weather

USD 2.532

EURO 3.0068

RUR(100) 3.4612

search

Віктар Карпач: “Трэба спачатку зарабіць, а потым ужо – аддаць”

Скарачэнне аб’ёмаў работ і запазычанасці сельгаспрадпрыемстваў вымусілі кіраўніцтва будаўнічай арганізацыі ПМК-14 пайсці на непапулярную меру – для інжынерна-тэхнічных работнікаў скараціць працоўны тыдзень да трох дзён. Менавіта гэтая акалічнасць стала інфармацыйнай падставай для інтэрв’ю з начальнікам ПБУП “Пінсксаўгасбуд – ПМК-14” Віктарам Карпачом.

Віктар Яўгенавіч Карпач
Віктар Яўгенавіч Карпач

– Віктар Яўгенавіч, скарачэнне рабочага тыдня цягне за сабой змяншэнне заробкаў для работнікаў. Ці адчуваеце вы іх незадавальненне?
– Зразумела, такая мера не можа падабацца. Аднак нашы інжынерна-тэхнічныя работнікі з разуменнем ставяцца да сітуацыі. Яны ведаюць: спачатку грошы трэба зарабіць, а потым ужо – аддаць, у тым ліку і на зарплаты. Менавіта з гэтага разліку мы імкнёмся захоўваць поўны працоўны дзень для нашых рабочых.

Увогуле, мы стараліся дзейнічаць вельмі асцярожна. За свой кошт часова засталіся без работы пенсіянеры. Гэтыя людзі – сапраўдныя прафесіяналы, з імі прасцей працаваць, але ў іх усё ж ёсць хаця б нейкі стабільны даход. Да таго ж, калі хтосьці з ІТР нам патрэбны, мы выклікаем яго, і ён працуе поўны працоўны тыдзень.

– Зарплаты, прэміі ўсё ж скараціліся…
– Так, мы былі вымушаны ў кастрычніку не выплачваць прэміі. Што датычыцца зарплат, у першую чаргу, яны скарацілася ў мяне і ў інжынерна-тэхнічных работнікаў. Рабочым скараціць зарплату мы не можам: усе расцэнкі закладзены ў каштарысе.

Усяго ў арганізацыі працуе 345 чалавек. Сярэдняя зарплата па арганізацыі ў апошні час складала каля 6 мільёнаў рублёў і за лістапад не моцна зменшылася – да 5574 мільёна рублёў. Калі да прыняцця непапулярных мер на зарплаты мы аддавалі прыкладна паўтара мільярда рублёў (без падаткаў), то цяпер – толькі на 200 мільёнаў менш, і якраз за кошт ІТР.

– Рабочым цяпер працаваць прыходзіцца вахтавым метадам…
– Так. Зразумела, на месцы было б зручней. Аднак у сувязі з тым, што аб’ёмы работ скараціліся, мы вымушаны шукаць выйсце з сітуацыі. Цяпер розныя сельгаспрадпрыемствы Ганцавіцкага, Клецкага і Ляхавіцкага раёнаў запазычыліся нам ы10 мільярдаў рублёў. Таму мы знялі сваіх рабочых з гэтых аб’ектаў і адправілі на іншыя – трэба ж неяк зарабляць.

У сувязі з неплацяжамі растуць і нашы запазычанасці, бо мы купляем будаўнічыя матэрыялы. Праўда, трэба аддаць належнае кіраўніцтву нашага раёна, якое рознымі шляхамі дапамагае закрыць “хвасты” запазычанасцей мясцовых сельгасарганізацый.

– І дзе цяпер працуюць рабочыя ПМК-14?
– І ў нашай краіне, і за яе межамі. Ужо ёсць дамоўленасць аб рабоце на аб’екце ў Расіі, дзе плануецца зарабіць 16 мільёнаў расійскіх рублёў. Каля 11 мільярдаў беларускіх рублёў заробім на будаўніцтве атамнай станцыі ў Астраўцы: тут нашы будаўнікі маналіцяць падмурак пад адно з памяшканняў у 30 метрах ад месца знаходжання будучага рэактара. Брыгада рабочых шчыруе і ў аэрапорце “Мінск-2”, дзе ідзе рэканструкцыя да чэмпіянату свету па хакеі. Атрымалі мы таксама тэндарнае запрашэнне на 14 мільярдаў рублёў ад аб’екта “Граніт”, што ў Мікашэвічах”: будзем працаваць на блоку рамонта БелАЗаў.

Гэтыя аб’екты жывуць за свае грошы, таму з намі разлічацца.Мяркуем, што на названых аб’ектах пасля выканання работ асвоім усяго каля 40 мільярдаў беларускіх рублёў.

– Як выглядае ПМК-14 на фоне іншых падобных арганізацый?
– Прыкладна такое ж, як і ў нас, становішча ва ўсіх будаўнічых арганізацыях, якія былі звязаны з будаўніцтвам на сельгасаб’ектах. Спадзяёмся, што з Новага года пойдуць плацяжы па фермах, тады нам стане лягчэй. Мы ідзём туды, дзе нам плацяць грошы, інакш – не выжыць.

Из рубрики
Top