weather

USD 2.4512

EURO 2.8432

RUR(100) 3.4397

search

У Ганцавічах рускага У. Маякоўскага паважаюць больш, чым беларускага Я. Коласа?Я

Запрасіць праз газету пісьменнікаў, паэтаў і іншых ганаровых гасцей з Беларусі і другіх краін у Дзень беларускага пісьменства вырашылі жыхары вуліцы, названай у гонар выдатнага беларускага пісьменніка, класіка нацыянальнай літаратуры Якуба Коласа.

Да Дня беларускага пісьменства жыхары вуліцы Я.Коласа збіраюцца запрасіць міністраў культуры і інфармацыі паглядзець, у якім стане знаходзіцца іх вуліца
Да Дня беларускага пісьменства жыхары вуліцы Я.Коласа збіраюцца запрасіць міністраў культуры і інфармацыі паглядзець, у якім стане знаходзіцца іх вуліца / Фото: Фотомонтаж

Ганцаўчане паведамілі аб гэтым намеры ўвечары 27 ліпеня, патэлефанаваўшы на «гарачую лінію «ГЧ», спадзяючыся, што можа на іх вуліцы знікнуць велізарныя лужыны, якія не перасыхаюць нават у спякотнае надвор’е.

Карэспандэнт адразу пасля званка завітаў на вуліцу Я. Коласа. Убачыўшы, што журналіст фатаграфуе велізарныя лужыны на вуліцы, жыхары сабраліся і патлумачылі, чаму яны вымушаны ісці на такія не папулярныя меры.

“Папрасіце праз газету, каб пісьменнікі і паэты прыехалі на нашу вуліцу, як будзе свята, няхай пабачаць, як не на словах, а на справе шануюць памяць вялікіх беларускіх пісьменнікаў, – сказала пенсіянерка Леакадзія Вітальеўна Бобка. – Якуб Колас, каб ведаў, што яго імем названа вуліца, па якой прайсці можна толькі чапляючыся за плот альбо у гумовых ботах, то ў труне перавярнуўся б”.

Людзі выказвалі незадаволенасць, што цэнтр горада «вылізваецца», што грошы ідуць на тое, што не так тэрмінова патрэбна рамантаваць, як, напрыклад, уцяпленне сцен пенапластам хлебазавода, райвыканкама, рабіць агарожы з дарагіх ацынкованых лістоў…

На іх думку, грошы маглі б выкарыстаць і на больш карысныя і неабходныя мэты, тым больш не трэба забывацца, што добраўпарадкаванне праводзіцца да Дня беларускага пісьменства, а не дзеля паказухі.

Вуліца Я. Коласа – адна з найстарэйшых у горадзе. Гэта прыкметна. Яна знаходзіцца не каля райвыканкама, мажліва і рамантаваць яе не трэба – правяраючыя ці нейкія высокія чыноўнікі сюды не завітваюць. У пачатку вуліцы Коласа, якая прымыкае да вуліцы Маякоўскага некалькі глыбокіх лужын ад краю да краю дарогі, вада ў якіх не перасыхае нават у гарачыя летнія дні. Праўда, старажылы кажуць, што ў далёкія-далёкія часы тут было балота, і ў гэтым месцы тапіліся каровы. Зараз кароў няма, але частка таго балота засталася.

“Напярэдадні Дня пісьменства становіцца шкада нашу вулачку, нават не яе, а вялікага беларускага паэта Я. Коласа, чыім імем яна названа, – сказала жыхарка гэтай вуліцы, настаўніца Таццяна Разанава. – Атрымоўваецца вось што мы любім яго творчасць і памятаем яго! Мімаволі на розум прыходзіць фраза: якая вуліца – такая і памяць. Пэўна, калі б сам Я. Колас змог пабываць на сваёй вуліцы, то хутчэй за ўсё пакрыўдзіўся, палічыў бы гэта за здзек”.

Па словах жыхароў, летась, калі клалі асфальт па суседняй вуліцы Маякоўскага, у мясцовых улад не знайшлося сродкаў навесці парадак і на нашай Богам забытай вулачцы.
“Можа рускага паэта Маякоўскага паважаюць у нас больш, чым нашага знакамітага беларускага класіка літаратуры Якуба Коласа, таму там паклалі асфальт, а на нашай вуліцы не?” – сказаў са здзекам адзін з ганцаўчан.

Увосень, прабіраючыся па гэтай вуліцы на працу і ў школу і бачачы на хатах таблічкі з назвай, людзі мімаволі лічаць менавіта так.

Жыхары з жартам прапаноўвалі, што  помнік Якубу Коласу лепш паставіць не на алеі ў цэнтры горада, а на іх вуліцы, у ботах гумовых, каб глядзелі людзі, што з тых пор, калі ён настаўнічаў на Ганцаўшчыне і вакол былі балоты, нічога амаль не змянілася.

Па словах жыхароў вуліцы, яшчэ да свята яны маюць намер запрасіць сюды мясцовых чыноўнікаў і адначасова накіраваць запрашэнні міністрам культуры і інфармацыі і кіраўніку аргкамітэта па падрыхтоўцы да свята Дня беларскага пісьментва Анатолю Тозіку. “Другога шансу ў нас не будзе, – сказаў адзін з прысутных. – Таму будзем спадзявацца, што ў прадвер’і вялікага свята ўлады зразумеюць неабходнасць ўвекавечыць імёны вялікіх беларускіх паэтаў і пісьменнікаў не на словах, а на справе».

Из рубрики
Top