weather

USD 2.5486

EURO 2.8758

RUR(100) 3.4345

search

Ганцавіцкія «рэкардсмены» па зарплатах

Рэкордна-нізкія зарплаты зафіксаваны па выніках 9 месяцаў у работнікаў СВК “Агра-Нач” і “Малькавічы”. Высокімі заробкамі не могуць пахваліцца і ў многіх іншых гаспадарках Ганцаўшчыны. А найбольшую сярэднямесячную зарплату атрымалі ў СВК “Будча”.

Згодна з  інфармацыяй аб сярэднямесячнай заработнай плаце работнікаў сельгаскааператываў Ганцаўшчыны за студзень-верасень 2011 года, самая нізкая зарплата па гаспадарцы была ў СВК “Агра-Нач”, яна склала 480,6 тысячы рублёў.

Найменш аплачваемай у раёне аказалася праца работнікаў механічных майстэрняў у СВК “Агра-Нач (ім налічана ў сярэднім па 111,5 тысячы рублёў), конюхаў у СВК “Малькавічы” (зарплата склала 165 тысяч рублёў) і падсобных работнікаў СВК “Агра-Нач” (275,9 рубля).

Не надта разгуляешся і з заробкамі каля 400 тысяч рублёў, якія былі менш, чым мінімальная зарплата. А да гэтай сумы не “дацягнулі” зарплаты работнікаў конна-ручной працы ў СГВК “Любашава”, СВК “Будча”, “Крышылавічы”, работнікаў механічных майстэрняў у СВК Малькавічы” і “Цельшына”, вадзіцелі і нават… спецыялісты СВК “Агра-Нач”.

Як патлумачыла галоўны бухгалтар СВК “Агра-Нач” Аксана Салыга, плаціць зарплату работнікам у іх гаспадарцы няма з чаго: “Адкуль узяцца зарплатам? Малака доіцца вельмі мала, раслінаводства таксама слаба развітае, выручкі амаль няма”. Выходзіць, у такіх гаспадарках, як СВК “Агра-Нач”, “Малькавічы”, “Будча”, “Крышылавічы”, СГВК “Любашава”, а таксама “Хатынічы”, “Адраджэнне”, парушаецца заканадаўства: работнікам не выплачваецца нават устаноўленая Саўмінам мінімальная зарплата (МЗП)! І гэта пры тым, што кожны год (2011-ы не быў выключэннем) сельская гаспадарка атрымлівае дзярждапамогу. Як пражыць на такія грошы? Адзін з работнікаў сельгаскааператыва “Цельшына”, зарплата якога далёкая ад мінімальна дапушчальнай, адказаў на гэтае пытанне так: “Я выпрацоўваю належныя 8 гадзін у дзень, а зарабляю мізэрна. На жабрацкую зарплату не проста немагчыма нармальна жыць — з ёю мне сорамна жонцы на вочы паказвацца. Набліжаюцца навагоднія святы, а пра падарункі дзецям, унукам такія, як я, даўно забыліся”.

Канечне, ёсць гаспадаркі, дзе заробкі ў працаўнікоў вышэйшыя. Так, у першыя 9 месяцаў гэтага года найлепш зараблялі ў “Будчы”: штомесяц аднаму сярэднестатыстычнаму работніку налічвалася па 956 тысяч рублёў, і гэты паказчык большы за раённы на амаль 200 тысяч рублёў.

Зарплаты адміністрацыі моцна “карэкціруюць” сярэднія паказчыкі  зарплат працаўнікоў сельскай гаспадаркі раёна. Размеркаваліся зарплаты адміністрацыі наступным чынам (па нісходзячай): “Бярозавец”, “Цельшына”, “Агарэвічы”, “Любашава”, “Дубнякі”, “Будча”. Прычым найвышэйшы бал сваёй працы ў грашовым эквіваленце даў кіраўнік СВК “Бярозавец” — 2 мільёны 919 тысяч рублёў, за ім (па ўбыванні) ідуць кіраўнікі  СВК “Агарэвічы”, “Будча”, “Цельшына”, “Дубнякі” і СГВК “Любашава” — зарплаты старшынь у гэтых гаспадарках перавышаюць 2 мільёны рублёў.

Чаму пры падтрымцы дзяржавы не ўсе СВК могуць выплаціць сваім работнікам нават мінімальную зарплаты?

На гэтае пытанні начальнік упраўлення сельскай гаспадаркі і харчавання Юрый Лелес адказаў: “Прычын шмат. Галоўнае, што можна сказаць, — хто як стараецца, той так і зарабляе. Калі хтосьці 2–3 гадзіны ў дзень працуе, канечне, ён і мінімалкі не атрымае. Аплата іх працы разглядаецца ў індывідуальным парадку (напрыклад, складаюцца дагаворы падраду). А вось старанныя механізатары, даяркі могуць і дзесяць “мінімалак” зарабіць”.

Прыемна было пачуць, што нехта атрымліваў у месяц па 10 мінімальных зарплат. На жаль, пакуль мы не чулі прозвішчаў ніводнай, нават самай стараннай даяркі ці руплівейшага механізатара раёна, якія так дастойна зарабляюць. А хацелася б ведаць. Мы б абавязкова расказалі пра іх нашым чытачам.

 

Табліцу глядзіце ніжэй

Из рубрики
Top