search

Самы малады і самы стары жыхары вёскі Боркі Ганцавіцкага райна збіраюцца яе пакінуць

Час няўмольны да вёскі Боркі, бо паціху яна вымірае. Моладзь пакідае яе, з`язджаючы жыць і працаваць у горад, а старыя паміраюць або імкнуцца перасяліцца жыць да родных ці трапіць у дом для састарэлых

Фото: Светлана Малышко

На Ганцаўшчыне вёска Боркі даволі вядомая з-за балот вакол яе, якія здаўна лічацца журавінавым краем. Яшчэ дзесяць-пятнаццаць гадоў таму барчакі славіліся як заможныя людзі, якія свой капітал зарабляюць на балоце.

У Борках 70 гаспадарак, яшчэ 56 хат пустуюць. Калісьці тут было каля 440 жыхароў, цяпер жа іх толькі 125.
Іх сярэдні ўзрост – 56 гадоў. І што характэрна – на сённяшні дзень тут няма немаўлят і нават школьнікаў.

Цяпер жа тут жывуць у асноўным пажылыя людзі, якія не тое што ў балота, але і да крамы ці да ФАПа дабіраюцца з цяжкасцю.

Самаму малодшаму барчаку Аляксею Рабцэвічу 21 год, а самай старэйшай сяльчанцы Марыі Якаўлеўне Віннік ужо 93 гады (дарэчы, гэтая жанчына самая старэйшая ў Любашаўскім сельскім Савеце, да якога адносіцца вёска Боркі. – Заўв. аўтара).

Нявесту Аляксей будзе шукаць у горадзе

Аляксей нарадзіўся 17 лістапада 1995 года. Так здарылася, што калі надышоў час хлапчуку ісці ў школу, у Борках яе зачынілі, і на вучобу ў гарадскую СШ №2 боркаўскіх дзяцей вазілі на аўтобусе.

Самы малады і самы стары жыхары вёскі Боркі Ганцавіцкага райна збіраюцца яе пакінуць

Пасля заканчэння 11 класаў хлопец паступіў вучыцца ў Мінскі дзяржаўны энергетычны каледж на тэхніка-электрыка і скончыў яго мінулым летам. Але працы сабе хлопец не знайшоў.

Ён вучыўся на платным аддзяленні, і пасля вучобы яму прапанавалі працаваць у Глыбокім, але ён не згадзіўся.

«Мне прапанавалі толькі працу, ні жылля, ні пад`ёмных я б не атрымаў. А як уладкоўвацца на новым месцы без грошай, ды яшчэ ўдалечыні ад бацькоў? Таму я вярнуўся дадому і стаў шукаць працу тут. Разлічваў, што мне пашанцуе», – расказаў Аляксей.

У Ганцавічах маладому спецыялісту таксама месца не знайшлося, хоць ён абышоў шэраг прадпрыемстваў – нікому малады спецыяліст без вопыту не быў патрэбен. У армію яго таксама не забралі з-за стану здароўя. Аляксей – адзіны малады хлопец у вёсцы. Яго равеснікі-сябры параз`язджаліся хто на вучобу, хто на працу. Дзяўчат у вёсцы таксама няма. Аднак Аляксей настроены аптымістычна.

«Калі прыйдзе час, жонка сама знойдзецца, дзяўчат у горадзе шмат. Пакуль жа мне рана яшчэ задумвацца пра асабістую сям`ю, час ёсць. Спачатку трэба знайсці працу, стаць на ногі», – усміхнуўся хлопец.

Адзінота хлопца не вельмі турбуе

«Нічога, я ўжо звыкся. Гэта на самой справе не так і страшна, бо я ж не на бязлюдным востраве жыву. Тут матуля з бацькам, суседзі, ёсць з кім пагаварыць, – сказаў Аляксей. – Ды й да шумных кампаній ці дыскатэк у кафэ я не імкнуся, няма мне чаго там рабіць. Ужо лепей кнігу пачытаць, гэта сапраўды цікава».

Праўда, бібліобус, які наведвае вёску пару разоў на тыдзень, хлопца не радуе: ён кажа, што там няма кніг, якія яму даспадобы.

«Журналы, дэтэктывы, жаночыя раманы – мне гэта нецікава. Вось фантастыка – другая справа , таму шукаю кнігі ў інтэрнэце», – патлумачыў малады вясковец. З сябрамі ён падтрымлівае зносіны таксама ў інтэрнэце і кажа, што ніводзін з іх не хоча вяртацца ў вёску.

«У вёсцы няма перспектывы. Усё пазачынялася – школа, клуб, на працу трэба ў горад ездзіць. Дык навошта ж тады жыць тут? Я таксама хутка паеду адсюль. Думаю, што нашай вёскі праз некалькі дзесяцігоддзяў зусім не стане, бо моладзі тут няма, старых і тых ужо няшмат, – сказаў Аляксей. – Шкада, калі так адбудзецца. Вось каб даць Боркам другое дыханне ды адчыніць тут якое прадпрыемства, мо і моладзь прыехала б працаваць і жыць у вёсцы… Але гэта малаверагодна, бо нават школа, якую здалі ў арэнду прадпрымальніку, так і не «запрацавала».

