weather

USD 2.5486

EURO 2.8758

RUR(100) 3.4345

search

2011-ы – праз прызму газеты «Ганцавіцкі час»

Стрэлкі гадзіннікаў адлічваюць апошнія дні гэтага года. Якім быў ён, 2011-ы, чым запомніўся? Перагорнем старонкі газеты “Ганцавіцкі час”, успомнім, пра што пісалі яе журналісты, якія ўвесь час стараліся трымаць руку на пульсе часу, быць не толькі назіральнікамі падзей, але і іх удзельнікамі. Згадаем разам аб самых важных дасягненнях і  трывогах года, яго клопатах і поспехах, а таксама аб людзях, якім былі прысвечаны старонкі выдання.

Падзеі  і дасягненні года

Святкавалі з рэспубліканскім размахам
Галоўная падзея года, несумненна, — святкаванне 3–4 верасня ў г. Ганцавічы ХVІІІ Дня беларускага пісьменства. Свята рэспубліканскага маштабу ў нашым горадзе праводзілася ўпершыню з дня яго заснавання. Да свята рыхтаваліся ўсе арганізацыі, прадпрыемствы і ўстановы, для якіх гэты дзень стаў своеасаблівым выпрабаваннем на вытрымку і якаснасць выканання работ.

Найбольш заўважныя па сённяшні дзень змены адбыліся з цэнтрам Ганцавіч:  тут горад набыў сапраўды сучасны выгляд. Цэнтральную вуліцу, Кастрычніцкую, упрыгожылі скульптура беларускаму песняру Якубу Коласу і памятныя знакі. У парку з’явіліся бялюткая ратонда, мудрагелістыя альтанкі і лаўкі, рознакаляровыя дарожкі. Радуюць вока адноўленымі фасадамі дамы і адміністрацыйныя будынкі. У самым цэнтры горада, побач з плошчай, размясціўся “супермаркет”, пад які аддаў свой першы паверх універмаг. Цяпер у райцэнтры ёсць нават прыгожы фантан, каля якога ганцаўчане любяць гуляць разам з дзецьмі і фатаграфавацца.

Падчас свята на ганцавіцкай зямлі пабывала шмат знакамітасцей з нашай і замежных краін, у тым ліку пісьменнікаў, майстроў мастацтва. Было праведзена шмат мерапрыемстваў, выстаў, праз Ганцаўшчыну прайшоў шлях навукова-асветніцкай экспедыцыі “Дарога да святыні”, падчас якой у сталіцу рэспубліканскага свята дастаўляўся Жыватворны Агонь ад Труны Гасподняй.

Трагедыя года
Вечарам 11 красавіка разам з усім беларускім народам ганцаўчане перажывалі страшную трагедыю: узрыў на станцыі метро “Кастрычніцкая” ў Мінску, дзе загінулі 12 чалавек, дзясяткі – атрымалі раненні. У апошні дзень восені ў гэтай крымінальнай справе была пастаўлена кропка: суд прыгаварыў абвінавачаных у тэрарызме Дзмітрыя Канавалава і Уладзіслава Кавалёва да вышэйшай меры – пакарання  смерцю.

Палітыка
Змена кіраўніка раёна стала цэнтральнай палітычнай падзеяй года. Чатырнаццатага снежня падчас трынаццатай сесіі Ганцавіцкага Савета дэпутатаў 26 склікання народныя абраннікі прагаласавалі за адстаўку экс-кіраўніка Уладзіміра Столяра і зацвердзілі старшынёй райвыканкама Аляксандра Саланевіча.

Нагадаем, 17 кастрычніка на пасяджэнні Брэсцкага аблвыканкама яго кіраўнік Канстанцін Сумар адзначыў неадпаведнасць займаемай пасадзе старшыні Ганцавіцкага райвыканкама і прапанаваў Уладзіміру Столяру падаць у адстаўку. Дзіўна, але многія з тых, хто пасля гэтага дружна збіраў подпісы ў падтрымку У. Столяра, потым гэтак жа дружна паднялі мандаты за тое, каб ён пакінуў займаемую пасаду.

Ганцаўчане спадзяюцца, што новы кіраўнік Аляксандр Саланевіч зможа змяніць сітуацыю ў раёне да лепшага, асабліва што датычыцца рабочых месцаў і зарплат.

