weather

USD 2.5256

EURO 3.0596

RUR(100) 3.4142

search

Сельскі клуб у Малых Круговічах у гэтым годзе не зачыняць

Сход па пытанні функцыянавання сельскага клуба ў вёсцы Малыя Круговічы, які планаваўся на 15 мая, не адбыўся. Жыхары вёскі, якія прыйшлі  ў прызначаны час  (на 12-30), як паведамлялася ў аб’яве, прадстаўнікоў райвыканкама не дачакаліся.

Але для вяскоўцаў адмененая сустрэчы мела станоўчы вынік – пытанне аб закрыцці культурнай установы ў гэтым годзе разглядацца не будзе. У Малакруговіцкім сельскім клубе працуе на палову стаўкі толькі адзін чалавек і ўсяго чатыры дні ў тыдзень.

Як патлумачыла “ГЧ” начальнік аддзела ідэалагічнай работы, культуры і па справах моладзі Ала Занька, паколькі ў гэтым годзе адбудуцца выбары, а ў сельскім клубе размяшчаецца выбарчы ўчастак, клуб будзе прадаўжаць працаваць. У вёсцы жывуць 224 чалавекі. Але актыўнай дзейнасці, як у мінулыя гады, у М. Круговічах няма. Няма ўжо і фальклорнага калектыву малосенскіх жанчын, якія радавалі песнямі і мясцовых жыхароў, і гараджан, і іншых жыхароў раёна на выязных канцэртах. У правядзенні мерапрыемстваў і арганізацыі канцэртаў выручаюць культработнікі з суседніх Вялікіх Круговіч і ганцавіцкія самадзейныя артысты.

Як мяркуе Ала Васільеўна, на наступны год, калі не зменіцца эканамічная сітуацыя альбо не ўзнікне цікавай ініцыятывы, якая апраўдае немалыя затраты на ўтрыманне клубнай установы, то сельскі клуб у М. Круговічах прыйдзецца зачыняць.

Па словах начальніка аддзела, у гэтым годзе будзе скарочана пасада і закрыты Дом сацыяльных паслуг у в. Гута. Плануецца, што гэта адбудзецца да 1 жніўня 2015 года.

Из рубрики
Top