search

20 гадоў і апошнія нумары “Ганцавіцкага часу”

14 снежня споўнілася 20 гадоў з таго дня, як у Ганцавіцкім раёне выйшаў першы нумар нашай газеты. Тады яна называлася “Спадарожнік”, а праз год пераемніцай стала газета “Ганцавіцкі час”.

Фото: Пётр Паўлавіч Газаеўскі з першымі нумарамі выдання "Ганцавіцкі час"

Паважаныя падпісчыкі, сябры, знаёмыя і проста добрыя людзі!

Мне, як чалавеку, які з першага дня аддаваў працы гады свайго жыцця, самааддана і часам адчайна трымаўся за тое, каб выжыць, каб не здацца, сёння і радасна, і сумна.

Радасна, бо ўсе гэтыя гады асноўны касцяк рэдакцыі складалі такія ж апантаныя людзі, якія стараліся, нягледзячы на цяжкасць, быць вернымі сапраўднай журналістыцы, вольнаму слову.

Мае калегі не зламаліся ад цяжкасцяў і выпрабаванняў, якія выпалі кожнаму з іх, як і на спакусы перацягнуць іх у іншыя выданні. І хоць адзін з тых, з кім стваралася газета з першых нумароў, пайшоў у раёнку, я яму таксама ўдзячны.

Канстанцін Канстанцінавіч Мохар усё ж той раённай газеце аддаў дзясяткі свайго жыцця, але і ў станаўленні “Ганцавіцкага часу” адыграў вялікую ролю.

Яго вопыт, напрацаваныя кантакты былі падспор’ем, каб асвятляць падзеі Ганцаўшчыны і рабіць газету цікавай нават на чатырох старонках выдання.

Другі чалавек, які стаяў ля вытокаў стварэння і амаль два дзесяцігоддзі быў ключавой фігурай у “Ганцавіцкім часе” – гэта намеснік галоўнага рэдактара Ірына Юльянаўна Дамарацкая.

20 гадоў і апошнія нумары “Ганцавіцкага часу”
Ірына Дамарацкая

Гэтая смелая, адказная жанчына выбрала журналістыку справай свайго жыцця, закончыла факультэт журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта і ўсе гэтыя гады ў кожны свой артыкул, у кожны нумар укладала часцінку сваёй душы.

Імкнулася, каб вырашаліся праблемы жыхароў Ганцаўшчыны, клапацілася і трымала ў курсе чытачоў, асвятляючы, як ідуць справы ў эканоміцы раёна, на кожным прадпрыемстве, шмат цудоўных і кранальных артыкулаў напісала пра людзей, якія жывуць побач з намі, і пра тых, хто пераехаў на новыя месцы жыхарства, але памятаюць пра сваю малую радзіму.

Яе, напэўна, тысячы жыхароў раёна таксама ведаюць і многія ёй удзячныя. Бо галоўнай мэтай у яе працы было не не толькі напісаць пра нейкія падзеі ці праблемы, а дапамагчы ці пасадзейнічаць таму, каб яны вырашаліся.

Яшчэ адна карэспандэнтка, якая прыйшла працаваць у рэдакцыю амаль адначасова з Ірынай Дамарацкай – Святлана Малышка, яе прозвішча да замужжа было Новік.

20 гадоў і апошнія нумары “Ганцавіцкага часу”
Святлана Малышка

Яна на нейкі час пакідала рэдакцыю, але зараз зноў працуе ў калектыве.

Яна таксама закончыла факультэт журналістыкі БДУ.

І яе профіль – гэта лёсы людзей, жыццё вёсак.

Доўгі час яна збірала матэрыялы і пісала артыкулы, прысвечаныя гісторыі ўзнікнення назваў вёсак, пра тое, як людзі жылі раней і зараз.

Ну і справы з судоў, міліцыі і ад выратавальнікаў – гэтую інфармацыю таксама збірала, апрацоўвала і разам з тым папярэджвала чытачоў Святлана Малышка.

Пра рэдактара сайта “ГЧ” Сяргея Віктаравіча Багрова пісалі ў мінулым нумары.

20 гадоў і апошнія нумары “Ганцавіцкага часу”
Сяргей Багроў

Ён адзін з апошніх, хто прыйшоў у рэдакцыю некалькі гадоў таму і займаецца стварэннем кантэнта.

Вядомы ў раёне відэааператар, фатограф, Сяргей Багроў стаў журналістам.

Якасным, аператыўным, неабыякавым да сваёй справы, гатовым падняцца сярод ночы, каб бегчы на нейкае здарэнне.

І ўсё дзеля таго, каб нашы чытачы першымі даведаліся і мелі правераную інфармацыю.

Сяргей – адзін з тых, хто таксама стараецца для свайго горада, таму не абмінае праблемы дарог, затаплення падвалаў, кватэр і іншыя.

