search

Насілле ў сям’і — гэта паталогія

Сямейныя скандалы нараўне з крадзяжамі займаюць найбольш радкоў у міліцэйскіх зводках апошніх гадоў. Часта славесныя баталіі скандалістаў пераходзяць у “рукапашную”. Як правіла, кулак як аргумент выкарыстоўваюць нецвярозыя людзі, найчасцей сямейнымі тыранамі становяцца мужчыны.  Бывае, што жанчыны гадамі церпяць насілле над сабой з боку свайго партнёра.

У Міжнародны дзень барацьбы за ліквідацыю насілля ў адносінах жанчын самы час пагаварыць аб гэтай сацыяльнай праблеме.

У чарговы раз чытаючы міліцэйскую зводку, здзіўляешся: ніводная з іх не абыходзіцца без сямейных скандалаў. Міліцыянеры ўжо добра ведаюць многіх “герояў” па імёнах, бо выязджаць у адну і тую ж сям’ю прыходзіцца не адзін раз. Найчасцей кулак як аргумент пускаюць у ход мужчыны, як правіла, — нецвярозыя. Многія жанчыны гадамі церпяць жорсткасць і непавагу да сябе.

Гісторыі розных нешчаслівых жанчын, якія прыйшлося пачуць, у многім падобны адна на другую.

Гісторыя першая. Са шчаслівым фіналам
Ірына вырасла ў няпоўнай сям’і: тата яе загінуў, калі дзяўчынцы ледзь споўнілася 4 гады. Тры жанчыны — яна, мама і сястра жылі дружна. Ірына закончыла каледж, паступіла на завочнае аддзяленне ва ўніверсітэт, уладкавалася на добрую работу па спецыяльнасці.

Ірынін востры язычок, аптымізм і тонкае пачуццё гумару заўсёды дапамагалі быць у цэнтры ўвагі любой кампаніі. Аднак больш цеснага вопыту зносін з мужчынам не хапала. Магчыма, таму яна і не прыдала вялікага значэння таму, што Мікалай іншы раз прыходзіў на спатканні падвыпіўшы.

Пасля вяселля, калі Мікалай упершыню амаль упоўз, а не ўвайшоў у дом, Ірына спачатку расплакалася, а потым супакоіла сябе тым, што яе каханне і клопат усё выправяць. Тым больш што бывала такое нечаста, і кожны раз Мікалай знаходзіў важкія аргументы ў сваю абарону.

Нарадзіўся сын. Радавацца б! І Мікалай “радаваўся” — «не прасыхаў амаль месяц». У самы цяжкі для маці і дзіцяці час яны засталіся без яго дапамогі. Аднойчы, калі стомленая Ірына паспрабавала папракнуць Мікалая гэтым, ён павярнуўся да яе і наводмаш ударыў па твары.

Ірына заплакала, нават не столькі ад болю, колькі ад крыўды. Назаўтра, калі Мікалай працверазеў, яна паспрабавала пагаварыць з ім. Ён згадзіўся, што нельга так рабіць, запэўніў, што такое больш не паўторыцца і некаторы час сапраўды трымаўся.

Але праз некалькі месяцаў сітуацыя паўтарылася. З таго часу “сустрэчы з сябрамі” пачалі адбывацца ўсё часцей, многія з іх заканчваліся для Ірыны сінякамі. Ні нараджэнне дзіцяці, ні яе выхад на работу не спынілі Мікалая. Наадварот, пабоі станавіліся  ўсё больш жорсткімі, папрокі раслі нібы снежны ком.  Праз некалькі гадоў сумеснага жыцця Ірына стала вінавата ў ва ўсім: што мае вышэйшую адукацыю і “нядобрых” сваякоў, што на работу ходзіць, “каб пераспаць з чужымі мужчынамі”, што не так як трэба выхоўвае сыноў і  — супраць яго найлепшых у свеце сяброў…
Яна доўга не магла паверыць, што гэта адбываецца з ёй. З вясёлай, адкрытай дзяўчыны Ірына пераўтрваралася ў “забітую” жанчыну, якая пужліва выглядвае ў акно — у якім стане вернецца з работы муж, каб своечасова схавацца ў шафу, за шторы ці за тумбачку. Не раз ёй даводзілася там начаваць, у начной сарочцы вылятаць на лесвічную пляцоўку, ледзь паспеўшы зачыніць буяна ў кватэры, начаваць з дзецьмі ў суседзяў, босай, з пабітым тварам бегчы на другі канец горада да сястры. Аднак калі тая ўгаворвала кінуць насільніка, Ірына пачынала шукаць яму апраўданні, згадваць яго найлепшыя якасці, успамінала, якім ён бывае пяшчотным, як дзякуе яе за цярплівасць, калі бывае цвярозым.

