weather

USD 2.5448

EURO 2.8702

RUR(100) 3.4543

search

Нашай газеце 10 гадоў

На наступным тыдні, 14 снежня, у калектыва газеты “Ганцавіцкі час” і нашых сталых чытачоў, якія ўжо сталі нашымі вернымі сябрамі, ёсць нагода адзначыць юбілей. Споўніцца  10 гадоў з таго часу, як у Ганцавіцкім раёне з’явілася новая грамадска-палітычная газета. Але ў тых умовах, у якіх давялося ёй развівацца і заваёўваць чытача, можна смела лічыць год за два — як некалі лічылі працоўны стаж рабочым, якія працавалі на Поўначы.

Даводзілася чуць розныя версіі аб тым, як узнікла газета. І якіх толькі варыянтаў не прыдумвалі людзі! Сёння вы даведаецеся пра рэальную гісторыю стварэння выдання,  з першакрыніцы.

Як у Ганцавічах з’явілася газета “Ганцавіцкі час”?

Першы нумар нашай газеты ганцаўчане ўбачылі 14 снежня 2001 года, тады гэта быў «Спадарожнік». Але ўсё пачалося за год да гэтага знамянальнага моманту. Гэта быў таксама снежань, але 2000 года. Аўтар гэтага артыкула тады толькі асвойваў карыстанне камп’ютарам, які  быў тады ў раёне  яшчэ не надта распаўсюджаны. На тым камп’ютары быў звярстаны, а потым аддрукаваны на прынтары першы нумар бюлетэня, які называўся “Наша Ганцаўшчына”.

Яшчэ да таго, як выйшаў першы нумар нават не газеты, а бюлетэня, пачаліся перашкоды.

Міліцыянеры чамусьці вырашылі, што “накрылі” падпольную друкарню. Хаця гэтага бюлетэня і не было, а толькі чарнавы варыянт яго на некалькіх лістах паперы, ды і тыя былі з чорнымі палосамі, бо «друкарка» была карыстаная і не зусім спраўная. Тым не менш пагрузілі  яе і адзіны камп’ютар разам з “першадрукаром” (аўтарам гэтага артыкула) ва УАЗік і прывезлі ў райаддзел. Потым у судзе аштрафавалі на дзве “базавыя”.

Але дзеянні міліцыі і рашэнне суда пазней былі прызнаны незаконнымі. Камп’ютар вярнулі, як і грошы пасля абскарджвання рашэння ў абласной інстанцыі. Справу разглядаў ужо старшыня суда Ганцавіцкага раёна Іван Мяшкевіч, які і адмяніў рашэнне, вынесенае першапачаткова. Потым раз на месяц выйшлі яшчэ шэсць нумароў “Нашай Ганцаўшчыны”, якія расказвалі пра палітыку і мясцовыя праблемы.

Рэдактарам бюлетэня быў аўтар гэтага артыкула, і некалькі нумароў выйшлі пад яго псеўданімам Павел Богуш. Эстафету цікаўнасці да самвыдата перахапіла пракуратура, дзе мяне дапытвалі, хто такі гэты Павел Богуш.

Пасля таго, як са мной замучылася размаўляць памочнік пракурора, бо нічога не дабілася, задаваў пытанні сам пракурор раёна — на той час Сяргей Туравец. Ён стараўся зрабіць усё, каб я прызнаўся, што рэдактар я. «Як завуць бацьку?» «Павел», — адказваў я. «А дзявочае прозвішча маці?» «Богуш», — гэтак жа сумленна адказваў я. І тут Сяргей Іванавіч казаў: «Ну вось, Павел Богуш значыць — Вы!». На што я адказаў: “Чаму я? А можа, гэта старшыня райвыканкама – ён родам з вёскі Богушы”. З гэтага смяяўся і я, і пракурор. Будучы на той час не вельмі дасведчаным у юрыдычных пытаннях, я не ведаў, што закон патрабуе ставіць у выходных дадзеных не псеўданім, а сапраўднае прозвішча — гэта я і паабяцаў надалей.  А рэгістрацыі выдання да 299 экзэмпляраў не патрэбна. Так што кожны можа друкаваць свае газеты…

Прымітыўны па дызайне, з малюнкамі замест фотаздымкаў, з граматычнымі памылкамі,  бюлетэнь складаўся з чатырох старонак А4, і 250 экзэмпляраў яго  бясплатна былі раздадзены ў горадзе і вёсках. Дапамагла аддрукаваць тыраж тады кіраўнік рэсурсавага цэнтра “Вежа” з Брэста Іна Кулей, дачка былога ганцавіцкага пракурора, якая некалі працавала ў Ганцавічах у дапаможнай школе-інтэрнаце.

