weather

USD 2.532

EURO 3.0068

RUR(100) 3.4612

search

Лёс ганцавіцкага гастарбайтара

Адсутнасць годнага заробка на радзіме змушае значную частку нашага насельніцтва з’язджаць на заробкі ў іншыя краіны, пераважна ў Расію, дзе за тую ж працу аплата ў разы вышэйшая, хаця ўмовы працы пакідаюць жадаць лепшага. Які  лёс, якая рызыка чакаюць беларускага гастарбайтара-будаўніка ў Расіі, расказаў Віталій Лясюк – гастарбайтар з 20-гадовым вопытам працы ў Расіі.

Каб пракарміць сям’ю, значная частка ганцавіцкіх мужчын вымушана ехаць на заробкі ў Расію
Каб пракарміць сям’ю, значная частка ганцавіцкіх мужчын вымушана ехаць на заробкі ў Расію

– Віталь, скажыце, калі ласка, што прымусіла вас пакінуць сям’ю і паехаць на заробкі?
– Дзесьці з пачатку 90-х гадоў іншага выйсця не было. У нашым горадзе працы з прыстойнай зарплатай было не знайсці альбо заробленыя грошы не выплачвалі па некалькі месяцаў. А трэба было дзяцей карміць, апранаць, камунальныя паслугі аплачваць. І жыць за нешта трэба было. Ну, вось і давялося ехаць у Расію.

– А як жонка аднеслася да вашага рашэння?
– Скандалаў не было. Яна да гэтага аднеслася з разуменнем, бо па некалькі месяцаў была вымушана сядзець дома ў вымушаным адпачынку. Яна разумела, што трэба неяк выжываць. Самі, магчыма, неяк перажылі б гэтыя часы, але трэба было карміць дзяцей. А з часам яна звыклася з роляй жонкі гастарбайтара.

– Колькі часу вы праводзіце ў Расіі, а колькі дома?
– Па-рознаму атрымліваецца. Калі працаваў на Поўначы, то і па паўгода дома не бываў. А так вахта доўжыцца ў сярэднім месяц-два, не больш. Потым дома праводжу месяц ці два, а калі працы няма, то і больш.

– У якіх умовах даводзілася жыць?
– Здаралася так, што жылі ў тых жа дамах, якія будавалі, калі там ужо былі вокны і дзверы. Спалі на падлозе, на матрацах, якія давалі, тут жа і ежу на электраплітцы гатавалі. Па ваду хадзілі за метраў дзвесце ад будоўлі. Здаралася так, што па тыдняў два не мыліся. Радавала, калі паблізу была рачулка ці вадаём, то ў іх і купаліся. Звычайна мыліся ў спецыяльна абсталяваных вагончыках, дзе стаяла ванна. Іншы раз у такіх жа вагончыках і жылі. Гэта памяшканне метраў два шырынёю і ў даўжыню метраў чатыры, дзе стаялі двухпавярховыя ложкі. У такіх вагончыках жылі па чалавек пяць-шэсць. А пад падлогаю пацукі бегалі, памерам з ката. Але здаралася, што і ў добрых умовах жылі – у гасцініцы, напрыклад.

– Віталь, колькі доўжыцца працоўны дзень і як вы праводзілі свой вольны час?
– Праца пачыналася каля 8-мі гадзін раніцы і канчалася а восьмай вечара. У нядзелю ж працавалі да абеда, а пасля самі мыліся і адзежу мылі. У будзённыя дні прыйдзеш, памыешся, есці згатуеш, тэлевізар, калі ёсць, паглядзіш, а калі няма – у карты згуляеш ды і спаць кладзешся. Праўда, часам атрымлівалася і па горадзе пашпацыраваць. Што да таго, каб выпіць, дык з гэтым строга. Калі ўнюхаюць, што выпіў, дык адразу можаш рэчы збіраць і ехаць дахаты. Пагэтаму разняволіцца можна толькі дома, бо інакш прыедзеш без грошай. А здаралася, што наймальнік з самага пачатку папярэджваў: «Будете плохо себя вести, можете отсюда и не уехать». Так было, калі на Поўначы працаваў. А там насамрэч можаш нікуды не паехаць, бо пры тэмпературы мінус 40-50 градусаў нядоўга і замерзнуць.