Толькі цвярозым Мікалай бываў усё радзей. Таму ўсё часцей Ірыну наведвалі расчараванне, думкі аб немагчымасці такога існавання, аб тым, што жывёльны страх ўсё больш выцясняе з яе душы светлыя пачуцці.
Аднойчы зачынены ў кватэры Мікалай “выбег” за Ірынай праз балкон… другога паверха. “Подзвіг” працверазіў не толькі яго, але і жанчыну, якая раптам зразумела, што хтосьці з іх можа ў лепшым выпадку застацца калекай. Ірына знайшла ў сабе сілы разарваць заганны круг: сабрала дакументы, рэчы і разам з дзецьмі ў чарговы раз уцякла да мамы. Каб больш ніколі не вярнуцца.

Яна доўга баялася сустрэць бацьку сваіх сыноў у горадзе, уздрыгвала, калі званіў тэлефон. Калі бачыла кагосьці падобнага на яго, сэрца, здавалася, абрывалася і ляцела ў бездань. Таму калі надарылася магчымасць выехаць у іншы горад, не задумваючыся, скарыстала яе.

Цяпер у Ірыны іншае жыццё — без насілля. Яе дзеці ходзяць у школу, яна вучыць іх дабру і ўзаемнай любові. І верыць, што калі-небудзь і яны, і яна сустрэнуцца з сапраўдным каханнем.

Гісторыя другая. Сумная
Псіхолагі сцвярджаюць, што ў сем’ях, дзе пануе насілле, жыццё круціцца па адным сцэнарыі: стадыя нарастання напругі пераходзіць у стадыю агрэсіі, затым — у стадыю прымірэння, якая адлюстроўваецца ў стане эйфарыі або пачуцці моцнай прывязанасці, жаданні ахвяры дапамагчы агрэсару (напрыклад, мужу-алкаголіку), у клятвах адзін аднаму выправіцца, пачаць новае жыццё… Аднак менавіта ў гэтым ілюзорным стане ў ахвяры пачынае назапашвацца агрэсія, змешаная са страхам паўтарэння мінулага — жорсткасці і болю.

Алена гадамі цярпела п’яныя выхадкі Івана: ён быў фізічна дужэйшы, кармілец сям’і. Добрых парад, як і абароны, шукаць не было ў каго: муж даўно ўстанавіў дыстанцыю паміж ёй і сваякамі, напрыдумваўшы неіснуючых крыўд, да іх перасталі заходзіць суседзі і сябры. Яна даўно звыклася з тым, што ні на што ў гэтым жыцці не годная, і толькі ён здольны цярпець яе выхадкі, і нікому больш ні яна, ні яе дзеці не патрэбны. Яна даўно выслугоўвала крупінкі хаця б ніштаватых адносін да сябе.

Выраслі, стварылі свае сем’і і выехалі ў іншыя гарады двое сыноў, а ў сям’і 53-гадовай Алены нічога не змянілася. Хіба толькі яна сама, шукаючы выратавання, усё часцей пачала за кампанію з мужам прыкладвацца да чаркі, якая рабіла яе больш смелай. І ў адной з сямейных разборак яна адчула, што сілы пакінулі мужа-алкаголіка, і цяпер яна можа адпомсціць за ўсе былыя сінякі, за боль, за тое, што дзеці амаль не заглядваюць у сваё “радавое гняздо”, дзе ўсё іх дзяцінства і юнацтва скалечылі п’яныя выхадкі бацькі і бяссільныя слёзы маці.