У першым нумары была надрукавана нататка пра тое, што ў раёне завяршыўся збор подпісаў настаўнікаў, якія былі незадаволены зарплатай і заяўлялі пра магчымасць спынення працы; пра тое, як жыхары вёскі Круговічы сабралі 87 подпісаў і патрабуюць лазню, якой няма і па сённяшні дзень. Быў нават аб’яўлены конкурс на самую малую зарплату ў раёне. Дарэчы, такі мы хочам аб’явіць і зараз (умовы шукайце ў бліжэйшых нумарах “ГЧ” – прыз будзе цікавы). Усяго выйшла сем нумароў “Нашай Ганцаўшчыны”, адзін нумар на месяц.

Шлях ад бюлетэня  да прафесійнай газеты

Далей лёс звёў мяне з Аляксеем Белым і Алегам Панамаровым з Баранавіч, якія, убачыўшы дылетанта, які нешта спрабаваў на журналісцкай ніве, параілі звярнуцца да дырэктара «Выдавецкага дома «Інтэкс-прэс» Уладзіміра Янукевіча і паспрабаваць у Ганцавічах выпусціць сапраўдную, зарэгістраваную газету. Вопыту выдання газет, не лічачы бюлетэня, ды і прафесійнага падыходу да напісання артыкулаў на той час у мяне амаль не было, але было вялікае жаданне і непамерны рэсурс энергіі.

Адкладваць прапанову надоўга не стаў. Дырэктар “Інтэкс-прэс” Уладзімір Янукевіч у просьбе дапамагчы і пачаць выдаваць незалежную газету на Ганцаўшчыне, не адмовіў, рызыкнуў і даў шанц, каб  на працягу года паглядзець, што атрымаецца. Фактычна згадзіўшыся працаваць за сімвалічную зарплату, я атрымаў заданне падбіраць калектыў, з кім было б можна працаваць.

Даведаўся, што ў той час без работы застаўся Канстанцін Мохар, які працаваў у рэдакцыі “Савецкае Палессе” і звольніўся, адпрацаваўшы не адзін дзясятак гадоў. У парку на Гагарына адбылася першая сустрэча. Канстанцін Канстанцінавіч згадзіўся працаваць разам. На гэтым падбор супрацоўнікаў закончыўся. У лістападзе 2001 года быў першы наш сумесны вынік працы – у газеце “Інтэкс-прэс” выйшла старонка, у якой былі навіны з Ганцаўшчыны. А 14 снежня ў свет выйшаў першы нумар газеты з чатырох старонак і ўкладышам праграмы на тыдзень, колькасцю 1000 экзэмпляраў. Тыраж быў раздадзены бясплатна ў горадзе і вёсках раёна.

Газета тады называлася “Спадарожнік” (а газету “Ганцавіцкі час” выдавец зарэгістраваў у 2002 годзе).  “Спадарожнік” выходзіў як ТВ-праграма, яе галоўным рэдактарам быў Алег Панамароў з Баранавіч. Мне з К. Мохарам далі пасады намеснікаў галоўнага рэдактара. З 11 кастрычніка 2002 года і па сённяшні дзень незалежную ганцавіцкую газету спачатку дэ-факта, а потым і дэ-юрэ ўзначальвае сябра Беларускай асацыяцыі журналістаў і Саюза беларускіх пісьменнікаў  Аляксей Белы.

У першым нумары “Спадарожніка”, акрамя ўступнага слова да чытача, быў артыкул “Рэха начных стрэлаў”, у якім расказвалася пра тое, як супрацоўнік аддзялення “Ахова” з табельнай зброі страляў па праследуемай “Аудзі-100”, параніў у бядро дзесяцікласніцу і прастрэліў лабавое шкло аўтамабіля, а пракуратура ўзбудзіла крымінальную справу супраць міліцыянера за перавышэнне паўнамоцтваў. Змяшчаўся артыкул пра тое, што ў В. Круговічах замарнавалі голадам дзячынку, якая ў 5 гадоў важыла 6,5 кілаграма, і яе ледзьве выратавалі.

Была надрукавана нататка “Прапала віно”. У ёй пісалася, што на прадпрыемстве, якое выпускае пладова-ягаднае віно, пабілася шкляная колба і выцекла каля дзвюх тон “цудоўнага і якаснага падукта, які не даўшоў да спажыўцоў”.

Дзесяць год назад у нумары з’явілася і рубрыка “Гараджане адказваюць”, яна захавалася і зараз. Першым пытаннем, на якое адказалі пяць чалавек, было “Як вы ставіцеся да з’яўлення ў раёне новага перыядычнага выдання?» Усе адказалі станоўча — такая газета патрэбна. Былы дырэктар Цэнтральнай раённай бібліятэкі Тамара Валуевіч увогуде адказала, што пытанне лішняе, бо новая газета ў раёне патрэбна, і яна будзе яе чытачом.

Людзі, пра якіх газета заўсёды памятае

Хочацца ўспомніць пра людзей, якія ў першыя гады дапамаглі станаўленню газеты. Па-першае, гэта Павел Данілавіч Васілевіч, які не пабаяўся і здаваў газеце ў арэнду частку свайго прыватнага дома на вул. Заслонава, 4, у самым цэнтры горада. І гэта ён, а таксама яго сын Міхаіл, адказвалі проста: “Нам гэта шыльда падабаецца, і будзе вісець”, прынцыпова, не зважаючы на пагрозы і скаргі з райвыканкама. Бо яго старшыні, Уладзіміру Столяру, напэўна, вельмі не падабалася вялікая шыльда “Ганцавіцкі час”, якая вісела каля плошчы ў самым цэнтры горада.

