search

Удзельніцы хору ветэранаў далі канцэрт на кватэры

Імправізаваны канцэрт для людзей з абмежаванымі магчымасцямі ў аўторак, 4 лютага, далі ўдзельніцы хору ветэранаў на кватэры ганцаўчанак Зінаіды Канстанцінаўны і Аксаны Валецкіх.

Удзельнікі хору ветэранаў Рэкунова Надзея Цімафееўна, Муха Надзея Сцяпанаўна і Гайцюкевіч Ганна Мікалаеўна ў гасцях у Зінаіды Канстанцінаўны і Аксана Валецкіх
Удзельнікі хору ветэранаў Рэкунова Надзея Цімафееўна, Муха Надзея Сцяпанаўна і Гайцюкевіч Ганна Мікалаеўна ў гасцях у Зінаіды Канстанцінаўны і Аксана Валецкіх

Такую незвычайную акцыю артысты ганцавіцкага хору ветэранаў праводзяць не ўпершыню. Яны прыдумалі свой «рэцэпт шчасця», якім дзеляцца з людзьмі, дорачы ім радасць. Аб’ядноўвае ўдзельнікаў хору добразычлівасць, спагадлівасць да чужога гора. Пагэтаму члены калектыву наведваюць хворых людзей, якія ляжаць у бальніцы, адзінокіх пажылых людзей і інвалідаў.

Тры ўдзельніцы хору ветеранаў: Надзея Сцяпанаўна Муха, Надзея Цімафееўна Рэкунова і Ганна Мікалаеўна Гайцюкевіч – направіліся ў госці да двух інвалідаў: Зінаіды Валецкай і яе дачкі Аксаны. Абедзве гэтыя жанчыны амаль не ўстаюць з ложка і ўжо тры гады не маюць магчымасці выйсці на вуліцу. Жанчын даглядаюць два сацыяльныя работнікі, якія гатуюць ежу, прыбіраюць у кватэры, мыюць адзенне, купляюць прадукты. Маму і бабулю прыязджае наведаць сын Аксаны Антон.

І вось сёння ў іх кватэру завіталі незвычайныя госці. У ціхіх, маўклівых пакоях так хораша загучалі народныя песні, мелодыі мінулых гадоў, спевы пра родную Беларусь. Радасцю засвяціліся вочы хворых жанчын, прыемныя ўсмешкі ўпрыгожылі іх твары.

Калі канцэрт у кватэры закончыўся, расчуленыя Зінаіда Канстанцінаўна і Аксана шчыра дзякавалі самадзейным артысткам. Яны выказаліся, што былі вельмі рады бачыць гасцей і моцна кранутыя тым, што іх не забываюць і наведваюць.

Калі аўтар гэтага артыкула размаўляла з жыхаркамі кватэры, то не пачула ў іх голасе суму ці скаргі на жыццё. «Я ніколі не жалюся і не плачу, жыву, нягледзячы ні на што, і дзякую за гэта Богу», – сказала Зінаіда Канстанцінаўна. І сіла духу яе выклікае захапленне і павагу. Аксана знайшла для сябе сэнс жыцця ў кнігах, на стале іх ў яе вялізныя горкі. Для Зінаіды Канстанцінаўны сэнс жыцця – гэта дачка і ўнук.

Адчувалася падчас узаемін з імі, што хворыя маці і дачка не страцілі любові да жыцця, веру ў Бога. Яны, як і многія іншыя людзі з абмежаванымі магчымасцямі, умеюць радавацца жыццю значна мацней за здаровых людзей, таму што ведаюць цану рэчам, якія людзі ўспрымаюць як звычайныя.

«Нямоглым людзям патрэбна наша дапамога, а часцей за ўсё проста ўвага і словы падтрымкі. Сваім прыкладам мы хочам паказаць маладому пакаленню, што трэба паважаць пажылых і хворых людзей. З гэтай мэтай мы запрасілі карэспандэнта «ГЧ», каб праз газету заклікаць людзей тварыць дабро», – кажа былая салістка хору Надзея Сцяпанаўна Муха, якая ў свае 87 гадоў не страціла жыццёвай энергіі і актыўна падтрымлівае і дапамае тым, каму гэта патрэбна.

Не трэба ніколі забываць, што кожны чалавек можа апынуцца ў непрадбачанай жыццёвай сітуацыі, пагэтаму трэба дапамагаць такім людзям, рабіць усё, каб прынесці хоць трошкі радасці ў іх жыццё, як гэта робіць хор ветеранаў г. Ганцавічы.

Новости

Из рубрики
Top