Важнай падзеяй  года стала правядзенне на Ганцаўшчыне выязнога пасяджэння Пастаяннай камісіі Палаты прадстаўнікоў Нацыянальнага сходу Рэспублікі Беларусь па жыллёвай палітыцы, будаўніцтве, гандлю і прыватызацыі. Мэтай мерапрыемства стала вывучэнне работы жыллёва-камунальнай гаспадаркі  ў невялікіх райцэнтрах, абмеркаванне праекта новай рэдакцыі Жыллёвага кодэкса Рэспублікі Беларусь.

Вытворчасць
Па выніках абласнога конкурсу “Лепшы прадпрымальнік-2010” у намінацыі “Лепшы прадпрымальнік — арганізатар рабочых месцаў” лаўрэатам стала ААТ “Горск” г. Ганцавічы. У Брэсце 7 красавіка прайшла ўрачыстая цырымонія ўшанавання пераможцаў і лаўрэатаў.

На рэспубліканскім конкурсе “Лепшая прадукцыя-2011” у сваёй намінацыі трэці год запар прызнана лепшай у рэспубліцы мінеральная вада “Царыца-1” і “Царыца-2” ПВУП “ВаМіЦа”, другі год — салодкі газіраваны напітак “Царыца ірыса-сметанковая”. Упершыню таксама лепшай прызнаны салодкія газіраваныя напіткі “Царыца” са смакам кавуна і маракуйі, “Экстра-Сітро” і “Туці-фруці”.

Дэмаграфія
За 11 месяцаў 2011 года заключана 230 шлюбаў, што на 34 больш, чым за такі ж перыяд летась. Нарадзілася 312 дзяцей, з іх 150 дзяўчынак і 162 хлопчыкі (на 30 дзетак менш, чым за такі ж перыяд мінулага года).
Калі насельніцтва Зямлі стала вымярацца лічбай 7 мільярдаў, 31 кастрычніка, у ганцавіцкім раддоме на свет з’явіліся хлопчык і дзяўчынка. Са значнай нагоды сыну Наталлі Берташ з в. Вялікія Круговічы і дачцэ Аксаны Шырабокавай з пасёлка Азярэчча былі ўручаны сертыфікаты ААН.

Адукацыя
З бронзавым медалём вярнуўся гімназіст Аляксей Кірыковіч з V Міжнароднай алімпіяды навук аб Зямлі. Алімпіяда праходзіла з 4 па 14 верасня ў г. Мадэна (Італія). Аляксей таксама прывёз дамоў падарункі, памятныя рэчы і шмат станоўчых уражанняў ад конкурсу, экскурсій па горадзе і знаёмства з новымі сябрамі. Гімназіста рыхтавалі да алімпіяды настаўнікі Тамара Цюкіна і Святлана Чыжык (цяпер – Любінская).

З дыпломам І ступені вярнуўся адзінаццацікласнік з гімназіі г. Ганцавічы Раман Рылка з конкурсу “Юныя журналісты Беларусі і Расіі – аб Саюзнай дзяржаве”. Вынікі інфармацыйнага праекта, які стартаваў 4 верасня на свяце Беларускага пісьменства, былі падведзены на ўрачыстай цырымоніі ўзнагароджвання пераможцаў конкурсу, якая прайшла ў Мінску 8 снежня. Раман адправіўся ў сталіцу са сваёй настаўніцай Галінай Амельяновіч. Сачыненне Рамана Рылкі на тэму “Здружыла любоў да літаратуры” прызнана лепшым у намінацыі “Як сябруем мы”. Яно яшчэ раз пацвердзіла адоранасць юнака, які да гэтага атрымаў перамогу ў І рэспубліканскім конкурсе даследчых работ у галіне літаратуры. Раман з’яўляецца прэзідэнцкім стыпендыятам.

Духоўнасць
У двары Свята-Ціханаўскага храма 7 мая пастаўлены паклонны крыж загінуўшым воінам. На мерапрыемства з гэтай нагоды прыйшлі ганцаўчане, прыехалі госці са сталіцы і з расійскай ваеннай часці пасёлка Азярэчча.
На Спаса, 19 жніўня, праваслаўныя веруючыя адзначылі 115-годдзе Спаса-Праабражэнскай царквы ў в. Будча. Сённяшні будынак царквы быў пабудаваны намаганнямі жыхароў вёсак Будча і Чудзін. А першыя ўпамінанні аб царкве знаходзяцца ў дакументах 1623 года.