Вялікую маральную і практычную падтрымку на той час аказаў газеце ўрач Леанід Фёдаравіч Дыдышка. Ён зарэгістраваўся індывідуальным прадпры-мальнікам і сам з латком на плячах пайшоў прадаваць газету на кірмаш. Ён жа дапамагаў распаўсюджваць газету сярод медыкаў, настаўнікаў і г.д. Акрамя таго, Леанід Фёдаравіч сам нярэдка быў аўтарам артыкулаў.

Каля сямі гадоў стойка, у спякоту і холад, прастаяла на рынку і прадавала па 450–600 газет кожнага нумара штотыднёвіка пенсіянерка Генавефа Іосі-фаўна Мелехавец. Гэта яна, калі ёй старшыня райвыканкама У. Столяр, якому ўсё не падабалася, што газета прадаецца, адказала яму: “Калі, прадаючы газету, я нешта парушаю, то вязіце на «УАЗіку» на плошчу і расстраляйце, толькі павесьце таблічку, за што…”  Дзякуем ёй шчыра за дапамогу.

Распаўсюджвальніку Вользе Пятроўне Новік таксама дзякуй. Гэта яна прадавала газету на чыгуначным вакзале і на кірмашы, а райвыканкамаўцы прымусілі ехаць міліцыю і падатковых інспектараў, каб аштрафаваць яе за незаконны гандаль газетай. Але тыя, праверыўшы дакументы,  здзівіўшыся, што ёсць і накладныя, і дазвол начальніка Баранавіцкай чыгункі на гандаль на іх тэрыторыі,  нічога не сталі складаць, чым раззлавалі таго, хто іх адправіў.

Толькі аднойчы пратакол быў складзены на 400 рублёў (тады гэта быў кошт адной газеты). Вольга  Пятроўна не адарвала адрыўны талон, хоць талоны заўсёды былі пры ёй. Разгубілася, бо ніхто з пакупнікоў іх ніколі   не пытаў. Суддзя Уладзімір Космач не стаў штрафаваць, а мінімальны штраф за гэта быў 20 БВ (і на той час сума немалая). І гэта было якраз у Дзень маці, а  Вольга Пятроўна нарадзіла і выхавала чатырох дзяцей. Добры “падарунак”! У той жа дзень быў адпраўлены перавод на 400 рублёў на рахунак райфінаддзела райвыканкама з пазнакай “Помощь Столяру”. Яна сама яго і занесла Уладзіміру Міхайлавічу на стол.

Канстанціну Канстан-цінавічу Мохару асаблівая падзяка – кажу гэта шчыра, нягледзячы на розныя моманты і публікацыі,   якія  пазней змяшчаліся  без аўтарства на старонках “Савецкага Палесся”. Са сваім шматгадовым вопытам журналіста ён, безумоўна, унёс вялікі ўклад у станаўленне газеты, бо першыя гады былі адны з самых складаных. Прыкладна праз два гады з паловай працы ў нашым  выданні яго паклікалі назад у “Савецкае Палессе”, і ён вярнуўся – яго рашэнне мы прынялі спакойна і  развіталіся.

У райвыканкаме ў нас заўсёды былі “свае людзі”, і яны выказалі версію, што такім чынам кіраўніцтва думала, што “ГЧ” пасля сыходу К. Мохара разваліцца сама. Як бачыце, рана радаваліся. Газета, наадварот, пачала набіраць папулярнасць, рос тыраж. У 2006 годзе, перад чарговымі выбарамі прэзідэнта, наша выданне чакаў цяжкі ўдар: без падстаў і тлумачэнняў, парушыўшы мностава законаў, «нас выкінулі» з кіёскаў і забаранілі распаўсюджвацца праз пошту.

Многія незалежныя газеты ў краіне, за нашу намнога большыя і мацнейшыя эканамічна, спынілі свой выхад і зніклі. “Ганцавіцкі час” выжыў. Нешматлікія супрацоўнікі рэдакцыі, сярод іх былі Ірына Дамарацкая, Святлана Новік (зараз Малышка), Соф’я Ясько і аўтар гэтага артыкула, працавалі амаль на голым энтузіязме, атрымоўваючы за сваю працу мізэрныя зарплаты. Не ўсе  вытрымалі, Соф’я Ясько таксама перайшла ў “Савецкае Палессе” – зарплата там была заўсёды большай.

Усім, хто дапамагаў газеце на працягу гадоў станаўлення і развіцця (а прыхільнікаў былі дзясяткі і сотні), мы дзякуем. Самыя галоўныя памагатыя – гэта вы, паважаныя чытачы, бо без вас не было б ні газеты, ні нашага юбілею.

Из рубрики
Top