search

Культура – гэта не праца, культура – гэта стан душы

У сапраўдны феерверк талентаў ператварыўся раённы тур агляду мастацкай самадзейнасці, які праходзіў 12 сакавіка на сцэне ГДК у Ганцавічах.

Фото: Светлана МАЛЫШКО

Мясцовыя артысты амаль з усіх населеных пунктаў Ганцаўшчыны паказалі шматлікім гледачам і журы з Брэста свае здольнасці і спаборнічалі за права удзельнічаць у чарговым туры абласнога фэсту ў намінацыях: «Ляці, наша песня», «Песня песняў», «Тэатральнае Палессе», «Фанфара-2011», «Суквецце культур», «Берасцейскія забаўлянкі», а таксама фальклорнага мастацтва «Берагіня».

Для вызначэння лепшых з лепшых шмат не спатрэбілася: усяго адна субота (мерапрыемства доўжылася больш васьмі гадзін), месцы для гледачоў і кампетэнтнае журы. А ўдзельнікі, якіх было вельмі шмат у розных жанрах, самі прагнулі хутчэй падзяліцца сваім майстэрствам з гледачамі, у нецярпенні чакаючы сваёй чаргі. Да прыкладу, калі зрабілі невялікі перапынак паміж нумарамі, рэжысёр народнага тэатра “Паланіца” В.Круговіцкага СДК Ванда Чэбатарэнка з гумарам сказала, звяртаючыся да гледачоў: “Ну што, зачакаліся? І мы таксама. Вы нас строга не судзіце, мы ўжо з раніцы выціснутыя, як цытрына, у чаканні выйсці на сцэну. А потым моцна нам апладыруйце, каб усё думалі, што выступіл лепш за усіх”.

Але такіх “радыкальных” мер падтрымкі не спатрэбілася, гледачы і без падказак апладыравалі асабліва ўпадабаным выканаўцам. Па меркаванні людзей, агляд-конкурс удзельнікаў мастацкай самадзейнасці відавочна прадэманстраваў наяўнасць яркіх талентаў у артыстаў Ганцаўшчыны. “Конкурс быў яркі, разнастайны, а некаторыя выступленні можна было аднесці да разраду прафесійна выкананых, нібы прыйшэлых да нас з тэлевізара”, — падзялілася ўражаннямі пасля конкурсу адна з глядачак, ганцаўчанка Алена Іванаўна.

Пра тое, што адбывалася на сцэне ў ГДК, мы з задавальненнем распавядзем.

Народныя — значыць, для народа

Адкрылі агляд народная эстрадная студыя «Правінцыя», якая ў гэты дзень пацвярджала званне “народны аматарскі калектыў”. Трэба адзначыць што падрыхтаваліся ўдзельнікі грунтоўна, і паказалі ўласны ўнікальны сцэнар, які быў блізкі гледачу ўсіх узростаў — як для моладзі з яе своеасаблівым слэнгам, так і для пажылых людзей з песнямі мінулых гадоў. Да прыкладу, “прасунутыя” падлеткі падарожнічалі з дапамогай 3D-тэхналогій у мінулае і пабывалі на дыскатэцы, дзе для іх выканалі песні мінуўшчыны “А музыка гучыць” (Святлана Локтыш), “Ягада маліна” (Вераніка Ленкавец).

Выкарыстоўвалі ў выступах салісты “Правінцыі” і іншыя новаўвядзенні часу — рэміксы на старыя песні. На песню “Івушкі”», чыталі рэп.  Рэмікс да песні “Купала” у сучаснай апрацоўцы выканалі Ірына і Аліна Стральцовы. Не забыліся “правінцыялы” і пра родны край. “Ганцавіцкі раён… Яго не ўбачыш на карце свету, але ён так шмат значыць для нас, ганцаўчан!»,-  сказалі вядучыя, а салісты студыі пацвердзілі, што наша маленькая радзіма для нас даражэй усіх краін свету, выканаўшы песню “Бацькаўшчына”.

Мы такія розныя, але мы — разам!

