weather

USD 2.5448

EURO 2.8702

RUR(100) 3.4543

search

Вось дык пачаставала ўнучку!..

У “Ганцавіцкі час” ледзь не кожны дзень звяртаюцца людзі з пытаннямі і скаргамі. Кожны мае патрэбу выказацца, а нярэдка праз газету данесці інфармацыю і да іншых жыхароў Ганцаўшчыны.

Калі журналіст «ГЧ» завітала ў «Мінутку», торты былі свежыя
Калі журналіст «ГЧ» завітала ў «Мінутку», торты былі свежыя / Фото: Светлана Локтыш

На днях да журналіста “ГЧ” звярнулася жыхарка в. Дзяніскавічы Лідзія Галуза. Вось што расказала Лідзія Аляксееўна:
«Нячаста атрымлі-ваецца праведваць дзяцей у райцэнтры, таму хочацца пачаставаць іх чымсьці смачным. У чарговы свой прыезд зайшла я ў магазін «Мінутка» і купіла невялікі торт, каб было з чым папіць чаю. Дарослыя так і не дакрануліся да торта — не дайшла справа. А вось унучка, якой два з паловай гады, пакаштавала бабулін пачастунак. Яна, праўда, не даела свой кавалак — ён упаў. І добра! Бо хутка дзяўчынка паскардзілася, што ў яе баліць жывоцік, потым пачаліся ваніты, а праз некалькі гадзін нам прыйшлося выклікаць “хуткую дапамогу”. У нявесткі на руках другое малое дзіця, таму ў бальніцы з унучкай некалькі дзён  ляжала я.

Мы занеслі торт у Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі, яго забраў на праверку Аляксандр Зуйкевіч. Пакуль афіцыйнага адказу адтуль не атрымалі.

Патэлефанавала я і прыватніку, які трымае магазін “Мінутка”, Аляксандру Дзмітровічу.  Паскардзілася, што ў яго магазіне мне прадалі торт, на якім не было ні даты выпуску, ні тэрміну годнасці (агледзелі, калі ўнучцы стала дрэнна). Чакала хаця б спачування. Замест гэтага, як кажуць, нарвалася на грубасць. “Дакажыце, што не вы яе сарвалі!” — пачула ад прадпрымальніка. А калі я сказала, што вымушана буду зрабіць запіс у Кнізе заўваг і прапаноў, А. Дзмітровіч і ўвогуле “сарваўся”: “Папрывыкалі мне тут кніжкі патрабаваць!”

Вось так я “пачаставала” блізкіх: унучцы “зарабіла” хваробу, яе сям’і і сабе — перажыванняў. Ведаю, што даказаць сваю правату складана, таму прашу вас праз газету перасцерагчы пакупнікоў: каб не трапляць у падобныя непрыемныя сітуацыі, не шкадуйце часу і заўсёды правярайце даты вырабу тавараў і тэрміны іх прыгоднасці. Дзеля здароўя ўласнага і сваіх блізкіх”.

Каментарыі

Памочнік урача-эпідэміёлага ДУ “Раённы цэнтр гігіены і эпідэміялогіі” Аляксандр Зуйкевіч:
— Торт, пра які ідзе гаворка, на даследаванне ў наш цэнтр прыняслі толькі 7 снежня, хаця куплены ён быў 4 снежня і невядома як захоўваўся. Тым не менш вынікі даследаванняў прадукту — адмоўныя: патагеннай кішэчнай мікрафлоры не выяўлена.

Прадпрымальнік Аляксандр Дзмітровіч:
— Машына ў наш магазін “Мінутка” прывозіць прадукты чатыры разы на тыдзень, таму прадукты ў нас свежыя. Торт, які купіла жанчына з Дзяніскавіч, таксама быў свежы. Дарэчы, мне яго ніхто не вяртаў і не паказваў, а этыкетку маглі зняць тыя, хто скардзіцца.
Жанчыне, якая патэлефанавала мне, я не грубіў, наадварот, яна размаўляла са мной на павышаных танах, таму я вымушаны быў адключыць тэлефон.
Я звязваўся з інфекцыйным аддзяленнем, каб даведацца пра стан хворай дзяўчынкі. Мне сказалі, што гэта было не атручванне, а алергічная рэакцыя.

Загадчык інфек-цыйнага аддзялення Валянціна Бобка:
— Разумею хваляванні бабулі, аднак іх нельга звязваць з тым, што дзяўчынка з’ела торт. Мы ўзялі ў дзяўчынкі неабходныя аналізы, у тым ліку аналіз кала на патагенную флору, — вынікі атрымалі адмоўныя. Хвароба дзяўчынкі была больш падобна на віруснае захворванне, на фоне тэмпературы яе ванітавала. Усё гэта проста супала з тым, што дзяўчынка пакаштавала торт. Дзякуючы нашаму лячэнню і клопатам блізкіх людзей, дзяўчынка хутка вылечылася і была выпісана ў добрым стане.

Из рубрики
Top