search

Ганцаўчанкі зноў засталіся без ордэнаў Маці

У светлае свята Дзень маці, якое штогод адзначаецца 14 кастрычніка, кіраўніцтва Брэсцкага аблвыканкама ўручыла ордэны Маці 17-ці жанчынам з Брэстчыны. Шматдзетныя жанчыны з Ганцаўшчыны і на гэты раз, як і папярэднія некалькі гадоў запар, засталіся без узнагарод.

Сярод шчаслівіц, якія атрымалі ордэны Маці, былі мамы з горада Пінска, а таксама з Бярозаўскага, Камянецкага, Кобрынскага, Пружанскага, Столінскага раёнаў. Менавіта ім уручылі ордэны Маці ў адпаведнасці з Указам Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь ад 29 верасня за № 435.

Ганцаўчанак па шматгадовай “традыцыі” сярод узнагароджаных не было. І гэта выклікае пытанні ў жыхароў раёна. “Няўжо сярод нашых мам няма ніводнай, якая б заслужыла ордэн? Я сама выгадавала чатырох дачок, і ведаю, што такое быць шматдзетнай. Ты ўжо ні на хвілінку сабе не належыш, толькі дзецям, жывеш іх думкамі і праблемамі. Гэта без перабольшвання цяжкая праца, не кожная жанчына з ёй справіцца”, — сказала ганцаўчанка Вольга Новік.

У адпаведнасці з Указам Прэзідэнта ордэнам Маці ўзнагароджваюцца жанчыны, якія выхоўваюць пяць і больш дзяцей, з’яўляюцца актывісткамі грамадскага жыцця. І ў нашым раёне ёсць маці, якія выхоўваюць па дзевяць-дзесяць дзяцей, і нават па трынаццаць. Выхоўваюць як сапраўдных грамадзян. На жаль, кіраўніцтва нашага раёна сярод шматдзетных маці не знайшло дастойных. “Мабыць, для нашага кіраўніцтва мы ўсе аднолькава харошыя, нават і выбраць няма каго…”, — з сумнай усмешкай сказала шматдзетная маці ганцаўчанка Ніна Андрэеўна.

Аднак, каб зусім не абысці ўвагай жанчын ў свята, райвыканкам запланаваў і правёў шэраг мерапрыемстваў. Да свята шматдзетныя сем’і, якія маюць у гэтым патрэбу, атрымалі гуманітарную дапамогу. Аддзел ідэалагічнай работы і ўпраўленне па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама падрыхтавалі падарункі для некаторых жанчын-маці. Кіраўніцтва раёна сустрэлася са шматдзетнымі маці за “салодкім сталом”, а работнікі культуры правялі вечар адпачынку пад назвай “З любоўю і пяшчотай”.

Але ж ордэны таксама маглі ўручыць…

Новости

Из рубрики
Top