Прыкладаў шмат таму, што і на старонках газеты, і на розных сходах такія тэмы падымаліся і кіраўніцтвам раёна. І для Сяргея справа не ў “пальме першынства”, а ў канкрэтным рашэнні.

Напрыклад, пісалі пра дарожку з мікрараёна, па якой пешаходы хадзілі па гразі – зараз яна асфальтаваная…

Добра што зрабілі, заслуга, вядома ж, тых людзей, якія яе фактычна праклалі.

Але і ўдзел Багрова таксама ёсць – упартасць і асвятленне тэмы ў газеце, відэаматэрыялах на сайце.

І такіх прыкладаў набярэцца нямала.

Аляксандр Пазняк, карэспандэнт “ГЧ”, прыехаў у Ганцавічы з Віцебскай вобласці.

20 гадоў і апошнія нумары “Ганцавіцкага часу”
Аляксандр Пазняк

За некалькі гадоў ён таксама стаў пазнавальнай персонай у раёне.

Яго артыкулы пра людзей, фота і відэапытанні, стрымы ў прамым эфіры, створаныя разам з Сяргеем Багровым, запомніліся многім і ўвайшлі ў гісторыю не толькі Ганцаўшчыны.

Алег Уладзіміравіч Панамароў – карэспандэнт, чые калонкі-меркаванні выклікалі розную рэакцыю.

20 гадоў і апошнія нумары “Ганцавіцкага часу”
Алег Панамароў

Майстар слова, пісьменнік, які напісаў нямала гумарыстычных твораў, зараз піша пра культуру ў своесаблівым стылі.

Але і на розныя грамадска-палітычныя падзеі ў яго таксама маюцца думкі.

А таксама “Былое і думы” – арыгінальны падыход да датаў з унікальнай кароткай інтэрпрэтацыяй на свой лад.

А вось мастацтва, дызайн, тое, якой вы бачыце газету – гэта ўсё заслуга Ганны Качагаравай і Вольгі Грыцкевіч.

20 гадоў і апошнія нумары “Ганцавіцкага часу”
Ганна Качагарава

 

20 гадоў і апошнія нумары “Ганцавіцкага часу”
Вольга Грыцкевіч

Таленавітыя дзяўчаты таксама шмат гадоў працуюць у газеце і заставаліся верныя ёй у самыя цяжкія часы.

Іх рукамі на старонкі газеты ўкладаецца і вярстаецца кожны артыкул, кожны блок рэкламы і праграма тэлебачання.

А тое, што яны робяць прафесійна і на еўрапейскім узроўні, адзначалі вопытныя выдаўцы і рэдактары газет з розных краін свету, якім трапляўся “Ганцавіцкі час” у рукі.

Многія здзіўляліся, што такую газету робяць у маленькім правінцыйным горадзе.

Таму ім таксама вялікая падзяка.

Нельга не ўзгадаць прозвішчы супрацоўнікаў, якія аддалі шмат сіл і цярпення, свайго таленту, але зараз не працуюць у рэдакцыі газеты.

Гэта карэспандэнт Юлія Матусевіч, якую многія ведалі пад псеўданімам Юлія Палеская.

20 гадоў і апошнія нумары “Ганцавіцкага часу”
Юлія Матусевіч на ўручэнні дыплома. Фота з архіва «ГЧ», 2015 год.

Зараз яна стварае шэдэўры кулінарнага майстэрства.

Святлана Курылік – журналіст, артыстка з цудоўнымі вакальнымі дадзенымі, таксама ўнесла пэўны каларыт у выданне.

20 гадоў і апошнія нумары “Ганцавіцкага часу”
Святлана Курылік і Юрый Савеня. Фота з архіва «ГЧ», 2016 год

Яе ведалі многія ў Беларусі як вядомую сваху, паказвалі па тэлебачанні.Помняць некаторыя, напэўна, і Мікіту Яраша з Брэста.

20 гадоў і апошнія нумары “Ганцавіцкага часу”
Мікіта Яраш

Ён працаваў у газеце два гады і запомніўся не толькі сваім каларытным знешнім выглядам і татуіроўкамі, на якія многія пазіралі коса, але і выдатнымі публікацыямі.

Ён прыдбаў у “ГЧ” вопыт і пісаў тэксты высокага ўзроўню.

Адзін з іх памятаю добра, бо тэкст быў пра сабаку, які жыве на ланцугу ўсё жыццё, і пра тое, як жывёла разважае пра свой цяжкі лёс…

Гэта было так кранальна, і іншы раз ад прачытаных радкоў наварочваліся слёзы.

Добрымі рэпарцёрамі былі Кацярына Курловіч і Таццяна Лауш.

