weather

USD 2.5448

EURO 2.8702

RUR(100) 3.4543

search

Сумленне? За два «Снікерсы» і шампунь!

У мінулы панядзелак прадаўцы магазіна ААТ “Брэсцкая абласная база “Бакалея” у прамым сэнсе слова за руку злавілі жыхарку г. Ганцавічы, якая ўкрала тавар на суму 48 тысяч 210 рублёў.

Украдзеныя “Снікерсы” і шампунь супрацоўнікі міліцыі вярнулі ў магазін
Украдзеныя “Снікерсы” і шампунь супрацоўнікі міліцыі вярнулі ў магазін / Фото: Святлана КУРЫЛІК

Ганцаўчанка, не заплаціўшы на касе, хацела вынесці з магазіна шампунь за 25610 рублёў і два шакаладныя батончыкі “Снікерс” коштам па 11300 рублёў. Аднак прадаўцы затрымалі жанчыну на выхадзе і націснулі кнопку раённага аддзялення дэпартамента “Ахова” МУС РБ. Міліцыянеры з’явіліся праз некалькі хвілін. Пакуль ганцаўчанку дастаўлялі ў райаддзел, яна паспела схаваць адзін “Снікерс” так, што яго ледзь знайшлі. Супрацоўнікі “Аховы” і загадчыца магазіна “Брэстбакалея” Людміла Курловіч шукала прапажу ў сумках і кішэнях жанчыны, пераглядзелі ўсе куткі міліцэйскай машыны, у якой прывязлі жанчыну ў райаддзел. “Снікерс” нібы растварыўся ў паветры. І толькі пільнасць супрацоўніка “Аховы” Аляксандра Монціка дапамагла знайсці прапажу… за падкладкай сумачкі затрыманай.

“Мы даўно заўважылі, што гэты пакупнік нячысты на руку. Некалькі разоў жанчына літаральна выслізвала з рук нашых прадаўцоў, – расказала Людміла Курловіч. – Наогул, крадзяжы ў нашым магазіне здараюцца часта, толькі ў апошнія 2–3 месяцы быў зацішак, і вось зноў…”

Што з’яўляецца прычынай такіх паводзін? Няма дастатку ў сям’і? На гэтыя пытанні жанчына паказала журналісту знакам “ноль”. Пэўна, гэта павінна было азначаць, што дастатак  у сям’і “ніякі”. Аднак, як стала вядома пазней, сям’ю ганцаўчанкі нельга аднесці да катэгорыі бедных: ёсць кватэра ў адным з кааператыўных дамоў, машына. Муж ганцаўчанкі ездзіць у заробкі, ды і сама яна працуе на адным з прадпрыемстваў горада. “Не дастатку ў яе няма, а сумлення”, – зрабіла выснову загадчыца “Брэстбакалеі” Людміла Курловіч.

Па факту дробнага крадзяжу супрацоўнікі “Аховы” склалі пратакол па ч.1 артыкула 10.5 Кодэкса аб адміністрацыйных парушэннях Рэспублікі Беларусь “Дробны крадзеж”, матэрыялы справы рыхтуюцца да перадачы ў суд.

Жанчыне пагражае пакаранне ў выглядзе штрафу ў памеры ад 10 да 30 базавых велічынь або адміністрацыйны  арышт.

Из рубрики
Top