search

Хваліцца аграрыям няма чым, а святкаваць трэба…

Свята, прысвечанае Дню сельскай гаспадаркі і аграпрамысловага комплексу, якое прайшло 17 лістапада, на Ганцаўшчыне адзначылі  больш сціпла, чым у мінулыя гады. Сёлета нават па святкаванні прафесійнага дня работнікаў палёў, ферм і АПК было відаць, што крызіс моцна закрануў Ганцаўшчыну.

На плошчы на гэты раз не было ні выставы навейшай тэхнікі, ні экскурсій школьнікаў і выхаванцаў з дзіцячых садкоў, якія раней з захапленнем глядзелі на магутныя трактары “Джон-Дзіры”, МТЗ, камбайны і іншыя цуда-машыны. У параўнанні з мінулымі гадамі сціплай была выстава сельгаспрадукцыі, у ГДК вытворцы выставілі ўсяго некалькі інфармацыйных стэндаў. Толькі ААТ “Райаграсэрвіс” на вялікім, прыгожа аформленым стэндзе змясціў шмат цікавай інфармацыі: пра гісторыю прадпрыемства, пра тое, чым жыве яно сёння, якія чакаюць перспектывы, будуць рэалізоўвацца інвестыцыйныя праекты. Будучыню ў таварыстве бачаць за тэхабслугоўваннем і рамонтам сучаснай тэхнікі, нарошчваннем выпуску рапсавага алею. Як бачаць будучыню на астатніх прадпрыемствах, у сельгаскааператывах і ці бачаць яе ўвогуле, застаецца толькі здагадвацца.

Але ўсё ж асобныя сельгаскааператывы пастараліся і, падпарадкоўваючыся традыцыі, ушанавалі хлеб як найвялікшае багацце: прывезлі свае караваі з зерня новага ўраджаю і іншую прадукцыю. Асабліва СВК “Будча”, які дэманстраваў хатняе сметанковае масла, элітныя гатункі гародніны і розныя прысмакі.

Выручыла ААТ “Баранавіцкі малочны камбінат”, якое запрашала прадэгуставаць розныя гатункі сыру, кефіру, ёгурту.
Ну, і яшчэ сваю прадукцыю прадставіла фермерская гаспадарка “Агра-Восень” з Дзяніскавіч. Морква, буракі, капуста — тое, што пакуль ганцаўчане яшчэ могуць дазволіць сабе есці кожны дзень.
Па словах вяскоўцаў, не надта пампезнай была і афіцыйная частка мерапрыемства (што, дарэчы, і спадабалася многім прысутным. – заўв. Аўт.). Асабліва ў гэтым годзе сельгасвытворцам Ганцаўшыны пахваліцца не было чым. Кіраўніцтва вобласці крытычна ацаніла работу сельскай гаспадаркі нашага раёна. Ганцаўшчына па выніках 9 месяцаў “заваліла” першы год пяцігодкі. Канечне, былі аб’ектыўныя прычыны таго, што аграрыі не атрымалі паказчыкаў, на якія разлічвалі:  нашкодзіла стыхія. Але наракаць толькі на надвор’е не варта. Буйны град сёлета найбольш зачапіў сельгасугоддзі СВК “Дубнякі”, аднак кіраўніцтва і працаўнікі гаспадаркі знайшлі рэзервы і даволі дастойна закончылі сельскагаспадарчы год. Што замінае астатнім, каго град амаль не зачапіў? Штогадовыя “крыўды” на надвор’е набілі аскоміну.
Яскравей за ўсё адлюстроўваюць сітуацыю лічбы статыстыкі, а яны несуцяшальныя. Магчыма, жывёле ў некаторых гаспадарках у наступным годзе «абрэжуць пайку». Кароўкі будуць менш есці сена, якога нарыхтавалі ў раёне на 7932 тоны (на 17,6%) менш, чым у мінулым годзе,  сенажу на  38126 тон (на 15,7%) менш, сіласу таксама (нарыхтавалі менш на 9,7%).

У цэлым сёлета па стане на 1 кастрычніка ў параўнанні з гэтым жа перыядам 2010 года аграрыі Ганцаўшчыны недабралі 30128 тон кармоў, амаль 13%.
Мяса таксама рэалізавалі менш, чым у мінулым годзе, – усяго 1207,3 тоны, што на 8,4% менш, чым за аналагічны перыяд мінулага года.

Лепш спрацавалі жывёлаводы ў малочнай галіне. Але хваліцца асабліва таксама няма чым. На 4,2% павялічылі толькі валавы надой малака – 17445,1 тоны. Але гэта адбылося за кошт нязначнага павелічэння пагалоўя. А вось рагулі ў сярэднім далі меншы надой на 0,5%. Па словах аднаго з кіраўнікоў сельскагаспадарчай галіны, колькасць малака, якую надойваюць зараз у раёне, у былыя часы даваў адзін калгас імя Кірава ў Агарэвічах. Спецыяліст прывёў прыклад: у Фінляндыі ў сярэднім надой на адну карову – 7,5 тысячы ў год, у Швецыі дасягае нават 9,5 тысячы літраў у год. Нават у 1940 годзе былі калгасы у Саюзе, якія давалі надоі па 5 тысяч літраў ад каровы.

Зараз з сучаснымі тэхналогіямі, навейшым абсталяваннем нават да паказчыку перадваенных гадоў  ганцавіцкім сельгасвытворцам далёка-далёка.

Але ж не будзем толькі пра сумнае… Найбольш запамінальнымі на самім мерапрыемстве былі, зразумела, прыемныя моманты — калі працаўнікам, якія звязаны з сельскай гаспадаркай, уручалі  граматы абласнога і раённага выканаўчых камітэтаў, а таксама прэміі ў канвертах.

Свята закончылася, а аграрыям ізноў працаваць – цяжка, многім без выхадных, разважаючы, як на калгасную зарплату звясці канцы з канцамі.

Новости

Из рубрики
Top