Чарговая выпіўка тэт-а-тэт з мужам зноў скончылася скандалам. Алена пазней не магла ўспомніць, з-за чаго ўсчынілася бойка і хто яе пачаў. Яна проста біла Івана, які спачатку адмахваўся, ухіляўся ад яе ўдараў, потым перастаў…

“Хуткая” забрала яго ў рэанімацыю райбальніцы. У тую ж ноч ён памёр ад пералома грудной клеткі і разрываў унутраных органаў.

Па гэтым факце была заве-дзена крымінальная справа. Ёй прад’явілі абвінавачванне па артыкуле 139 ч. 2 п. 6 “Забойства, здзейсненае з асаблівай жорсткасцю”. Некалькі дзён цягнуўся судовы працэс. На ім сваякі, суседзі прамаўчалі аб тым, як жыла Алена ўсе мінулыя гады, чаму сарвалася, узяла ў рукі чарку. Не знайшлося шкадавання і апраўдання для маці і ў яе сыноў.

У судзе Алена прызнала сваю віну. У кастрычніку 2009 года суд прыгаварыў яе да 10 гадоў пазбаўлення волі.

Палюбіць саму сябе…

Наўрад ці можна лічыць нармальнымі людзей, якія дапускаюць адносіны, складаючай якіх з’яўляецца  пастаянны страх. Тады чаму такія нездаровыя адносіны цягнуцца гадамі? Якія сувязі, нібы кандалы, трымаюць разам мужчыну і жанчыну ў гэтых няшчасных сем’ях? Як разарваць заганны круг, у якім пакутуюць насільнікі, ахвяры і іх дзеці?

Педагог-псіхолаг сацыяльна-педагагічнага цэнтра Вольга Падгорнава адзначае, што прычын дамашняга насілля шмат, часта яны наслойваюцца адна на другую. Найчасцей гэта — псіхалагічныя праблемы ахвяры і самаго насільніка. “Не выключана, што ў дзяцінстве яны самі падвяргаліся насіллю”, — гаворыць Вольга Аляксандраўна. Таксама да набольш частых  прычын псіхолаг адносіць нізкі інтэлект насільніка, злоўжыванне спіртным, асаблівасці характару  і тэмпераменту (палкі, рэзкі), адсутнасць навыкаў нармальных, спакойных адносін.

Трымаюць нешчаслівыя сем’і, на думку Вольгі Уладзіміраўны, страх і залежнасць. Пужае перспектыва адзіноцтва, эканамічных праблем. Да таго ж ахвяры ўвесь час гавораць, што яна нічога не вартая, ні з чым не справіцца сама. У пачуцці болю і страху ўплятаюцца пачуцці віны, якую хочацца загладзіць. Падмацоўваюць усё гэта стэрэатыпы пра тое, што “дзеці застануцца без бацькі”, што “многія так жывуць”.
Як знайсці выйсце са складанай сітуацыі? “Варта разбірацца ў сітуацыі і спрабаваць яе выправіць: разам з мужам аналізаваць учынкі, звяртацца да псіхолагаў па дапамогу, спрабаваць змяніць свой стыль паводзін, — раіць Вольга Аляксандраўна. — Карэкцыйная работа з такімі людзьмі звычайна складаецца з некалькіх этапаў. Спачатку спецыялісты дапамагаюць жанчыне аднавіць самаацэнку, вярнуць ёй упэўненасць у сабе. Потым жанчыну вучаць жыць у той сітуацыі, якая ёсць, вызначаць моманты, якалі насільнік пагражае ёй і дзецям, своечасова ўцякаць ад яго, прыхапіўшы дакументы. Пасля жанчыне варта стварыць карцінку будучага: дзе яна будзе жыць, як, чым займацца, як зарабляць на жыццё? І толькі калі ахвяра насілля “саспее” і зразумее, што нічога ў гэтай яе сям’і не зменіцца да лепшага, яна пакідае яе”.
“Б’е — значыць любіць”, — гэтая “дамастоеўская” ўстаноўка даўно састарэла. Па словах псіхолага, нельга ўспрымаць сітуацыі насілля ў сям’і як норму. Гэта паталогія, якую трэба “лячыць”, з якой трэба змагацца.

Новости

Из рубрики
Top