Прэса
Газета “Ганцавіцкі час” сёлета была своеасабліва “прарэкламавана” на ўсю рэспубліку: інфармацыя аб ёй прайшла ў перадачы “Панарама”. Раёнка падняла пытанне аб тым, што ў СВК “Малькавічы” пенсіянерам своечасова не выдалі ні грошай, заробленых імі, ні сена. Па сутнасці, ганцавіцкія чыноўнікі праз перадачу спрабавалі апраўдацца за адсталы сельгаскааператыў, навязваючы тэме палітычную падаплёку.

У снежні супрацоўнікі і чытачы газеты “ГЧ” святкавалі 10-годдзе з дня выхаду ў свет першага на Ганцаўшчыне незалежнага выдання. З гэтай нагоды вусна і праз сайт дасылаліся віншаванні, у тым ліку і вершаваныя — ад удзячных чытачоў:

Я люблю тебя, газета,
славный «Ганцавіцкі час»!
От заката до рассвета ты
— энергии запас.

Ты в идеях необъятна,
нет ни в чем тебе конца,
Потому и непонятна
ты районным мудрецам.

Сколько раз тебя пытали:
быть газете иль не быть?
Сколько раз в тебе пытались
независимость убить!

Но не стоили, я знаю,
те попытки ни на грош, —
Ты живешь, моя родная,
и на недругов плюешь!

И сегодня отмечаем мы
твой славный юбилей.
По 15 капель чаю,
чтобы было веселей!

Пожелаем же газете
процветанья, долгих лет!
Пусть слова несутся эти
с теплотою в белый свет.

Культура
Спецыяльнай прэміі Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь “За духоўнае адраджэнне” ў ліку 15 лаўрэатаў удастоены калектыў Ганцавіцкага раённага Дома рамёстваў.

Цырымонія ўзнагароджання прайшла ў студзені ў Палацы Рэспублікі. Па ўзнагароду ў памеры каля 10 мільёнаў рублёў ездзіла дырэктар установы Марыя Муха.

Багатым на значныя даты быў  гэты год: 35-годдзе адзначылі бібліятэчная сістэма раёна, раённая дзіцячая бібліятэка, а таксама народны фальклорна-этнаграфічны гурт “Хатовічы” Хатыніцкага СДК, 25-годдзе — хор ветэранаў ГДК, адзін са старэйшых самадзейных калектываў Ганцаўшчыны.

Пераможцам абласнога тура рэспубліканскага фестывалю нацыянальных культур “Суквецце культур” стала аматарскае аб’яднанне “Карагод” Ганцавіцкага ГДК. Фестываль прайшоў у Маларыце 29 кастрычніка.

Па коласаўскіх мясцінах праехаліся ў кастрычніку сын знакамітага пісьменніка Міхась Міцкевіч, унучка Марыя і праўнук Васіль, а таксама зямляк Я. Коласа, аўтар каля 20 мастацкіх кніг  Яўген Хвалей.

Прафесійны мастак-графік і скульптар Дзяніс Кандрацьеў (г. Мінск) 9 снежня адкрыў першую персанальную выставу сваіх работ, якая прайшла ў раённым краязнаўчым музеі г. Ганцавічы. З ім разам прыехалі яго сябры, паэты Георгій Барташ і Вольга Паўлюкевіч. Выстава работ Дзяніса Кандрацьева пад назвай “Взгляд” працавала на працягу месяца.

Спорт
Зборная валейбалістак старэйшага школьнага ўзросту з г. Ганцавічы заняла 2 месца ў спаборніцтвах у рамках Алімпійскіх дзён моладзі Брэсцкай вобласці, саступіўшы толькі саперніцам з Брэста, якія пяты год запар лічацца мацнейшымі ў краіне. Спаборніцтвы прайшлі з 1 па 3 лютага ў Палацы спорту “Вікторыя”.

Дзесяцігадовы гімназіст Ягор Муха атрымаў залаты медаль на чэмпіянаце і першынстве Брэсцкай вобласці па у-шу ў раздзеле “Сань-шоу”. Усяго са спаборніцтваў ганцаўчане прывезлі 9 узнагарод.

Чэмпіёнам рэспублікі па рукапашнаму бою ў сваёй падгрупе стаў прадстаўнік ганцавіцкай каманды спартыўнага клуба “Мядзведзь” 25-гадовы Віктар Фёдараў. Адкрыты Кубак Беларусі па рукапашнаму бою праходзіў 26–27 сакавіка ў спартыўным комплексе “Уручча”.

