weather

USD 2.5486

EURO 2.8758

RUR(100) 3.4345

search

Ахвяраванні школе – справа дабравольная

Рашэнне апякунскага савета СШ №3 аб зборы па 70 тысяч за год давялі на агульным бацькоўскім сходзе ў мінулы чацвер. Першую палову ўзносу патрэбна здаць ужо да 15 снежня. Аднак адсутнасць канкрэтнай мэты, на якую збіраюцца ахвяраванні, прыём грошай не на рахунак, а ў рукі, і чаму такая спешка, не задаволілі некаторых бацькоў, і яны звярнуліся ў “ГЧ” з просьбай асвяціць гэту праблему на старонках газеты.

“Сабраць дзіця ў школу, заплаціць за дапаможнікі, абеды — усё гэта і так значна б’е па бюджэце сярэднестатыстычнай сям’і. А тут яшчэ і нейкія “патрэбы школы”. Хто спытаў пра патрэбы маёй сям’і?!” —  абуралася адна  маці вучня СШ № 3.

Такія пытанні ў многіх бацькоў, і не толькі нашага раёна, узнікаюць штогод. Ёсць, канечне, і прыхільнікі такіх фінансавых адносін паміж установай адукацыі і бацькамі яе вучняў. Аднак нямала і праціўнікаў, і яны інакш як “паборамі” гэта не называюць.

Ірына Лебедзь, сын якой таксама вучыцца ў СШ №3, заўважыла, што большасць бацькоў не супраць дапамогі, калі школа ў ёй сапраўды мае патрэбу. Кожны год выпускнікі ўстановы дараць ёй нятанныя падарункі — апаратуру, музычныя інструменты ці штосьці з мэблі. Штогод бацькі робяць рамонт  у класах, дзе вучацца іх сыны і дочкі — гэта ўжо як само сабой разумеецца. Напрыклад, і сёлета бацькі іх 3 “В” класа дапамагалі з рамонтам,  за іх сродкі ўстанаўлівалі  дзверы, куплялі жалюзі.  “Чаго не зробіш, каб твайму дзіцяці было добра! — сказала Ірына Мікалаеўна і рэзонна дадала: — Але чаму мы перадаём грошы з рук у рукі, а не кладзём на разліковы рахунак школы?”.

Грошы з бацькоў вучняў сярэдняй школы № 3 пачалі збіраць пасля таго, як апякунскі савет на першым сваім пасяджэнні прыняў рашэнне аказаць школе матэрыяльную падтрымку ў памеры дзвюх базавых велічынь (70 тысяч рублёў) у год за першае дзіця, якое вучыцца ў школе, па 50 працэнтаў ад гэтай сумы — за другое. Як стала вядома “ГЧ”, апякунскі савет спехам збірала кіраўніцтва школы — па аднаму прадстаўніку ад кожнага класа. Быў абраны яго актыў, пасля чаго, па словах аднаго з членаў савета (прозвішча прасіла не называць), дырэктар установы Надзея Здрок сказала, што сёння ва ўсіх цяжкае становішча, школе трэба дапамагчы, і прапанавала бацькам сабраць грошы. Менавіта кіраўніцтва агучыла і суму збораў. Інфармацыю аб зборах на бацькоўскіх сходах і па тэлефоне даводзілі да іншых бацькоў члены апякунскага савета.
Дырэктар СШ № 3 Надзея Здрок пацвердзіла, што рашэнне аб зборы сродкаў для школы было прынята. “Але яго прынялі не мы, а апякунскі савет. Гэта рашэнне бацькоў,” — паспешліва заўважыла яна. Надзея Уладзіміраўна дала зразумець, што адказваць на іншыя пытанні не будзе, саслаўшыся на моцную занятасць.

На пытанне, якім чынам будуць збірацца і перадавацца грошы школе, старшыня апякунскага савета Уладзімір Бялоў адказаў, што пакуль не ведае: “Я першы раз у такой сітуацыі. Аднак свайму сыну яшчэ не даваў грошы і не дам, пакуль не буду ўпэўнены, што ўсё арганізавана юрыдычна граматна”.

Іншыя члены савета ўжо збіраюць грошы з дапамогай класных кіраўнікоў. Напрыклад, вечарам 30 лістапада маці вучня 3 “В” класа Галіна Швайка ўжо трымала на руках 122500 рублёў. Яна патлумачыла, што, калі будуць сабраны ўсе грошы, яна пералічыць іх на спецрахунак школы. На пытанне, ці складаюцца дагаворы з тымі бацькамі, якія ахвяруюць грошы, жанчына адказала, што такога няма. Дакладна не ведае яна і пра тое, на якія мэты грошы будуць выкарыстаны: “Кіраўніцтва школы патлумачыла, што на патрэбы школы. Быццам санстанцыя дала ўказанне замяніць пластмасавыя кубкі на фарфоравыя. Магчыма, спатрэбіцца замяніць парты, крэслы, дзе-нідзе зрабіць рамонт. І касцюмы Дзеда Мароза ды Снягурачкі трэба абнавіць”.

Па словах Галіны Міхайлаўны, кіраўніцтва школы назвала дакладную дату  (15 снежня), да якой трэба сабраць палову ўстаноўленых узносаў.