Да ўдзелу ў абласным фэсце нацыянальных культур “Суквецце культур”, які праходзіць адзін раз у два гады, сваё майстэрства паказаў клуб нацыянальных культур ГДК “Карагод”. Гэта была ўнікальная магчымасць кожнаму з жыхароў Ганцаўшчыны розных нацыянальнасцей заявіць пра сябе, данесці праз песні, танцы да гледачоў уласную індывідуальнасць і непаўторнасць. На сцэне выконваўся нумар з цыганскай культуры — песня з рэпертуара Рады Рай “Каліна” (вакалістка Таццяна Раджепава), танцавальная гульня народаў Паволжа “Тот Мінэ” (Любоў Гардзей — татарская культура і  Ірына Гурская — чувашская культура), башкірская танцавальная, якую выканала Альхія Міхлюк.

Рускую культуру ўяўляла Ірына Меляшчук, якая выканала танец “Сударушка”. А ўпадабаныя ў народзе ўсходнія танцы ва ўяўленні пакістанскай культуры выканала юная Санія Чодры, якая з дзіўным майстэрствам для маленькай дзяўчынкі адплясала танец “Бора-бора”. Вось ужо дзе сапраўды дакладна сцвярджэнне, што мастацтва прышчапляецца з маленства…

Трубачы і іншыя…

Народны духавы аркестр таксама пацвярджаў званне “народны аматарскі калектыў”, і  заявіў пра сябе ў далейшым удзеле ў абласным фэсце “Фанфара-2011”. Аркестранты выканалі “Ганцавіцкі вальс”, дзе саліравала Святлана Курылік, а таксама некалькі іншых кампазіцый. Асобна хочацца сказаць пра сольныя выступы. Да прыкладу, сола на саксафоне Сяргея Плотка «Labonita» людзі слухалі, стаіўшы дыханне, бо зараз пачуць жывы саксафон – вялікая рэдкасць.

Хорам спяваць зусім-зусім няпроста…

Вакальна-харавое мастацтва было прадстаўлена ў шырокім спектры. І не дзіўна, бо ішоў сур’ёзны адбор на абласны фэст “Ляці, наша песня”. Дзіцячы хор ДМШ пад кіраўніцтвам Л. Занька выканалі песню “Берасцейская наша зямля”, напісаную мясцовымі аўтарамі — паэтам Аляксеем Галаскокам і кампазітарам Іванам Бондарам.
Іншыя канкурсанты, да прыкладу, вакальны ансамбль «Любавушка» Любашаўскага СДК,  і салістка Алена Сяргейчык (Люсінскі СДК) удзялілі найбольшую ўвагу рэпертуару з беларускіх нородных песен. Алена Сяргейчык запомнілася, что заспявала песню  “Ночка цёмная без суправаджэння музыкі.

Асобна хочацца ўзгадаць народны хор народнай песні, якім кіруе Віктар Багроў. Як найболей сур’ёзны калектыў, ім далі магчымасць выявіць сябе ў некалькіх нумарах. Адметнай рысай гэтага выступу было тое, што хор выступаў не пад фанаграму, а пад музыку асабістага міні-аркестра.

“Усё наша жыццё гульня, і людзі ў ёй — акцёры…”

З асаблівым нецярпеннем людзі чакалі тэатральных пастановак. Але іх арганізатары культурнага мерапрыемства пакінулі на “дэсерт”. Для разагравання гледача спачатку былі паказаны мініяцюры: “На вячорках”, якую прадставіў тэатр мініяцюр Любашаўскага СДК, і “Маленькія пляткаркі”, тэатра мініяцюр Ліпскага клуба-бібліятэкі, дзе ў якасці актрыс выступалі маленькія дзяўчынкі. Яны «перамывалі костачкі” хлопчыкам, моду, вучобу ў школе, і “сыпалі” жартамі з дзіцячых анекдотаў.

Мініяцюра “Саўка Халецкі — мясцовы карэспандэнт”, якую выканаў тэатр мініяцюр аўтаклуба, з гумарам “падшпіліў” несумленнага “журналіста” Саўку, які працаваў вартаўніком і збіраў “факты” пра аднавяскоўцаў. Жадалася яму займець выгаду — хваліў, жадаў насаліць — лаяў. А рабіў ён гэта з дапамогай неспрактыкаванага юнага Пеці, які збіраўся паступаць на “журфак” і шукаў цікавыя сельскія навіны.

Зрэшты, мараль такая, што ў выніку юны журналіст Пеця перастаў “скакаць пад дудку” Саўкі і напісаў праўду — пра тое, што той прымушаў яго пісаць паклёпы і атрымліваў за гэта ганарары.
Музычная казка “Дзед Мазай і зайцы”, якая атрымалася ў выніку сумеснай творчасці дзіцячага драматычнага кружка, салістаў эстраднай студыі “Правінцыя”, танцавальнага калектыва “Серпанцін” і “ФЛЭП-ДЭНС”, была злёгку не па сезоне.

