weather

USD 2.4512

EURO 2.8432

RUR(100) 3.4397

search

Праз франтавы перасылачны пункт і турэмныя нары

Кожная рэч мае сваю гісторыю: доўгую ці кароткую, цікавую, асаблівую альбо простую, непрыкметную. Біблія, якая цяпер належыць ганцаўчанцы Марыі Аляксандраўне Орсе, захапляе сваёй гісторыяй, у якой ёсць і франтавы перасылачны пункт, і турэмныя нары, і “белыя плямы”.

Цяпер малітвы з дамашняй Бібліі завучвае Ванюшка – унучак Марыі Орсы
Цяпер малітвы з дамашняй Бібліі завучвае Ванюшка – унучак Марыі Орсы / Фото: Светлана Локтыш

Гэта невялікая па памеры кніжыца з пажоўклымі, пацертымі лісткамі некалі была любоўна, уручную абцягнута цёмна-карычневай скурай адным з яе ўладальнікаў. Сёння яе беражліва захоўвае Марыя Аляксандраўна Орса, з якой неяк нам разам давялося ехаць у цягніку.

“Шмат гадоў таму мой бацька, ветэран Вялікай Айчыннай вайны Аляксандр Адамавіч Сайко, прачнуўся заклапочаны, — расказала Марыя Аляксандраўна. — Прысніўся яму брат маёй маці Аляксей, які ў сне загадаў: “Ідзі і забяры”. Бацька з месяц мучыўся ў здагадках: куды яму трэба ісці, што і дзе ён павінен забраць? Чаму ён прысніў менавіта Аляксея, якога ўжо гадоў дваццаць няма ў жывых?
Нарэшце бацька сабраўся і паехаў да сваякоў. На той час ён быў моцна хворы і жыў з намі. Я хвалявалася за яго, чакала званка ў абед. Бацька не патэлефанаваў. Затое вечарам з’явіўся на парозе стомлены, але шчаслівы: “Вось што я павінен быў паехаць і забраць!”. У руках ён трымаў гэту Біблію”.

Марыя Аляксандраўна згадала, што ў гады яе дзяцінства і юнацтва ў іх хаце ў Ліпску не было ікон, бацькі не маліліся штодзённа — пры савецкай уладзе ў гонары быў атэізм. Але заўсёды ў сям’і панавала павага да вышэйшай сілы — Бога, таму ніхто не працаваў у нядзельку, якую лічылі святым днём. Па-хрысціянску адзначаліся і ўсе вялікія праваслаўныя святы.

Такая завядзёнка ішла ад набожнага дзеда Адама. Салідны, плячысты, з барадой, у святочныя дні дзед бываў неяк па-асабліваму прасветлены, што падкрэслівала і апранутая белая кашуля. Менавіта дзеду Адаму належала старажытная дамашняя Біблія. Як і калі яна ў яго з’явілася, цяпер устанавіць нельга. Аднак зразумела, што друкавалася кніга яшчэ за царом, ва ўсялякім разе да 1918 года. Пра гэта сведчыць алфавіт з яго літарамі “ер”, “ерь”, “фіта” і іншымі. Пасля таго, як алфавіт быў зменены ў 1918 годзе дэкрэтам новай улады, гэтыя літары зніклі з ужытку.

У дзень, калі бацька Марыі Аляксандраўны вярнуўся ад радні з Бібліяй, ён расказаў дачцэ, што з гэтай Бібліяй у ліпені 1944 года ішоў на фронт. На перасылачным пункце, дзе стаялі некалькі тыдняў, малады навабранец употай даставаў кнігу з-за падкладкі пінжака, куды хаваў яе, і чытаў малітвы. Ён лічыў, што ў час цяжкіх франтавых баёў, з якімі прайшоў да Берліна ў складзе 1-га Беларускага фронту, менавіта гэтыя малітвы з Бібліі выратавалі яму жыццё.

Але ў тыя некалькі тыдняў хтосьці з такіх жа навабранцаў, як Аляксандр Сайко, паведаміў пра яго тайну камандзіру. Той аказаўся чалавечным, не пакараў, а толькі параіў: “Схавай кнігу, каб ніхто не бачыў, бо інакш падвядзеш і сябе, і мяне”. Аляксандр Сайка падумаў-падумаў і аддаў Біблію Аляксею, які ў гэты час аказаўся на тым жа перасылачным пункце. Аляксея збіраліся адпраўляць у Барысаў, у турму: ён гатовы быў ісці на фронт, выконваць любую работу, але, як моцна веруючы чалавек, адмаўляўся страляць у людзей, нават калі яны — ворагі.

Пазней, ужо ў мірны час, бацька і дзядзька Марыі Аляксандраўны не раз сустракаліся. Але ніколі не загаворвалі пра Біблію, пра яе “жыццё” разам з Аляксеем у турме, пра тое, па руках якіх сваякоў яна падарожнічала пасля — да таго часу, калі зноў трапіла да Аляксандра Адамавіча.

“Я ганаруся сваім бацькам — ардэнаносцам Вялікай Айчыннай вайны. Яго няма ўжо, а грэе сэрца Біблія. У апошнія гады жыцця штодзень сваімі працавітымі рукамі ён перагортваў старонкі святой кнігі,” — расчулена прамаўляе Марыя Аляксандраўна.

З хваляваннем дакранаюся да рарытэта, разглядваю, адкрываю на выпадковай старонцы. І — дзіва! — знаходжу адказ на пытанне, якое больш за ўсё хвалюе мяне. Сапраўды, святая кніга — Біблія.

Из рубрики
Top