weather

USD 2.5335

EURO 3.0246

RUR(100) 3.5033

search

Вясёлыя выхадныя ў вёсках Ганцаўшчыны

Адразу ў некалькіх населеных пунктах Ганцавіцкага раёна ў мінулыя выхадныя прайшлі святы вёсак. Карэспандэнты “ГЧ” пабывалі на гуляннях у Вялікіх Круговічах, Хатынічах і Кукаве. Уражанні ад гулянняў былі разнастайныя.

Фото: Петр Гузаевский

Гэтыя вёскі для наведвання былі выбраны не выпадкова. У самай вялікай з іх – Хатынічах – жыве каля 2,5 тысяч людзей. Святы пры ранейшым кіраўніцтве СДК наладжваліся вельмі цікавыя, чаго нельга сказаць пра Дзень вёскі ў гэтым годзе.

Бабулі ў квяцістых святочных хустках сабраліся яшчэ задоўга да пачатку мерапрыемства і размясціліся на лаўках перад сцэнай. Дзяўчаты, наколваючы на свае тонкія абцасы лісточкі, дэфіліравалі туды-сюды па парку, хлопцы кучкаваліся, пілі колу, піва і нешта абмяркоўвалі. Гучала музыка, даносіліся віск і смех дзяцей, чуўся рогат хлопцаў і дзяўчат. Тое, што праходзіла на сцэне, дарослых чамусьці не вельмі цікавіла: яны па-ранейшаму бадзяліся туды-сюды. Народу было шмат, а знайсці патрэбную колькасць людзей для ўдзелу ў конкурсе за некалькі хвілін загадчыцы Хатыніцкага СДК Веры Ваўчок не ўдалося, і на сцэне ёй прыйшлося самой прыняць удзел разам з моладдзю.

Як ні спрабавалі вядучыя развесяліць прысутных, нічога з гэтага не выйшла. Насоўвалася хмара, і некаторыя гледачы пачалі разыходзіцца. “Чаму ўцякаеце са свята?” – спытала карэспандэнт у сяльчан. “А што тут рабіць? Ні пасядзець, ні песні паслухаць. Хоць бы столікі якія паставілі! Сметніцы і той няма, цягаем з сабою гэтыя шклянкі ад папкорна і бутэлькі з-пад вады”, – выказалася маладая мама.

Арганізатары свята песнямі павіншавалі самых старэйшых жыхароў вёскі і самых маленькіх, успомнілі медыкаў, педагогаў, паштальёнаў, не забыліся і пра сямейныя пары, якія пажаніліся ў гэтым годзе. Але свята сярод дарослых не адчувалася. Дзецям жа было весела. Забаў і пацехі для іх было хоць адбаўляй, толькі не бясплатна. Бацькі на дзетвару раскашэльваліся не дзясяткамі, а сотнямі тысяч рублёў.

“А што цяпер гэтыя 100 тысяч? Няхай парадуюцца дзеткі, а калі павырастаюць, пачнуць самі зарабляць, тады прасіць не будуць”, – сказала Наталля Канановіч.

Дзеткі па паўгадзіны выстойвалі разам з бацькамі ў чарзе да батута, які ўзвышаўся над кронамі дрэў. Пяць хвілін радасці на гэтай высачэзнай горцы каштавалі 20 тысяч рублёў. За гэты час маленькія дзеці маглі толькі па тры разы ўскараскацца наверх, каб потым з крыкам і віскам з’ехаць уніз.

Дарослыя бавілі час каля ціра, дзе за 25 тысяч рублёў дазвалялася зрабіць 15 выстралаў. За такія ж грошы можна было пакідаць дроцікамі ў паветраныя шарыкі. Дарэчы, удзел у гэтай забаве прымалі больш за ўсё дзеці, а вось сярод прызоў былі не толькі плюшавыя мішкі і цукеркі, але і шампанскае. Гаспадыня гэтага бізнесу на пытанне карэспандэнта, ці аддасць дзіцяці спіртное, калі тое выйграе, спужана адказала: “Дык пакуль жа ніхто не выйграў”.

