, і смачнае малако, і кавалак якаснага мяса.

Дзякуй вам за каравай духмяны!..

У час выступлення начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання раёна Ю.У. Лелес расказаў аб цяжкасцях і дасягненнях сельскіх працаўнікоў у гэтым годзе. Ён зазначыў, што аб’ём атрыманай сельгаспрадукцыі дазволіў поўнасцю задаволіць запатрабаванні рэспублікі і нават крыху адправіць на экспарт. Сёлета банкі дапамаглі вытворцам сельгаспрадукцыі крэдытамі на 22 мільярды рублёў. Гэта дазволіла своечасова правесці пасяўную і ўборачную кампаніі. Акрамя таго, вядзецца рэканструкцыя фермаў у СВК “Крышылавічы”, “Цельшына”, уводзіцца ў дзеянне ферма на 765 галоў у “Будчы”. Вядзецца рэканструкцыя і аднаўленне 858 гектараў меліярыраваных зямель. Сярод іх найбольш буйны аб’ект – “Малькавічы”, дзе з 270 га (усяго тут аднаўляецца 460 га) ужо сабраны ўраджай.

Аднак цёплая вільготная зіма і запозненая вясна зрабілі сваю нядобрую справу. Сельскагаспадарчымі арганізацыямі раёна не выкананы ўмовы спаборніцтва па ўборцы ўраджаю зерневых і зернебабовых, па сяўбе яравых і азімых культур і па павелічэнні вытворчасці і рэалізацыі прадукцыі жывёлагадоўлі. Неспрыяльнае становішча склалася ў малочнай сферы: выхад цялят склаў усяго 64 галавы на 100 кароў. Па выніках праверак райветслужбы, штогод пагаршаецца здароўе буйной рагатай жывёлы. Недаатрыманы валавы збор бульбы. “Увогуле, валавы збор сельгаспрадукцыі сёлета быў ніжэйшы за мінулагодні, хаця і вышэйшы, чым у папярэднія пяць гадоў,” – заключыў Юрый Уладзіміравіч.

Ён таксама адзначыў, што важкі ўклад у каравай раёна ўносяць працаўнікі сялянска-фермерскіх гаспадарак “Агра-восень”, “Сіняя птушка”, “Смоліч і К”, “Бобрык М”, навукова-эксперыментальнай базы “Журавінка” і рыбгаса “Лактышы”. Выконвае прагнозныя паказчыкі і пашырае асартымент прадукцыі Ганцавіцкі хлебазавод. Надзейнымі партнёрамі сталі Баранавіцкія камбінаты – малочны і хлебапрадуктаў. Падзякаваў за дапамогу Ю. Лелес кіраўнікам і калектывам ПМК-14, лясгаса, “Пінскдрэва”, ІП Муха С. В., РАНС і іншым, а за духоўную падтрымку і малітвы – свяшчэннаслужыцелям.

Апладысменты гучалі ў гонар ветэранаў галіны А.А. Карпені (узначальваў калгас імя Калініна – цяпер СВК “Цельшына”), Ч.К. Кадзевіча (“1 мая” – “Агарэвічы”), Р.Р. Мальца (“Зара” – “Будча”), В.В. Трапачкі (“Расія” – вытворчы ўчастак “Дзяніскавічы”), а таксама М.І. Навіцкага, В.І. Монціка, А.А. Карпені, А.І. Пашкевіча, П.Ф. Тадры, С.М. Кляшчовай і іншых. Добрых слоў заслужылі кіраўнік СГВК “Любашава” на працягу 17 гадоў, а са жніўня 2013 – дырэктар райаграсэрвіса М.Р. Сергіеня, спецыялісты галіны А.Л. Бобка, М.І. Канановіч, В.І. Курачка, Г.П. Рычаева. Кветкі атрымалі ардэнаносцы У.В. Грыгаран, М.А. Радзюк, Я.І. Шаматульскі, В.А. Далматава, Г.І. Ясько.

У тым, што СВК і прадпрыемствы АПК раёна дзейнічаюць, галоўная заслуга звычайных сельскіх працаўнікоў. Віншавалі герояў урачыстасці і дзякавалі ім за працу в.а. старшыні райвыканкама У.К. Давыдчык, генеральны дырэктар абласнога КУПГП “Брэстаблаграсэрвіс” У.У. Махнач, прадстаўнік Баранавіцкага малочнага камбіната Л.М. Кусцінскі, старшыня райкама прафсаюза работнікаў АПК Н.Л. Кандратовіч, першы сакратар ГА “БРСМ” А.А. Занька.