20 гадоў і апошнія нумары “Ганцавіцкага часу”
Кацярына Муха (Курловіч). Фота з соцсеткі ВК К. Муха
20 гадоў і апошнія нумары “Ганцавіцкага часу”
Таццяна Лауш

Асобная падзяка і пашана нашаму карэктару – зоркаму воку над нашымі памылкамі – нашай дарагой і жыццярадаснай Марыі Канстанцінаўне Заляценка!

20 гадоў і апошнія нумары “Ганцавіцкага часу”
Марыя Заляценка

Яна напісала ў газету нямала тэкстаў, не горш за вопытных журналістаў, і магла яшчэ падказаць ім, як і што будзе лепей гучаць і чытацца.

Што ні кажы – сапраўдная настаўніца.

Нельга не адзначыць нашых сяброў – паэтаў і паэтак: Аляксея Галаскока, Ніну Кавальчук, Уладзіміра Бабуліна, Валянціну Тарановіч, Валянціну Віннік і многіх іншых.

Аляксей Пятровіч Галаскок, у былым падпалкоўнік Узброеных сіл СССР, чвэрць стагоддзя аддаў напружаным вайсковым будням далёка ад Радзімы.

20 гадоў і апошнія нумары “Ганцавіцкага часу”
Аляксей Галаскок

Вярнуўшыся з сям’ёю на Ганцаўшчыну, стаў вядомым паэтам, з’яўляецца носьбітам літаратурнай беларускай мовы, якую ўвекавечыў у сваіх зборніках вершаў.

Аляксей Пятровіч вёў у газеце літаратурную старонку “Пралеска” і сам быў укладальнікам і збіральнікам многіх вершаў.

Таксама прыгадаю самабытнага, непаўторнага паэта і вядомага будчака Юрыя Савеню.

А ствараць ён можа не толькі вершы, але і кулінарныя вырабы, якім можа павучыцца нават вопытная гаспадыня.

Булкі ад Юрыка можна пасылаць на выставу лепшых пекараў свету! Усім вам, даражэнькія, добрага здароў і даўгалецця.

Яшчэ ёсць шмат людзей, якія дапамагалі і ўнеслі свой уклад, каб “Ганцавіцкі час” існаваў і даносіў праўду людзям.

І прыйдзе час, калі мы разам сустрэнемся…

Асаблівая падзяка паштальёнам і вам, нашы верныя падпісчыкі і чытачы!

Многія з вас усе гэтыя 20 гадоў былі надзеяй, апорай і падтрымкай рэдакцыі “Ганцавіцкага часу”.

Вось без каго “ГЧ” не магла б існаваць, дык гэта без чытачоў. Шчыры дзякуй вам усім за падтрымку.

І крыху сумная навіна для тых, хто любіць газету. У 2022 годзе “Ганцавіцкі час” не будзе выходзіць, як раней.

Усе друкарні, у якія мы звярнуліся з прапановай аб аказанні паслуг друку (не толькі ў Брэсцкай вобласці, але і нават Беларускім доме друку ў Мінску) адмовіліся друкаваць. “Ганцавіцкі час”.

Некаторыя друкарні пакуль адказы нам не даслалі.

Таму прабачце, паважаныя падпісчыкі. Свежы нумар “ГЧ” у 2022 годзе вам не прынясуць.

Ну а хто паспеў падпісацца, забірайце грошы і не трацьце іх. Навіны чытайце пакуль на сайце “Ганцавіцкі час”.

Што ж, можа, некага гэта і парадуе – тых, хто даў загад фактычна прыпыніць выхад газеты; тых, хто забараніў друкаваць газету; тых, хто прасіў і настойваў выселіць з офіса рэдакцыю; тых, хто фабрыкуе справы. Хай пакуль парадуюцца…

Вось толькі такія справы дабра не прынясуць…

Ганцавіцкі край славіцца, што тут ёсць шмат людзей, якія толькі думкамі могуць пакараць так, што нават ворагу паспачуваеш. А сярод нашых чытачоў знойдуцца тыя, якія пашлюць ім імпульс “пазітыву”…

Акрамя пісаных на паперы законаў чалавекам, ёсць іншыя законы, якія па-за межамі чалавечага разумення.

Як яны працуюць – гэта яшчэ ніхто не высветліў. Але працуюць дакладна.

І ні да якай адказнасці не прыцягнеш. Хто лічыць гэта дзіцячымі казкамі ці страшылкамі, ну то няхай.

Пажывём – пабачым…

Канешне, шкада, што столькі сіл і працы калектыў укладаў у гэту справу і выжываў як мог.

Пасля спынення выхаду газеты не толькі чытачы страцяць магчымасць чытаць яе ў папяровым выглядзе, але і супрацоўнікі газеты, якія гады жыцця аддалі гэтаму, страцяць працу.

Відаць, час цяпер такі – зноў перажыць выпрабаванні.

Новости

Материалы по теме
Из рубрики
Top