Такі расклад не задавальняе Ірыну Лебедзь, бухгалтара па спецыяльнасці, якая прывыкла да акуратнасці ў рабоце з лічбамі. “Чаму за мяне нехта вырашыў, якую суму мне ахвяраваць?” — сказала Ірына Мікалаеўна. “Нават па грубых падліках, калі да 15 снежня здадуць грошы 500 бацькоў па 35 тысяч, будзе сабрана 17,5 мільёна рублёў, — прыкідвае Ірына Мікалаеўна. — Я хачу не прыблізна, а дакладна ведаць, куды пойдуць бацькоўскія грошы, і жадаю, каб яны ішлі мэтанакіравана. Акрамя таго, я чакаю, што перад бацькамі школа здасць справаздачу за кожны патрачаны рубель — дакументальна і наглядна”.

Старшыня апякунскага савета школы Уладзімір Бялоў заўважыў, што рашэнне савета не мае сілы загаду, а носіць рэкамендацыйны характар. “Колькі каму ахвяраваць школе і калі, вырашаць самі бацькі. Хто можа дапамагчы — дапаможа, хто не  жадае ці каму цяжка — яго справа,” — сказаў Уладзімір Уладзіміравіч.

Супрацоўнік “ГЧ” высветліла, што для харчавання школьнікаў павінен выкарыстоўвацца посуд з фарфору, фаянсу альбо шкла. Як патлумачыла памочнік урача-гігіеніста РЦГіЭ Валянціна Валасюк, згодна з п. 144 “Санітарных правілаў і нормаў. Гігіенічныя нарматывы, гігіенічныя патрабаванні да  ўладкавання, утрымання і арганізацыі адукацыйнага працэсу ў агульнаадукацыйных установах”, зацверджаных Пастановай Міністэрства аховы здароўя № 94 ад 15.04.10 г., пластык можа выкарыстоўвацца толькі для часовага харчавання школьнікаў у якасці сталовага посуду аднаразовага выкарыстання. Так што на фарфоравы посуд школа сапраўды можа збіраць грошы. На жаль, журналісту не ўдалося атрымаць падрабязныя каментарыі дырэктара СШ № 3 Надзеі Здрок аб дакладных патрэбах установы і празрыстасці справаздачы школы перад бацькамі.

Таму пытанні застаюцца адкрытымі.

Каментарый юрыста  Надзеi ШВЕД
Згодна з Пастановай Савета Міністраў Рэспублікі Беларусь ад 03.10.2002 г. № 1376 “Аб зацвярджэнні Пераліку платных адукацыйных паслуг, аказваемых дзяржаўнымі ўстановамі адукацыі”, не забараняюцца дабравольныя ахвяраванні, узносы і іншыя дабравольныя паступленні ў фонд школы (на яе разліковы рахунак ці ўпраўлення адукацыі).

Ахвяраванне     з’яўляецца разнавіднасцю дагавора дарэння і адрозніваецца ад звычайнага дарэння мэтай, дзеля каторай здзяйсняецца дар, і асаблівым суб’ектным складам адорваемых у межах дагавора ахвяравання. Грамадзянскім кодэксам Рэспублікі Беларусь (п.1 арт. 391) прадугледжваецца, што не дапускаецца прымушаць грамадзян і юрыдычных асоб да заключэння дагавора, за выключэннем выпадкаў, калі абавязанасць заключыць дагавор прадугледжана заканадаўствам ці дабравольна прынятым абавязацельствам.

Збор грашовых сродкаў часта падносіцца як ініцыятыва саміх бацькоў. У гэтых мэтах ва ўстановах адукацыі ствараюцца і функцыянуюць апякунскія саветы і бацькоўскія камітэты, якія дзейнічаюць на падставе Палажэння аб апякунскім савеце ўстановы адукацыі, зацверджанага Пастановай Міністэрства адукацыі РБ ад 24.05.2002 года № 20.

Фінансавыя сродкі залічваюцца на рахункі ўстановы адукацыі і выкарыстоўваюцца па мэтавым прызначэнні ў адпаведнасці з рашэннем апякунскага савета. Важнае месца ў гэтай сістэме мае справаздача перад бацькамі аб зробленым і патрачаных сумах, і не толькі на словах, але і дакументальна — з прад’яўленнем адпаведных чэкаў і рахункаў, наглядна — з дэманстрацыяй набытых рэчаў.

Такім чынам, патрабаваць грошы з бацькоў ніхто не мае права. Дапамагчы школе — дабравольная справа, а не абавязак. Ініцыятыва апякунскага савета ці бацькоўскага камітэта аб аказанні дапамогі навучальнай установе носіць выключна рэкамендацыйны характар.

Што датычыцца адміністрацыйнага ціску на бацькоў, якія не здаюць грошы, на іх дзяцей, у тым ліку і прадузятымі выказваннянні ў іх бок, то такія дзеянні — супрацьзаконныя.

Схемы аказання дабрачыннай дзейнасці бацькоў павінны быць максімальна празрыстымі. Аптымальны шлях — унясенне грошай на разліковы рахунак, а не перадача іх з рук у рукі, і тым больш не перадача ў рукі адміністрацыі ўстановы ці настаўніка. Інакш пытанні да кіраўніцтва школы могуць узнікнуць не толькі ў бацькоў, але і ў кантралюючых і праваахоўных органаў.

Из рубрики
Top