weather

USD 2.532

EURO 3.0068

RUR(100) 3.4612

search

Напіцца – каб забыцца, або Чаму людзі ў бутэльку лезуць…

Вясковае мужчынскае насельніцтва, на маю думку, можна падзяліць на дзве катэгорыі: на тых, хто задаецца пытаннем: “Чарку выпіць ці напіцца?”, і на тых, хто з першага кілішка ведае, што нап’ецца да непрытомнасці. Ёсць, вядома, і трэцяя катэгорыя – тыя, хто ўвогуле не ўжывае спіртнога, але яны, хутчэй за ўсё, выключэнне з завядзёнкі, якая ўсталявалася апошнім часам.

Напіцца – каб забыцца, або Чаму людзі ў бутэльку лезуць…
Напіцца – каб забыцца, або Чаму людзі ў бутэльку лезуць…

Майго сённяшняга суразмоўцу, імя якога мы не называем па этычных меркаваннях, можна з упэўненасцю аднесці да другой катэгорыі.

– Калі ты ўпершыню ў сваім жыцці пакаштаваў спіртное?
– Упершыню – яшчэ ў дзяцінстве. Мне тады было гадоў дзесьці пяць… ці сем. Стаяла настойка з лахачоў. Рабілі яе раней бабкі: цукрам засыпалі і выстойвалі нейкі час. Настойка атрымлівалася салодкая, нібы кампот. Пакаштаваў я гэту настойку, дакладней, добра яе надпіў, і яна мне спадабалася. Потым хадзіў п’яны, песні спяваў.

А гадоў у шаснаццаць пачалі пакрыху выпіваць перад дыскатэкай з хлопцамі, каб трохі смялейшымі быць з дзяўчатамі. Потым служыў у войску. Вярнуўся. У 90-я гады працы не было, ды наогул, каму тады лёгка было? Ну, тады і з’явілася цяга да “зялёнага цмока”. Не знайшоў нармальнай работы – і вярнуўся назад у войска, па кантракту служыць. Пасля скарачэння пайшоў працаваць у міліцыю. Думаеш, там меней стаў піць? Не, магчыма, нават больш. Потым і адтуль звольнілі.

– Што стала галоўнай прычынай таго, што ты пачаў зазіраць у кілішак?
– Ну, гэта лёс такі, разумееш? Па-першае, адсутнасць працы, дзе плацілі б адпаведна заробленаму. А па-другое, з жонкай разышоўся. Ёй было мала грошай, што ў сям’ю прыносіў. А дзе работу шукаць пры цяперашняй уладзе? У Маскву ехаць? Дык ездзіў. І там п’юць! І я піў.

– Цяпер ці часта ты п’еш?
– Шчыра кажучы, калі грошы ёсць, тады і п’ю, а няма грошай – дык і не п’ю. Калі піць па-мінімуму, ну, пляшак з пару на працягу дня, дык можна і тыдзень піць. Бо калі больш, да беспрытомнасці, дык не больш трох дзён вытрымліваеш, потым на такі ж прамежак часу патрэбны адпачынак. А то сэрца не вытрымае. Пры гэтым трэба сядзець дома, нікуды не выходзіць, бо як выйдзеш у цэнтр – зноў нап’ешся.

– Што ж так цягне да спіртнога?
– Адчуваеш кайф, задавальненне. З’яўляецца лёгкасць жыцця, знікаюць усялякія праблемы, усё вакол цудоўна! Толькі гэта праходзіць, і патрэбны новыя, усё большыя порцыі спіртнога, каб зноў адчуць кайф.

– Да таго, як ты пачаў піць, у цябе, напэўна, былі нейкія мары, памкненні. Ці дасягнуў ты іх, ці ажыццявіў?
– Усё, аб чым я марыў і да чаго імкнуўся, у жыццё паспеў увасобіць. Адзінае, аб чым шкадую, – што не атрымалася захаваць сям’ю. Мне вельмі не хапае сустрэч з дачкою, я сумую па ёй, хоць мы час ад часу і бачымся. Я да яе езджу, яна да мяне прыязджае. Але гэта не тое, разумееш, бракуе заўсёднай лучнасці. Вось што крыўдна!

– Ці было табе калі-небудзь сорамна за тое, што ты зрабіў пад уздзеяннем “зялёнага цмока”?
– Заўсёды, заўсёды сорамна! Рэч у тым, што раніцою, калі з бадуна прачынаешся, нават страшна на вуліцу выйсці, таму што не ведаеш, што ты ўчыніў. Калі перап’еш, не памятаеш, што было. Таму магу на будучае папярэдзіць тых, хто будзе чытаць гэтае інтэрв’ю: лепш не дапівайцеся да такой ступені. Гэта несур’ёзна. Я вам гэта кажу як выпівоха са стажам. Нельга так… Беражыце свае сям’і, захоўвайце іх, бо гэта самае каштоўнае, што ў нас ёсць!

– Дзякуй за размову. Думаю, тыя, хто прачытае гэтыя радкі, да цябе прыслухаецца.

Из рубрики
Top