weather

USD 2.5354

EURO 3.0615

RUR(100) 3.4206

search

Баба Таня: “Каб у мяне быў тэлевізар, я б яго глядзела”

Бабе Тані – менавіта так называюць ў вёсцы Раздзялавічы Таццяну Васільеўну Валуевіч, 7 ліпеня споўніцца 90 гадоў. Бабуля цяпер жыве адна, у яе няма ні дзяцей, ні ўнукаў. Каб адзінота не так скрабла душу і было з кім пагаварыць, бабуля трымае дваіх кацянят і сабачку. Яшчэ ў яе гаспадарцы ёсць чатыры курачкі. На жыццё яна не скардзіцца, але  вельмі рада хоць з кім пагаварыць…

Таццяне Васільеўне Валуевіч з Раздзялавіч 7 ліпеня споўніцца 90 гадоў.
Таццяне Васільеўне Валуевіч з Раздзялавіч 7 ліпеня споўніцца 90 гадоў.

Карэспандэнт “ГЧ” сустрэла бабулю, калі яна ішла, абапіраючыся на два кіі, да суседа з просьбай, каб той адрамантаваў ёй радыёпрыёмнік. Яна ішла без абутку, толькі ў шкарпэтках. Калі журналіст сказала, што хоча пагаварыць, бабуля ўзрадавалася і павяла на свой двор. Адразу здзівіў агарод на двары Таццяны Васільеўны, на якім раслі бульба, цыбуля, фасоля. Баба Таня пасадзіла ўсё сама. Праўда, як яна гэта зрабіла, засталося загадкай, бо жанчына ледзьве ходзіць.

Баба Таня: “Каб у мяне быў тэлевізар, я б яго глядзела”

“Ніхто да мяне не ходзіць, і я нікуды не хаджу. Пагаварыць няма з кім, і тэлевізара ў мяне няма. Вось звару калі якога супу ці камякоў, пакармлю сваю жыўнасць, укручуся ў лапікі ды і ляжу”, – расказвала бабуля, запрашаючы зайсці ў хату.

У вочы адразу кінулася печ з велізарнай трэшчынай. Па словах бабулі, печ увалілася і паліць у ёй цяпер нельга. Дах у хаце таксама працякае. Трапіўся на вочы журналісту і надмагільны помнік. Як аказалася, яго пенсіянерка купіла, каб паставіць на магіле сваіх бацькоў. Здзівіла і тое, што ў хаце не было нічога з прадуктаў. На пытанне, што сёння ела, бабуля толькі паціснула плячыма і пайшла да патэльні, якая стаяла на газавай пліце. Зняла з яе накрыўку, але ў ёй нічога не было…

У маладосці страціла і дзіця, і мужа

Жанчына была замужам, але цяпер у яе нікога не засталося. Са сваім мужам Раманам яна пазнаёмілася на Поўначы, там яны разам працавалі. Жылі згодна, мелі жыллё, зарплата была добрая. Але не даў Бог парадавацца жыццю. Здарылася трагедыя.

“Маёй дачушцы Танечцы было каля годзіка, ужо хадзіць бралася, але захварэла і памерла. Цяпер на яе магілку не магу нават і кветачку занесці, бо пахавана яна на чужыне”, – сказала жанчына, выціраючы рукой слязінкі на маршчыністай шчацэ.

Не паспела жанчына акрыяць пасля страты дзіцяці, як прыйшлося хаваць і мужа. Ён загінуў у шахце ва ўзросце крыху больш за 30 гадоў.

Таццяна пакінула кватэру з усімі пажыткамі, дзе ўсё напамінала ёй пра дарагія страты, і прыехала да бацькоў.

“Каб на цяперашні розум, то не вярнулася б у Раздзялавічы, але тады адной на чужыне было цяжка перажыць такое гора”, – дрыжачым голасам гаварыла бабуля.

Былі ў яе сёстры Васіліса і Марыя. Ні адной, ні другой ужо няма на гэтым свеце. Жылі спачатку на хутары, у вёску перабраліся ўжо пасля вайны. Бацька трымаў пчол, была вялікая гаспадарка: трымалі кароў, свіней, авечак. Варылі сыры, таўклі масла. Сям’я была заможная. Усіх сірат у вёсцы шкадавалі. Па ўспамінах адной з сяльчанак, Таццяна ніколі не выпускала такіх дзяцей з хаты, не пакарміўшы іх.

Бацьку яе ў вёсцы паважалі і пабойваліся, бо ён меў вялікія кулакі і курыў люльку.