Першае агульнакаманднае месца па бегу заняла ганцавіцкая каманда на рэспубліканскім спартыўна-аздараўленчым свяце “Нашы надзеі”, які адбыўся 9 красавіка  ў Нясвіжы. Таксама першае месца ў бегу на дыстанцыі 100 метраў у сваіх узроставых групах занялі вучні САШ № 1 Ірына Казмерчук і САШ № 3 Паліна Бялецкая, Арцём Лынша; на дыстанцыі 2000 метраў — вучань САШ № 3 Дзмітрый Пакумейка.

У 12-ы раз запар у раённым конкурсе ЮІД лепшай сярод 14-ці каманд юных інспектараў руху школ раёна прызнана каманда Любашаўскай базавай школы (кіраўнік Алег Новік). Пераможцы 21 красавіка адстойвалі гонар раёна на занальных спаборніцтвах у горадзе Пружаны, дзе таксама занялі 1 месца. У абласных спаборніцтвах, якія прайшлі 11–13 мая ў Брэсце, каманда заняла 4 месца, рабяты атрымалі больш за 20 грамат, 2 кубкі і шмат прызоў у асабістых заліках.

Другі год запар сярод раённых каманд лепшай у ІІ Усебеларускім лёгкаатлетычным кросе, прысвечаным Дню Перамогі ў Вялікай Айчыннай вайне, стала каманда з Ганцавіч. Спаборніцтвы праходзілі 7 мая ў Мінску.

Людзі года

Новыя назначэнні
Старшынёй Ганцавіцкага райвыканкама 14 снежня быў зацверджаны Аляксандр Саланевіч.

Яшчэ ў верасні намеснікам старшыні райвыканкама назначаны Андрэй Коўш, які да гэтага працаваў ва ўпраўленні па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама.

Кадравыя змены адбыліся сёлета і ў іншых сферах і арганізацыях раёна. Так, цэнтральную раённую бальніцу ўзначаліў Вадзім Сашко, станцыю пералівання крыві — Святлана Сашко. Новы кіраўнік, падпалкоўнік міліцыі Юрый Шапель, прыйшоў у РАУС.

У лістападзе на справаздачна-выбарнай канферэнцыі раённай арганізацыі ГА “Беларускае таварыства інвалідаў яе старшынёй абрана Марыя Кандратовіч.

Цікавыя, неардынарныя…
Упершыню ў гісторыі раёна  работнік сельгасгаліны — старшыня СВК “Дубнякі” Уладзімір Грыгаран атрымаў дзяржаўную ўзнагароду з рук Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь А. Лукашэнкі. А праз месяц, у маі, прэм’ер-міністр Міхаіл Мясніковіч уручыў медаль за высокія поспехі ў працы галоўнаму заатэхніку гэтай жа гаспадаркі Галіне Ясько.

Аляксандра Белаазёрава, былая ўдзельніца Вялікай Айчыннай вайны, якая на фронт пайшла па ўласным жаданні, таксама была ў цэнтры ўвагі “ГЧ”. Руская па нацыянальнасці, жанчына каранямі ўрасла ў беларускую зямлю.

Мікалай Рулінскі з в. Дзяніскавічы сабраў серыю кніг “Вялікія мастакі”, акрамя таго ў яго бібліятэцы ёсць каля паўтысячы цікавейшых дарагіх выданняў. Яны набыты за… невялікую пенсію ўладальніка. Акрамя таго, Мікалай Рулінскі склаў свой радавод: сабраў інфармацыю аб продках да пятага калена.

Пенсіянер з в. Ганцавічы Васіль Каваленка 10 верасня на абласных “Дажынках” у Бярозе атрымаў узнагароду, заняўшы 2 месца ў вобласці ў сваёй “намінацыі”: ён прасушыў 1200 тон зерня, працуючы ў СВК “Бярозавец”. Гэта была адзіная ўзнагарода ганцавіцкай дэлегацыі на абласных “Дажынках”.

Вера Лынша разам з мужам нарадзіла і выхавала траіх сыноў, сярод якіх адзін — прафесіянальны спартсмен.

Сёлета ён дабіўся значных перамог. Дапамагалі гадаваць дзяцей не толькі маміны навыкі педагога, але і цёплая атмасфера ў сям’і, створаная дарослымі.

Ураджэнец райцэнтра Артур Фартэс стаў героем папулярнай расійскай перадачы “Модны прыгавор”. Артурчык-гламурчык 11 кастрычніка на вачах тэлегледачоў з хлопца, які шакіруе акружаючым прычоскамі і стылем адзення, пераўтварыўся ў стыльнага юнака.

Пенсіянерка з в. Любашава Ганна Плотка — чалавек актыўны, дзейны, творчы. Былы старшыня Любашаўскага сельвыканкама, сёння яна з’яўляецца актыўнай удзельніцай мастацкай самадзейнасці, самым актыўным чытачом мясцовай бібліятэкі сярод дарослых.