Пад урачыстыя гукі музыкі і апладысменты калег адзін за адным выходзілі на сцэну перадавікі сельскай гаспадаркі і АПК раёна. Падзяка Міністэрства сельскай гаспадаркі і харчавання РБ ўручана Жанне Іванаўне Мініч, брыгадзіру малочна-таварнай фермы СВК “Агарэвічы”. Граматай Брэсцкага аблвыканкама заахвочаны трактарыст-машыніст СВК “Крышылавічы” Уладзімір Пятровіч Канановіч, Падзячны ліст аблвыканкама – трактарысту-машыністу ААТ «Райаграсэрвіс» Сяргею Іванавічу Канановічу. Грамату абласнога Савета дэпутатаў атрымаў галоўны аграном СВК «Хатынічы» Галіна Раманаўна Пічыц, падзячны ліст – аператар машыннага даення ААТ «Райаграсэрвіса» Наталля Уладзіміраўна Радзюк. Ганаровымі граматамі камітэта па сельскай гаспадарцы і харчаванні райвыканкама ўзнагароджаны вадзіцель СВК “Цельшына” Мікалай Рыгоравіч Жалезны і аператар па вырошчванні маладняку СВК «Бярозавец» Валянціна Іосіфаўна Занька.

За добрасумленную працу і забеспячэнне найлепшых паказчыкаў у ёй, значны асабісты ўклад у развіццё вытворчасці і ў сувязі са святам граматамі Ганцавіцкага райвыканкама ўзнагароджаны аператары машыннага даення СВК “Цельшына” Аксана Уладзіміраўна Літвіновіч і СВК “Будча” Наталля Вячаславаўна Кандратовіч; вадзіцелі ААТ “Рыбгас “Лактышы” Сяргей Адамавіч Макатрэвіч і ААТ “Ганцавіцкі райаграсэрвіс” Уладзімір Андрэевіч Манюк; лабарант вытворчага ўчастка “Ганцавічы” ААТ “Баранавіцкі малочны камбінат” Ларыса Аляксееўна Собаль. Пісьмы-падзякі райвыканкама атрымалі трактарысты-машыністы СГВК “Любашава” і СВК “Адраджэнне” і “Бярозавец” адпаведна Іван Віктаравіч Кавалевіч, Віктар Іванавіч Кісялевіч і Віталь Уладзіміравіч Клявец, а таксама галоўны інжынер СВК “Цельшына” Вадзім Мікалаевіч Равінскі.

Ганаровыя граматы раённага Савета дэпутатаў за шматгадовую добрасумленную працу і значны асабісты ўклад ў развіццё сельскагаспадарчай галіны былі ўручаны галоўнаму эканамісту СВК “Будча” Тамары Данілаўне Войцік, трактарысту-машыністу “Цельшына” Уладзіміру Мікалаевічу Гурману, аператару машыннага даення “Бярозаўца” Алене Аляксандраўне Новак, галоўнаму заатэхніку “Адраджэння” Святлане Адамаўне Рабцэвіч і прасаўшчыку-адціскальшчыку цэха па вытворчасці алею Ганцавіцкага райаграсэрвіса Аляксандру Мікалаевічу Яцуку. Пісьмы-падзякі раённага Савета дэпутатаў атрымалі трактарысты-машыністы СВК “Цельшына”, “Дубнякі” і “Бярозавец” адпаведна Віктар Міхайлавіч Бабок, Сяргей Тадэвушавіч Корсак і Міхаіл Андрэевіч Шапялевіч, а таксама цеставод хлебазавода Галіна Васільеўна Літвіновіч і ветэрынарны ўрач-вірусолаг-астэаролаг райветстанцыі Наталля Мікалаеўна Ружыцкая.

Падчас мерапрыемства таксама былі падведзены вынікі раённага спаборніцтва сярод арганізацый, вытворчых падраздзяленняў, асобных катэгорый работнікаў у 2013 г.

