search

Адпраўляюць у адстаўку (абноўлена 21 кастрычніка)

За правал работы па выніках за дзевяць месяцаў 2011 года ў галінах народнай гаспадаркі 17 кастрычніка на пасяджэнні аблвыканкама старшыня Брэсцкага аблвыканкама Канстанцін Сумар  адзначыў неадпаведнасць займаемай пасадзе старшыні Ганцавіцкага райвыканкама Уладзіміра Столяра і прапанаваў яму напісаць заяву аб адстаўцы.

Пасяджэнне аблвыканкама стала «чорным» днём і для старшыні Столінскага райвыканкама Аляксея Дзямко, які   таксама атрымаў прапанову падаць у адстаўку.

Як удалося даведацца, Канстанцін Сумар адзначыў, што кіраўнікі гэтых раёнаў «дапусцілі поўны правал першага года пяцігодкі». Яны аказаліся самым слабым звяном у вобласці, сапсавалі лічбы тэмпаў росту сацыяльна-эканамічных паказчыкаў, і па выніках працы за трэці квартал Брэстчына апынулася апошняй сярод астатніх рэгіёнаў краіны.

Ужо на наступны дзень пасля пасяджэння аблвыканкама навіна аб адстаўцы Уладзіміра Столяра стала самай «гарачай» тэмай для абмеркавання сярод ганцаўчан. Па-рознаму людзі ўспрынялі гэту навіну: некаторыя — са шкадаваннем, нехта ўзрадаваўся, многія палічылі, што гэта чарговая «утка». Тым больш чуткі пра тое, што Столяра «здымаюць»  і ў Ганцавічах з’явіцца новы кіраўнік «вертыкалі», мусіраваліся на працягу апошніх пяці-шасці гадоў ужо шмат разоў. І ніхто не ведае, адкуль яны з’яўляліся, на якіх падставах і хто быў першакрыніцай. Таму і на гэты раз інфармацыя пачала распаўсюджвацца спачатку на ўзроўні чутак. Але цяпер  яна аказалася не «уткай».

Журналісты «ГЧ» праверылі інфармацыю па некалькіх кампетэнтных крыніцах, у тым ліку даведаліся аб гэтым ад людзей, якія прысутнічалі на пасяджэнні аблвыканкама.

Начальнік упраўлення арганізацыйна-кадравай работы Брэсцкага аблвыканкама Аляксандр Каляда адказаў па тэлефоне “ГЧ”, што інфармацыя аб адстаўцы старшынь Ганцавіцкага і Столінскага райвыканкамаў адпавядае рэчаіснасці. А вось калі ў раёнах з’явяцца новыя кіраўнікі, дакладна яшчэ не вызначана. Па словах Аляксандра Міхайлавіча, адстаўку і назначэнне на пасаду кіраўніка раёна зацвярджае старшыня аблвыканкама, але яшчэ патрэбны час, каб рашэнне было ўзгоднена з прэзідэнтам. “Звычайна  праходзіць месяц-два. За гэты час будуць падабраны новыя кандыдатуры”.

Па-рознаму жыхары Ганцаўшчыны ацэньваюць уклад Уладзіміра Столяра ў развіццё раёна. Ёсць пазітыўныя водгукі пра Уладзіміра Міхайлавіча, дзякуючы якому горад змяніў свой знешні выгляд і папрыгажэў.

Некаторыя даюць негатыўную адзнаку і салідарны з апошнім рашэннем кіраўніка Брэстчыны Канстанціна Сумара, базуючы свае меркаванні на тым, што за гады кіраўніцтва Уладзіміра Столяра Ганцаўшчына страціла больш, чым набыла. Асабліва гэта тычыцца эканамічнага развіцця. Закрылася мноста прадпрыемстваў, школ, дзіцячых садкоў, знікла некалькі сельскіх гаспадарак, па беспрацоўю некаторы перыяд мы былі ганебнымі лідарамі ў краіне. Ды і насельніцтва раёна за 10 гадоў зменшылася на некалькі тысяч чалавек.

Супрацоўнікаў газеты «Ганцавіцкі час», якім бы дзіўным ні падаўся гэты факт, навіна пра адстаўку кіраўніка раёна не ўзрадавала. Без Уладзіміра Міхайлавіча нам будзе сумна. Гісторыя станаўлення і развіцця газеты шчыльна знітавана з перыядам кіраўніцтва Уладзіміра  Столяра. Сёлета спаўняецца таксама 10 гадоў з выхаду першага нумара нашага выдання, тады яшчэ газеты «Спадарожнік». З першага дня выхаду ў свет газета «Ганцавіцкі час» старалася дапамагчы кіраўніку раёна ў яго нялёгкай працы: мы стараліся трымаць яго і нашых чытачоў у курсе сапраўдных падзей. Журналісты адлюстроўвалі негатыўныя бакі сацыяльна-эканамічнага жыцця раёна. І пасля выхаду з друку амаль кожнага нумара мы адчувалі пільную ўвагу да газеты кіраўніка раёна.

10 гадоў – гэта цэлая эпоха. У кожнай эпохі ёсць чалавек-сімвал. Уладзімір Міхайлавіч Столяр – гэта таксама чалавек-сімвал, і ён ужо пакінуў свой след у гісторыі Ганцаўшчыны. З яго вопытам работы на пасадзе кіраўніка ён яшчэ многа дзе спатрэбіцца, магчыма, і ў Ганцавіцкім раёне. Таму зычым яму цёплага прыёму на новым месцы работы, і куды б яго ні адправіла Радзіма, каб ён заўсёды адчуваў моцную  падтрымку незалежнай прэсы.

Новости

Из рубрики
Top