Марыя Віннік хоча з`ехаць з вёскі ў дом для састарэлых

Марыя Якаўлеўна ўсё сваё доўгае жыццё правяла тут, у роднай вёсцы. Нарадзілася яна 26 студзеня 1924 года ў простай вясковай сям`і. Дзяўчынка рана асірацела – у сем гадоў яе разам з братам забралі да сябе і выхоўвалі бабуля з дзядулем. У школе яна адвучылася толькі тры гады.

Самы малады і самы стары жыхары вёскі Боркі Ганцавіцкага райна збіраюцца яе пакінуць

«Гаспадарка ў нас была вялікая, жывёлы шмат, яе трэба было выпасваць, даглядаць. Бульбы цэлы гектар садзілі, у лес па чарніцы і журавіны хадзілі. Не да вучобы было. А там хутка і вайна пачалася…», – успамінала гады дзяцінства жанчына.

Пасля вайны яны з братам, ужо дарослыя, пайшлі жыць у сваю хату. Родныя далі ім капітал: карову, каня, свіней, авечак, курэй. І на сваёй гасападарцы Марыі прыходзілася шмат працаваць. А яшчэ яна шчыравала і ў калгасе: працавала паляводам і кароў даіла.

«Мы больш за працадні рабілі, зараблялі мала. Каб сабраць грошай, у балоце душыліся ды свінчо гадавалі», – расказвала яна.

Хутка брат ажаніўся. Марыі ж не пашанцавала выйсці замуж, таму доўгі час яна жыла разам з сям`ёй брата. У сваю хату яна перайшла толькі пасля таго, калі нарадзіла сына па-за шлюбам: «Для сябе, бо гады праходзілі, і мне хацелася, каб у мяне было сваё дзіцятка, роднае…»

Сынок Аляксандр быў гонарам і радасцю для матулі. Рос ён разумным і ў школу пайшоў на год раней за сваіх аднагодкаў, бо з маленства цягнуўся да ведаў, хадзіў да дырэктара школы, каб навучыцца чытаць. У шэсць гадоў Саша стаў прасіцца ў школу, і дырэктар яму дазволіў. Школу Аляксандр закончыў выдатна і без цяжкасцей паступіў ва ўніверсітэт у Мінску, дзе адвучыўся тры курсы. Пасля з ім здарылася бяда – яго пабілі так, што пачаліся праблемы са здароўем.

«З-за сваіх ведаў пацярпеў мой сынок. З ім усялякія вучыліся – хто добра, хто не вельмі. Аднойчы не даў некаму спісаць, яго і пабілі жорстка, галаву адбілі. Шмат гадоў пакутаваў Сашка ад сваёй хваробы, ні вучыцца, ні працаваць не змог…» – расказала матуля.

Дваццаць сем гадоў сын Марыі Якаўлеўны хварэў, а потым памёр.

«У маі споўніцца дваццаць два гады, як няма майго сыночка, – з сумам прамовіла бабуля. –

Бабуля і сапраўды засталася зусім адна. Блізкіх родных у вёсцы ў яе не засталося: брат памёр даўно, пляменнік – гадоў пяць таму. Суседзяў і тых амаль няма, яны з цягам часу «перасяляюцца» на могілкі.

Цяпер бабулю даглядае сацыяльная работніца, якая і ежу прыгатуе, і прыбярэ, дроў і вады наносіць, лекі купіць. «Я ў краму гадоў пяць ужо не хаджу – цяжка, ды і не бачу амаль нічога», – сказала бабуля.

З-за сваіх хвароб і адзіноты Марыя Якаўлеўна пачала задумвацца, каб перасяліцца жыць у бальніцу на сацыяльны ложак. Але сацыяльная работніца, якая яе даглядае, адгаворвае яе.

«Кажа: «Калі хочаш, жыві ў мяне, месца хопіць». У яе свая сям`я, дзеці і ўнукі. Я чужая там, нашто ёй такі клопат?» – сказала жанчына.

Прыснілася ёй суседка, з якой сябравала і якая памерла некалькі гадоў таму.

«Прыснілася яна мне і кажа: «Цётка Маня, не ідзі ты туды, там кепска табе будзе жыць, там ёсць і ляжачыя, і паветра дрэннае, дажывай век у сваёй хаце». Вось я і думаю, што, можа, нядоўга мне засталося жыць? Прашу Бога, каб душу маю прыбраў, каб не ісці нікуды з роднага куточка. Бо вельмі цяжка на гэтым свеце адной. Не ведаю, за што мне Бог даў столькі гадоў жыцця, ды долі не адмераў…» – сказала яна.

Сукач — вёска, дзе пусцеюць хаты і не трымаюць кароў.

У вёсцы Ельня жывуць па-гарадскому, а працуюць – як вяскоўцы.

Новости

Из рубрики
Top