Прыехаўшы з Поўначы, Таццяна працавала на кароўніку, даглядала цялятак, маладняк раздойвала. Пенсія ў бабы Тані невялікая, а трэба ж і дроў у лясгасе купіць, потым яшчэ наняць людзей, каб іх парэзалі і пакалолі.

“Усіх жа трэба наняць. А яны ж грошы запрошваюць немалыя. Вось дзякуй дэпутату Марыі Рабцэвіч, якая дапамагла з плотам”, – адзначыла бабуля.

Па словах бабулі, наведвае яе цяпер пляменніца Марыя, але ж ёй і самой ужо цяжка, бо яна таксама немаладая, ужо на пенсіі. Таццяна Васільеўна расказала, што пляменніца і адзенне памые, і грыбочкаў прынясе, нічога не ўтойвае ад яе. Нават у бальніцу на аперацыю яна ж і адвезла.

Па словах жанчыны, даглядае яе Наталля Рабцэвіч, але ёю бабуля не задаволена. “Ад яе больш шкоды, чым карысці”, – паскардзілася бабуля журналісту «ГЧ».

Юнацтва забрала вайна

Па словах жанчыны, дзяцінства ў яе было незайздросным. Не гулялі, як цяперашнія дзеці, а працавалі: высыпалі разоры, сеялі, палолі, трапалі лён, пасвілі кароў, авечак. Вучыцца таксама магчымасці не было, бо жылі на хутары за 10 кіламетраў ад вёскі.

“Адзін вясковец хацеў забраць мяне да сябе, каб я разам з яго дачкой хадзіла ў школу, але мама не пусціла ў чужыя людзі”, – успамінала баба Таня.

З трывогай прыпомніла жанчына, як пачалася вайна. “Мы не разумелі, што адбываецца. Свяціла сонейка, і раптам цішыню парушыў роў самалётаў, якія ў паветры пачалі адзін аднаго збіваць. Мы перапужаліся і разбегліся хто ў карчы, хто пад хлеў”, – успамінала жанчына.

Па словах жанчыны, яна вельмі баялася немцаў. Заўсёды ўцякала ў лес, бо баялася, што заб’юць. І нездарма. Быў выпадак, калі адзін вясковец не захацеў з імі хавацца ў лесе і яго забілі. 

“Бацька прыбег і сказаў, каб уцякалі. Мы схаваліся ў лесе і здалёк чулі, як крычаў гэты чалавек. Яго доўга мучылі, а потым забілі”, – успамінала бабуля.

Расказала яна і пра тое, як дапамагалі партызанам. Яе маці хлеб пякла для іх і агародніну партызанам яны давалі. Па словах жанчыны, тыя іншы раз і без дазволу бралі ўсё, што ім трэба было. “Забралі і кароўку, і двух кабанчыкаў, а мама ўсё плакала, бо трэба ж было нечым і самім карміцца. Бацька тады пажаліўся іх камандзіру, і яны больш у нас нічога не забіралі, – сказала жанчына, цяжка ўздыхнуўшы. – А як страшна было, калі хавалі раненага партызана Лёніка. Мама ж мая доўга яго лячыла”.

Бацька ў разведцы быў. Падбіраў харчы, якія скідалі з самалётаў і перадаваў партызанам. Самі ж падчас вайны елі што папала. “Бульбіну якую спячэш, з’ясі і сядзіш суткі ў лесе”, – расказвае баба Таня.

Таццяне на пачатку вайны і 16-ці гадоў не было, а яна сачыла за немцамі і расказвала партызанам, дзе яны знаходзяцца. Разам з іншымі хадзіла дапамагаць ім завальваць дарогу, каб немцы не даехалі да Выганашчаў.

Не раз мама плакала і прасіла не сядзець у засадзе, не вадзіць партызанаў нікуды, бо баялася, што яны самі паўцякаюць, а мяне пакінуць на расправу немцам”, – успамінала юнацкія гады пенсіянерка.

Было відаць, што жанчыне цяжка ўспамінаць былое, бо яна расхвалявалася, задрыжалі рукі, голас стаў перарывістым, і прыйшлося перавесці размову на іншае…

Добра было б, каб хто адгукнуўся на мой артыкул і парадаваў жанчыну на яе юбілейны дзень нараджэння ды падарыў жанчыне тэлевізар, а мясцовая ўлада сарганізавала б аднавяскоўцаў і дапамагла адрамантаваць дах і печ.

Из рубрики
Top