Зусім іначай праходзіла свята ў вёсцы Кукава

Абыякавых да таго, што было на імправізаванай сцэне перад СДК, не было. Рэпертуар выканаўцаў быў шырокі і разнастайны. Гучалі народныя песні, былі сучасныя эстрадныя выкананні, а таксама гумарыстычныя маналогі. Гледачоў і танцораў станавілася ўсё больш і больш. Ала Шаматульская сваім маналогам нявесты, як кажуць, “парвала” зал. Потым на сцэне з’явіліся “секс-бомбы”. Жанчыны так жвава спявалі песні і танцавалі, што нават у бабуль, што сядзелі на лаўках, ногі прасіліся ў скокі. Здзіўляў сваім уменнем спраўляцца з працай і аператара, і спевака Віталь Макаед. Песенныя кампазіцыі на мерапрыемстве чаргаваліся з віншаваннямі і ўзнагародамі юбіляраў і пераможцаў конкурса “Лепшы надворак”. Лішняга нічога не было. Арганізатары мерапрыемства так удала зладзілі праграму, што людзі нават на шашлык, які гатаваўся проста каля СДК, не звярталі ўвагі. За столікамі таксама амаль ніхто не сядзеў. Пакуль адны спявалі на сцэне, другія пачалі танцаваць.

“Наша вёска хоть маленькая, але святы тут заўсёды праходяць вельмі цікава. Тут жывуць творчыя, таленавітыя людзі, якія самі ўмеюць весяліцца і могуць развесяліць іншых”, – сказала мясцовая жыхарка Наталля Мікалаеўна.

Свята вёскі ў Круговічах з Бацькам-Атаманам

Каля самага вялікага дуба-волата ў суботу прайшло свята вёскі Вялікіх Круговіч. Галоўнай ізюмінкай на гулянні быў ансамбль казакаў з Мінска “Бацька Атаман”, які на Ганцаўшчыне ўжо не першы раз і паспеў заваяваць прызнанне публікі. Былі на сцэне і самадзейныя артысты, але да іх мясцовыя жыхары ўжо прывыклі, а вось выкананні прыезджых артыстаў гледачоў заводзілі. Асабліва здзівіў вяскоўцаў віртуоз-балалаечнік.

На свяце па традыцыі ўзнагароджвалі гаспадароў лепшых надворкаў. Пераможцамі зноў жа, як і ў мінулыя гады, сталі Дзмітрый і Зінаіда Гайцюкевічы.

“Іх надворак з’яўляецца візітнай карткай нашага населенага пункта, бо мае адно з самых лепшых убранстваў і знаходзіцца ў пачатку вёскі”, – адзначыла старшыня сельвыканкама Святлана Агейка.

Падарункі дасталіся і пенсіянерам Аляксандру і Вользе Лелесам, якія адзначылі 45-гадовы юбілей сумеснага жыцця.

Прысутныя засталіся задаволеныя святам. Былі забаўкі і для дарослых, і для дзяцей. Было чым заняцца і з чаго пасмяяцца. Сапраўдным відовішчам сталі спробы ахвотнікаў дастаць прызы, што красаваліся на самай верхавінцы ўкапанага слупа. Узбіраліся за імі ў асноўным дзеці. Аднаму з ахвотнікаў трапіліся велізарныя трусы-сямейнікі.

Быў на свяце і розыгрыш латарэй, сярод прызоў была і жыўнасць – кролікі, авечкі. Моцна пашанцавала госцю мерапрыемства ганцаўчаніну Мікалаю Ленкаўцу. Аддаўшы за латарэі 100 тысяч рублёў, ён-такі выйграў… качку і нават зерне для яе. Але вось узнікае пытанне, дзе ён яе будзе трымаць, бо жыве мужчына на 4-ым паверсе.

Можна было на свяце і падсілкавацца. Быў не толькі шашлык, але і спіртныя напоі, якія дадавалі жару і дапамаглі некаторым разняволіцца і павесяліцца на славу.

Из рубрики
Top