– А ці здараліся за гады вашай працы ў Расіі няшчасныя выпадкі?
– Асабіста ў мяне ці на маіх вачах такога не здаралася. Але на адным аб’екце, дзе працавалі мае знаёмыя, быў такі выпадак. Там загінуў малдаванін, які сарваўся з рыштавання.

– Ці здаралася так, што за працу наймальнік не плаціў?
– Такога асабіста са мною не здаралася. Але быў адзін выпадак досыць непрыемны, які, магчыма, мог бы скончыцца і трагічна, калі б мы павялі сябе па-іншаму.

– Што вы маеце на ўвазе?
– Пасля таго, як наймальнік з намі разлічыўся, мы паехалі на вакзал. І ўжо нават селі ў вагон, калі на пероне з’явіліся маладыя людзі спартыўнага целаскладу і накіраваліся ў наш вагон. Спыталіся ў правадніцы, дзе беларусы. Тая паказала. Яны да нас: «Так і так, мужыкі, давайце дзяліцца, іначай у вас могуць быць непрыемнасці». І адзін з іх паказвае пісталет. Прапанавалі заплаціць ім ад таго, што мы зарабілі, дзесьці 25%. Папярэдзілі, што з імі лепш не жартаваць, бо інакш забяруць усё, што знойдуць. Выйсця не было, і мы заплацілі. Грошы ж не вартыя жыцця. Мне здаецца, што яны працавалі па наводцы наймальніка.

– Ці можаце вы сказаць, як многа жыхароў з нашага горада ездзіць на заробкі?
– Па-мойму, каля паловы мужчынскага насельніцтва ва ўзросце 30-40 гадоў у Расіі. Ёсць, канешне, і 18-, і 60-гадовыя. Таму складана вызначыць, колькі людзей на гэты час жыве з таго, што дае праца ў Расіі.

– А як у Расіі ставяцца да беларускіх гастарбайтараў?
– Гэтак жа, як і да сваіх грамадзянаў. Нават паліцыя, калі правярае дакументы, угледзеўшы ў пашпарце слова «беларус», аддае чэсць і адпускае. Без аніякіх пытанняў.

– Калі б можна было ў нашым горадзе альбо раёне зарабіць палову з таго, што вы зарабляеце ў Расіі, ці паехалі б вы туды?
– Не. Я не паехаў бы. Тут сям’я, жонка, дзеці, сябры, знаёмыя. А там ты чужы. І ўсё навокал чужое. Адназначна – не. Мая Радзіма тут. Хацелася б жыць і працаваць дома.

Дачка:
– Адразу заўважу, што тут ёсць два бакі. Станоўчы бок у тым, што дзякуючы бацькавым заробкам у Расіі мы з братам змаглі атрымаць хай сабе і платную, але вышэйшую адукацыю. З улікам таго, якія заробкі ў нас у горадзе, гэта было б немагчыма. Адмоўны ж бок у тым, што частая адсутнасць бацькі аддаляла яго ад сям’і. З іншага боку, каб не татавы заробкі, магчыма, мы не мелі б таго, што маем цяпер.

Сын:
Маё стаўленне да гэтага дваякае. Менавіта дзякуючы таму, што тата ездзіў на заробкі, у нашай кватэры з’яўляліся новыя рэчы, мы з сястрой атрымлівалі падарункі. Але праз пэўны час мы пачыналі чакаць, калі ж тата зноў паедзе ў Расію і кантроль за намі аслабне. Доўгая адсутнасць бацькі таксама давалася нялёгка. Але ж без татавых заробкаў выжыць было б вельмі складана.

Жонка:
Я нават уявіць сабе не магу, як бы мы канцы з канцамі зводзілі, каб не ягоныя заробкі. Нават цяпер, калі мая зарплата складае 2,5 млн рублёў, яе хапае толькі на аплату камунальных паслуг. А на той час (90-я гады) дык і ўвогуле немагчыма было пражыць. Вядома ж, цяжка, калі муж там, а я тут: даводзіцца цягнуць усё на сабе. Але неяк прызвычаілася. Каб хоць палову з таго можна было дома зарабіць, дык нашмат лягчэй было б і мне, і яму.

Из рубрики
Top