weather

USD 2.5448

EURO 2.8702

RUR(100) 3.4543

search

Будаўнік ПМК-7 упаў з трэцяга паверха

У мінулую пятніцу, 25 лістапада, у рабочы час з трэцяга паверха новабудоўлі ЖБСК-33 упаў мантажнік ПМК-7, 44-гадовы Сяргей Ленкавец. Будаўнік атрымаў закрытыя траўмы пляча і ступні.

Бетонная перамычка, якая ляжала над гэтым аконным праёмам, стала прычынай траўм будаўніка
Бетонная перамычка, якая ляжала над гэтым аконным праёмам, стала прычынай траўм будаўніка / Фото: Петр Гузаевский

Выпадак адбыўся каля 9 гадзін 40 мінут — менавіта ў гэты час “хуткай дапамогай” быў зафіксаваны выклік.

Па словах мантажнікаў ПМК-7 Валерыя і Івана (так яны прадставіліся карэспандэнту “ГЧ”), якія працуюць у той жа брыгадзе, што і пацярпелы Сяргей, падчас няшчаснага здарэння яны працавалі побач з домам, а іх таварыш на трэцім паверсе дома, здымаў апалубку.

“Я пачуў удар і калі падбег, то Сяргей ляжаў на зямлі, а на ім — дошкі”, — расказаў Валерый. – Я зняў ватоўку і падклаў яму пад галаву.  А Іван, які падаспеў за мною, скінуў сваю куртку, і мы разам падклалі яе пад таварыша”.

Праз хвіліну-другую прыбеглі іншыя рабочыя, брыгадзір  і прараб. Хтосьці выклікаў “хуткую”.

«Сяргей быў пры памяці”, — расказаў Іван, — яшчэ  назваў мяне па імені і папрасіў:  пазваніце жонцы, і назваў нумар тэлефона. Я патэлефанаваў Таццяне, пастараўся як мага асцярожней расказаць пра здарэнне. Праз некалькі хвілін  пад’ехала “хуткая дапамога”, і траўміраванага будаўніка павезлі ў бальніцу».

“Ніхто не чакаў, што такое магло здарыцца з такім акуратным работнікам, як Сяргей”, — сказаў старшы прараб ПМК-7 Юрый Шабунін. Па словах Юрыя Уладзіміравіча, нейкім чынам здарылася так, што з чацвёртага паверха ўпала бетонная перамычка, якая ляжала над аконным праёмам. Гэта адбылося ў той час, калі Сяргей хацеў, каб кран з трэцяга паверха  зняў дошкі з апалубкі. Цяжкая перамычка ўпала на дошкі, а мантажніка фактычна катапульціравалі з акна трэцяга паверха. Ён “прызямліўся” адной нагой на заасфальтаваную паверхню, другой — на пясок, зверху на яго ўпалі дошкі. Пасля падзення з дзесяціметровай вышыні мантажнік атрымаў закрытыя траўмы правага плечавога пояса і левага галёнкаступнёвага сустава.

Брыгада  мантажнікаў ужо наведала траўміраванага таварыша ў бальніцы. “У пятніцу нас не пусцілі да яго ў рэанімацыю, а вось у нядзелю мы пабывалі ў хірургіі”, — расказалі пээмкоўцы. Небяспека мінавала, запэўнілі іх медыкі, але лячыцца Сяргею прыйдзецца доўга. І грошы на лячэнне спатрэбяцца, таму будаўнікі збіраюцца дапамагчы калегу.
Па словах  старшага прараба Юрыя Шабуніна, у чым прычына гэтага здарэння і хто вінаваты, будуць высвятляць. “Мы не ўтойваем, што гэта вытворчая траўма, — сказаў Юрый Уладзіміравіч, — і вельмі шкадуем, што так атрымалася”.

Из рубрики
Top