weather

USD 2.5486

EURO 2.8758

RUR(100) 3.4345

search

Затое жывая і з шышкамі!

У панядзелак, 12 снежня, работнікі КУШВП ЖКГ “Ганцавіцкая РЖКГ” устанавілі елку на плошчы, і хутка лясная прыгажуня заззяла навагоднімі агнямі. З 23 снежня ва ўсіх жадаючых з’явіцца магчымасць упрыгожыць дамы і кватэры жывымі навагоднімі дрэўцамі — у раёне пачнецца іх масавы продаж.

У другой палове дня мінулага панядзелка елка з Ганцавіцкага лясніцтва, “родам” з-пад Красыніч, прыбыла на гарадскую плошчу. Па словах начальніка КУШВП ЖКГ “Ганцавіцкая РЖКГ” Віктара Беркі, вышыня ёлкі — 20 метраў. Як адзначыў памочнік  ляснічага Ганцавіцкага лясніцтва Уладзімір  Канановіч, “цэнтральная” прыгажуня каштуе 72 тысячы рублёў.  Гэта значна танней, чым абяцаная ганцаўчанам штучная ёлка. Затое лясная      госця — жывая і з шышкамі!

Бухгалтар Ганцавіцкага лясніцтва Ірына Занька расказала, што з 23 снежня пачнецца масавы продаж навагодніх дрэў хвойных парод. Елкі і сосны кожны зможа выбраць у лесе сам, папярэдне аплаціўшы пакупку і атрымаўшы адрыўны талончык. Суправаджаць пры выбары дрэўцаў будуць леснікі. “Многія ганцаўчане стараюцца выбраць елачку самастойна: гэта і танней, і можна ў лес адправіцца разам з дзецьмі, каб даставіць ім радасць”, — расказала Ірына Уладзіміраўна. Па яе словах, пры такім раскладзе, напрыклад, самыя малыя навагоднія дрэўцы — да 1 метра каштуюць 10800 рублёў, калі ж купляць ужо ссечаныя — 18 тысяч.

Дарэчы, набыць елкі і сосны можна будзе не толькі непасрэдна ў лясніцтвах, але і на гарадскім кірмашы. Акрамя таго, штогод навагоднія дрэўцы ў лясніцтва закупляе Ганцавіцкае райпо і гандлюе імі каля магазіна “Дзіцячы свет”. Сёлета, як запэўніла дырэктар ПУП “Каапгандаль” Надзея Цыбулька, гэта традыцыя захаваецца.

Из рубрики
Top