Пераможцамі раённага спаборніцтва па нарыхтоўцы травяных кармоў сярод сельскагаспадарчых арганізацый раёна сталі СВК “Адраджэнне” (1 месца) і ААТ “Ганцавіцкі райаграсэрвіс” (2 месца).

Найбольш высокіх паказчыкаў у вытворчасці жы-вёлагадоўчай прадукцыі дасягнулі малочна-таварная ферма СВК “Агарэвічы” (брыгадзір Ж.І. Мініч): тут валавая вытворчасць малака дасягнула 101,1% да ўзроўню мінулага года, а 97% яго ішло гатункам “экстра” і вышэйшым. Другое месца – у працаўнікоў МТФ сельгасучастка “Дзяніскавічы” райаграсэрвіса (брыгадзір Н.М. Зялёнка).

Сярод заахвочаных па выніках уборкі ўраджаю зерневых і зернебабовых культур: экіпаж камбайнераў СВК “Агарэвічы” ў складзе А.М. Аляксейчыка і С.Б. Каўша (1 месца), СВК “Дубнякі” – у складзе Я.К. Цыгана і С.М. Мухі, маладзёжны экіпаж СВК “Крышылавічы” ў складзе А.В. Шаматульскага і А.М. Булата; вадзіцелі А.С. Шапялевіч (райаграсэрвіс, 1 месца), У.І. Рабцэвіч (СВК “Адраджэнне”), малады вадзіцель Д.І. Крупеніч (СВК “Хатынічы”); машыністы зернеачышчальна-сушыльных комплексаў В.А. Ярашэвіч (СВК “Будча”, 1 месца) і В.Ю. Вераб’ёў (СГВК “Любашава”).

Пераможцамі на сяўбе яравых і азімых культур сталі: механізатары, занятыя на ворыве, – А.М. Савеня (СВК “Будча”, 1 месца), У.Г. Сідарэвіч (СГВК “Любашава”) і С.І. Радзюк (СВК “Дубнякі”); механізатары, занятыя на падрыхтоўцы глебы, – М.М. Кавальчук (СВК “Хатынічы”, 1 месца), А.М. Сімановіч і М.М. Снарскі (СВК “Адраджэнне” і “Агарэвічы”); механізатары, занятыя на сяўбе яравых і азімых культур, – С.І. Кісялевіч (СВК “Адраджэнне”, 1 месца), І.І. Дайлід і С.М. Зуйкевіч (СВК “Будча” і “Дубнякі”); механізатары, занятыя на ворыве, падрыхтоўцы глебы і сяўбе яравых і азімых культур, што працуюць на трактарах айчыннай вытворчасці, – В.І. Крупеніч (СВК “Хатынічы”); механізатары, якія працуюць на энерганасычаных трактарах, – А.І. Дылеўскі (райаграсэрвіс); сярод маладых механізатараў, занятых на ворыве, падрыхтоўцы глебы і сяўбе яравых і азімых культур, – В.М. Муха (СВК “Дубнякі”).

Сярод аператараў машыннага даення кароў граматы і прэміі атрымалі М.А. Радзюк (1 месца, СВК “Агарэвічы”) і Н.І. Жагунь (СВК “Дубнякі”); сярод аператараў машыннага даення па абслугоўванні дойнага статку (даглядчыкі жывёлы) – А.В. Канановіч (1 месца, СВК Хатынічы”) і В.Р. Занька (СВК “Бярозавец”); сярод аператараў па вырошчванні буйной рагатай жывёлы да 6-месячнага ўзросту – В.І. Занька (1 месца, СВК “Бярозавец”), Н.У. Грудзько (СВК “Агарэвічы”); сярод аператараў па вырошчванні буйной рагатай жывёлы, старэйшай за 6-месячны ўзрост, – С.В. Васілеўская (1 месца, СВК “Дубнякі”) і У.І. Мінько (СВК “Хатынічы”); сярод маладых работнікаў жывёлагадоўлі – М.І. Мелехавец і А.Р. Кулан (СВК “Бярозавец” і “Хатынічы”).

Як сказала госця свята, ганцаўчанка Т.Я. Зяблава, людзі сяла – незвычайныя: “Яны адкрытыя, шчырыя і непасрэдныя. А яшчэ – вельмі руплівыя. За гэта я іх і люблю”.

Из рубрики
Top