weather

USD 2.5448

EURO 2.8702

RUR(100) 3.4543

search

Усю Будчу пройдзеш – даяркі не знойдзеш

Нездарма кажуць: чужую бяду рукамі развяду. Праблемы іншых часта здаюцца нам не такімі  складанымі. Але не гэта, не недахоп кадраў. Між іншым такая “бяда” закранула многія сельгаскааператывы раёна, у тым ліку і СВК “Будча”. Закранула і... пасеяла разлад.

Жывёлаводы дзяліліся набалелым, але фатаграфаваліся неахвотна
Жывёлаводы дзяліліся набалелым, але фатаграфаваліся неахвотна

Паездку журналістаў на малочнатаварную ферму № 2 СВК “Будча” нельга назваць ні прыемнай, ні лёгкай. Наадварот, чужыя клопаты прымусілі суперажываць, разважаць.

Праблему акрэслілі самі жывёлаводы МТФ № 2. Стомленыя цяжкай працай, іншы раз без выхадных, раннімі пад’ёмамі, сямейнымі неладамі, яны дзяліліся набалелым адкрыта і эмацыянальна.

“У мяне ў сям’і чацвёра дзяцей — трое школьнікаў, адно дзіця ходзіць у дзіцячы садок. Я іх амаль не бачу, бо ў мяне няма не толькі дадатковых аплачваемых выхадных, на якія маю законнае права: вось ужо два месяцы я не мела наогул ніякіх выхадных. Месяц галашу: дайце выхадны, хоць адзін у тыдзень!” – выступаюць слёзы на вачах маладой шматдзетнай маці Наталлі Кандратовіч, якая працуе даяркай.

Яе калега, Аксана Кашуба пацвярджае: “Ні на бацькоўскі сход нельга схадзіць, ні на ранішнік да дзіцяці – нас як прывязалі да фермы! Не дзіва, што мы тут усе нервовыя: нам цяжка!”

Недахоп кадраў сказваецца не толькі на тым, што жывёлаводы працуюць без выхадных. “На 250 галоў, якія дояцца без прывязі, – 2 даяркі, і ні цяпла, ні дабра. Па 50–60 тон за мільён рублёў доім, – расказвае Святлана Савеня. – Мы хварэем, асабліва зімой, і нават лячыцца няма калі”. Бывае, з тэмпературай ідуць даглядаць сваіх рагуль даяркі. І не толькі яны. “Мне адной прыходзіцца 180 галоў даглядаць. А калі што якое, дык і пакінуць няма на каго”, –  скардзіцца цялятніца Святлана Гушчэня.

Ідуць на работу жанчыны, па іх словах, не толькі таму, што шкадуюць скаціну, — пара б і сябе пашкадаваць. “Дзе дзецца? Я сказала, што не выйду на работу ў выхадны, дык начальства  з пагрозай сказала, што пазбавіць надбавак і прэмій”, — крыўдзіцца Галіна Стральчэня, якая ўвесь лістапад таксама працавала без выхадных.

“І домікі, кажуць, адбяруць”, — дадаюць Святлана Даўжанок, Вольга Салата, Мікалай Іванейчык, іншыя працаўнікі фермы, якіх для размовы сабралася шмат. Скардзіліся на многае, аднак усе скаргі ўрэшце зводзіліся да аднаго: недахоп кадраў. Былі б падменныя, заключае Наталля Кандратовіч, не было б праблем.

“Усё сяло прайдзі – даяркі не знойдзеш”, – коратка, але ёміста ахарактарызавала складаную сітуацыю з кадрамі загадчыца МТФ № 2 Галіна Берташ. Сапраўды, адкуль узяць дзвюх падменных даярак у вёсцы, дзе, па звестках Чудзінскага сельвыканкама, на 1 студзеня 2011 года пражывала 773 чалавекі, з якіх 341 пенсіянер, 97 дзяцей (да 16 гадоў), а ёсць яшчэ працаздольныя мужчыны і жанчыны, якія ў іншых месцах знайшлі больш лёгкую ці высокааплачваемую работу, ёсць гультаі і выпівакі? І не толькі даярак не знайсці: некалькі механізатараў ідуць на заслужаны адпачынак, замяніць іх таксама няма каму. “І будзе толькі горш, бо вёска старэе, – песімістычна заключае заатэхнік Валянціна Ярашэвіч. – Жывёлаводам нельга карыстацца складанай сітуацыяй, у якой мы апынуліся. Мы стараемся аплачваць іх працу”.

Па выніках 9 месяцаў 2011 года сярэднямесячная зарплата работнікаў СВК “Будча”, сапраўды, самая высокая ў раёне – 956 тыс. руб. Прычым разрыў значны нават з СГВК “Любашава”, які па сярэдніх зарплатах ідзе следам і дзе работнікі зарабляюць па 896 тыс. руб. “А за сёлетні лістапад даяркам у сярэднім па 1 млн 900 тысяч налічана, тым жа, хто працуе на раздоі, дзе даплачваецца за напружанасць і небяспечнасць, – наогул каля 3 млн 800 тысяч,” – прыводзіць лічбы старшыня гаспадаркі Сяргей Мышкавец.

Па ўсім відаць, кіраўнік ведае сваю справу, перажывае за яе, шкадуе людзей. “Мы ў цэлым працуем з рэнтабельнасцю каля двух працэнтаў, прычым без уліку падтрымкі дзяржавы. Гэта нармальна для сельскай гаспадаркі. Даплачваем работнікам за гатунковасць, стараемся зрабіць усё, каб нашы людзі не ведалі праблем з сенам, своечасова ўбіралі з поля гародніну… ”, — гаворыць Сяргей Мікалаевіч. Вось толькі як справіцца з такой праблемай, як недахоп кадраў, не ведае нават ён. Хіба толькі выкарыстаць прапанову жывёлаводаў — на дойку кароў і догляд цялят па чарзе адпраўляць спецыялістаў гаспадаркі. Магчыма, тады яны падмену знойдуць?..

Посмотрите наш каталог: Мебель для кухни. Бесплатная доставка!
Из рубрики
Top