Гаворка ў ёй ішла пра тое, што Мазай злёгку “перабраў” з часам, і вёз зайчанят з самай паводкі да зімы. Зайчаняты збунтаваліся, таму прыйшлося іх высадзіць на востраў Нешанцавання. Як і належыць у добрай казцы, скончылася «хэпі эндам» (шчаслівым канцом). Дарэчы, казка была аздоблена музычным і песенным выкананнем.

Адной з самых доўгіх па часе тэатральных пастановак стала камедыя ў 2-х дзеяннях «Жаночы вулей». Выканаў яе народны тэатр “Паланіца” В.Круговіцкага СДК. Дзеянне адбываецца ў лякарні, у аллергалагічным аддзяленні, у жаночай палаце. Туды за адсутнасцю месцаў у іншых палатах, паклалі “пакусанага” Мамкіна.
Напярэдадні на яго напалі пчолы, каня закусалі да смерці, а ён — выжыў, і ўсё ад таго, што быў у стане “падпітку”. Прыйшоўшы ў сябе, “пакусаны” развіў бурную дзейнасць — практыкаваў “целатэрапію” (падглядваў за распранаючыміся жанчынамі), фліртаваў з суседкамі па палаце, за што быў біты раўнівай жонкай, выпіваў «у складчыну» з жанчынамі, і хутка пайшоў на папраўку. Яшчэ вельмі ён гараваў пра загінулы коніка. «Эх, Аркашка, конь ты мой геройскі», — уздыхаў ён не аднойчы, калі заставаўся адзін у палаце.

Галоўны герой Леанід Блінкоўскі, які іграў Мамкіна, у той же дзень на сцэне іграў і іншую галоўную ролю ў трагікамедыі ў двух дзеяннях «Так я і зрабіў». Гэта новая пастаноўка, дэбют акцёраў тэатра «Мы» з ГДК, якой адбыўся напачатку сакавіка. Тыя, хто не паглядзелі яе, мелі магчымасць зрабіць гэта ў суботу.
Дзеянне ў пьесе адбываецца ў звычайнай кватэры, у якой жывуць маладая сям’я Алены і Гены, і іх 82-летняга дзеда. Стары хворы, ён жыве ўспамінамі пра вайну, сябрука Сцяпана, які потым з’яўляецца яму і размаўляе з ім. Ён кажа, што смерць сябра апраўдана, а сам ён незразумела навошта жыў, і канец жыцця ў яго дурны, бессэнсоўны.

А ў гэты ж час моладзь, не заўважаючы душэўных пакут дзеда, занята сваімі справамі — рамонтам, абменам кватэры. Пікантнасць сітуацыі надае тое, што існуе яшчэ адна ўнучка — сястра Гены, Света, якая таксама прапісана ў кватэры, і катэгарычна супраць такога развароту падзей. Яна асцерагаецца, што Лена «захапае» кватэру сабе, а ўсё застануцца ні з чым. Жанчыны сварацца, і нават б’юцца, іх неаднаразова прыходзіцца разнімаць.

Фінал п’есы сюрреалістычны — дзядуля, які стаміўся ад частых скандалаў і высвятленняў адносін, вырашае прыняць прапанову Сцяпана і вярнуцца ў 44-й год. «Так я і зрабіў!» — урачыста кажа ён. І пасля гэтага ідзе апавяданне пра тое, што малады дзед разам з сябрам гіне, абараняючы Мінск.

Гэта тое, чаго ён жадаў — знайсці сэнс у жыцці, у яго разуменні які ўяўляе мірнае жыццё дзяцей і ўнукаў.
Гэта было фінальным акардам свята аматарскіх калектываў і выканаўцаў. Тыя, у каго хапіла духу адсядзець цэлы дзень, здаецца, не пашкадавалі, тым больш што ўваход быў бясплатны.

Некаторыя казалі, што галоўным і прыемным здабыткам агляду-конкурсу стала тое, што ўсе сталі сведкамі наярчэйшай канцэртнай праграмы, якая пакінула выдатны настрой, усмешкі і масу пазітыўнай энергіі.

Новости

Из рубрики
Top