Сапраўднымі героямі праявілі сябе ганцавіцкія міліцыянеры, участковыя інспектары РАУС Андрэй Буката і Ігар Казак, якія выратаваліся з вогненнага палону самі і выратавалі траіх жыхароў в. Кукава.
Валянцін Міхейкін — асоба загадкавая, неардынарная і цікавая. Капітан дальняга плавання з’яўляецца прыхільнікам спорту і спонсарам многіх цікавых мерапрыемстваў, праводзімых у раёне.

Наш зямляк, паэт, перакладчык, журналіст Алесь Каско адзначыў сваё 60-годдзе.
З гэтай нагоды ў інтэрв’ю “ГЧ” ён расказаў аб боскай прыродзе паэзіі, неабходнасці падтрымкі літаратараў дзяржавай і сумленнасці ў творчасці.

Замежныя госці
Егіпецкі факір і ёг Асама Дэйнджэрас, чыё імя ўпісана ў Кнігу рэкордаў Гінэса, гасцяваў у сваякоў знаёмай дзяўчыны ў Ганцавічах. У трэнажорнай зале КПД Асама захапляў ганцаўчан унікальнымі сілавымі і вогненнымі трукамі.

Прадстаўнікі прыватнай кампаніі “Персіст” з Ірана наведалі раён: яны разглядалі магчымасць набыцця СВК “Адраджэнне”.

Сёлета ганцаўчан пазбавілі…

…магчымасці плаціць невялікія штрафы за парушэнні правілаў дарожнага руху. З 12 студзеня, у сувязі з унясеннем дадатковых змен у Кодэкс  Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных правапарушэннях і Працэсуальна-выканаўчы кодэкс Рэспублікі Беларусь аб адміністрацыйных парушэннях, штрафы значна павялічыліся.

…магчымасці бясплатнага праезду на прыгарадных аўтобусах школьнікаў раёна — з 1 сакавіка. Таксама абмежавалі праезд па горадзе: гарадскія і любашаўскія вучні могуць пад’язджаць бясплатна на гарадскіх аўтобусах толькі да месца вучобы. Іншыя вясковыя школьнікі вымушаны ездзіць у школу мастацтваў, СДЮШАР і РЦДЮТ за свае грошы.

… магчымасці глядзець тэлеканал ТНТ. Нечакана 6 ліпеня гэты расійскі канал быў адключаны, што выклікала абурэнне гараджан, якім ён палюбіўся.

…часова – магчымасці купляць мясную прадукцыю. Яна ўмомант знікала з прылаўкаў магазінаў, пастаўкі ішлі з перабоямі. Прычына: мясакамбінатам было значна выгадней адпраўляць сваю прадукцыю за мяжу.

…магчымасці з большай карысцю патраціць свае грошы  пасля неаднаразовых дэвальвацый рубля. У сувязі з гэтым значна знізіўся узровень жыцця ганцаўчан. Шок   “выліўся” ў тое, што людзі “змяталі” з паліц як прадукты харчавання, так і прамысловыя тавары, паступова прайшоў, а вось жыць багацей яны не сталі.

…ордэнаў Маці. Жанчыны, якія іх заслугоўваюць, не прадстаўляюцца да ўзнагароды з 1998 года.

… магчымасці рабіць самастойны выбар: купляць малако нятлустае і таннае ці — тлустае і дарагое. Прычына: манаполія паставак на раённы рынак.

Надвор’е года

Сёлетні год запомніцца адным з буйнейшых у гісторыі метэаназіранняў граду, які прайшоў па тэрыторыі нашага раёна. У эпіцэнтр стыхіі трапілі вёскі Кукава, Нача, Гута, Востраў, у меншай ступені адчулі на сабе ўдары стыхіі ў Вялікіх і Малых Круговічах, Агарэвічах, таксама ў Ганцавічах.

Градзіны дасягалі памераў з курынае яйка, і сумёты з іх пры 30-градуснай спёцы расталі толькі на чацвёрты дзень.

Стыхія пашкодзіла транспартныя сродкі, знішчыла пасевы ў агародах і на палях, паабтрэсала лісты і завязь на дрэвах, пашкодзіла будынкі і іншую маёмасць.

Увогуле, 2011-ы ўвайшоў у дзясятку самых цёплых гадоў у Беларусі за ўсе гады метэаназіранняў. 

Из рубрики
Top