weather

USD 2.5486

EURO 2.8758

RUR(100) 3.4345

search

Ушаноўвалі адораных і таленавітых

Самыя таленавітыя, адораныя вучні навучальных устаноў Ганцаўшчыны сабраліся 30 снежня  ў актавай зале сярэдняй школы № 3 на сустрэчу з кіраўніцтвам раёна, якая  ўжо стала традыцыйнай.

У цэнтры ўвагі на працягу ўсяго мерапрыемства былі 38 юнакоў і дзяўчат, якія ў 2011 годзе дасягнулі поспехаў у раённых, абласных, рэспубліканскіх і нават міжнародных алімпіядах, конкурсах і спаборніцтвах. Іх ушаноўвалі ў гэты дзень, ім адрасоўвалі віншаванні і ўручалі падарункі.

Аднак, як заўважыў падчас прамовы старшыня райвыканкама Аляксандр Саланевіч, кожная перамога вучня — прыступка творчага росту яго настаўніка.  Таму шмат добрых слоў пачулі педагогі, якія вялі іх да вышынь:   Таццяна Плотка, Тамара Якубчык, Галіна Мароз, Галіна  Богдан, Іна Кісялевіч, Лілія Кудравец, Іна Рылка, Ала Балацун, Тамара Цюкіна, Таццяна Дунчык і іншыя.

Асаблівай радасцю за дзяцей свяціліся вочы іх бацькоў, якія дома ствараюць дочкам і сынам найлепшыя ўмовы для развіцця навуковых і творчых здольнасцей, падтрымліваюць іх.

Пасля кароткіх, але эмацыянальна напоўненых  выступленняў за трыбунай кіраўніка раёна і начальніка аддзела адукацыі райвыканкама Сяргея Сарокава пачалася цырымонія ўзнагароджвання. Сёлета вядучыя, а таксама Дзед Мароз са Снягуркай і іншыя казачныя персанажы выклікалі да сцэны “віноўнікаў” сустрэчы, сімвалічна дзелячы іх па прыкладу “вясна – лета – восень – зіма”.

“Вясенніх” рабят, на думку вядучых праграмы Святланы Юркінай і Віктара Супруна, вылучаюць гібкасць у розных сітуацыях, здольнасці да матэматыкі і рыторыкі.

Сярод іншых імён у гэтай групе Дзед Мароз назваў і імёны пераможцы заключнага этапа рэспубліканскай алімпіяды па геаграфіі, бронзавага прызёра Міжнароднай алімпіяды навук аб Зямлі, стыпендыята спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксея Кірыковіча (гімназія г. Ганцавічы),  пераможцы мінулагодняга рэспубліканскага конкурсу даследчых работ па рускай мове і рэспубліканскага праекта “Юныя журналісты  Беларусі аб Саюзнай дзяржаве-2011” Рамана Рылкі (гімназія г. Ганцавічы), пераможцаў абласных алімпіяд Максіма Марціноўскага (гімназія г. Ганцавічы) і Андрэя Мухі (СШ № 1).

Падарункі “вясенняй” групе ўручыў старшыня райвыканкама Аляксандр Саланевіч, які, дарэчы, расказаў пра сваю вучобу ў школе, адказваючы на пытанні карэспандэнтаў гімназічнай газеты “Совершенно несекретно”: “Любімымі маімі прадметамі ў школе былі гісторыя і літаратура.

Аднак калі прыйшлося здаваць экзамен па хіміі, якую я ведаў дрэнна, дык за два месяцы ўпорнай працы я не толькі падрыхтаваўся на “выдатна”, але яшчэ і іншым дапамог. І гэта стала найлепшым падарункам для маёй настаўніцы”.

Аляксандр Паўлавіч расказаў таксама, што любіць адпачываць у ціхіх месцах, дзе толькі ён і прырода, што фіззарадку робіць кожную раніцу, па выхадных — на стадыёне СШ № 3, дзе, дарэчы, пакуль не сустрэў ніводнага чалавека.

А на пытанне, чаго б ён папрасіў у Дзеда Мароза, калі б той існаваў насамрэч, даў такі адказ: “Цяжкае выпрабаванне для чалавека — грашыма, яшчэ больш цяжкае — уладай. Любому кіраўніку важна стварыць калектыў, які б ва ўсім яго дапаўняў.

Я параўноўваю кіраўніка з дырыжорам: ён не іграе на ўсіх інструментах сам, але аб’ядноўвае, згуртоўвае намаганні многіх музыкантаў, стварае ўмовы для максімальнага праяўлення іх магчымасцей і ўменняў. Стаць такім  дырыжорам дапамагае мудрасць. Яна ж дапамагае знаходзіць выйсце з любых складаных сітуацый. Вось і падумайце, чаго б я папрасіў у Дзеда Мароза”.

“Летнія” таленты, якіх адрозніваюць аптымізм, цікаўнасць і ўдачлівасць, аказаліся ўсе… дзяўчатамі: Аксана Стрыжыч (Малькавіцкая СШ), Ганна Марыняк (дзіцячая школа мастацтваў), Марына Аляксейчык (Агарэвіцкая СШ), Кацярына Рудкоўская (СШ №2), Вікторыя Дзенісеня (Кукаўская СШ) і іншыя. Гэтых прыгожых і разумных дзяўчатак віншаваў з перамогамі на алімпіядах і конкурсах розных узроўняў намеснік старшыні райвыканкама Мікалай Валынец.

“Асенніх” юнакоў і дзяўчат, якіх вылучаюць цярплівасць, дыпламатычнасць, разважлівасць, узнагароджваў начальнік аддзела адукацыі райвыканкама Сяргей Сарокаў: Міхаіла Дуліка (Агарэвіцкая СШ), Таццяну Новік (Дзяніскавіцкі дзіцячы сад-СШ), Ірыну Пляханаву (СШ № 3), Дзмітрыя Мяцельскага (гімназія г. Ганцавічы), Анжаліку Сіроткіну (Люсінскі дзіцячы сад -СШ і іншых. Сяргей Вітальевіч пажадаў, каб поспехам рабят шчыра радаваліся настаўнікі, бацькі і сябры.

Найбольш мэта-накіраваных, рызы-коўных і спартыўных “зімніх” рабят — Святлану Мелехавец  (СШ № 2), Рамана Гардзея і Анастасію Ёкіш (СШ № 3), Сяргея Петрашэвіча (Любашаўская БШ), Яну Рабцэвіч (Раздзя-лавіцкая СШ), Андрэя Татарыновіча (Ганцавіцкая СШ), Сяргея Куніцкага (прафесійны ліцэй сельгасвытворчасці) і іншых — віншаваў былы спартсмен, а цяпер старшыня раённага Савета дэпутатаў Віктар Дрозд, які пажадаў рабятам далейшых перамог і веры ў заўтрашні дзень.

Упрыгожылі праграму сваімі выступленнямі танцавальныя калектывы ДШМ і гімназіі, самадзейныя спевакі розных навучальных устаноў раёна.

Напрыканцы мерапрыемства выступіў стыпендыят спецыяльнага фонду Прэзідэнта Рэспублікі Беларусь Аляксей Кірыковіч. “Мы не толькі бачым па тэлевізары, як у нашай краіне падтрымліваецца таленавітая моладзь, але і адчуваем гэта ў рэальнасці”, — сказаў ён і ў знак падзякі ад усіх адораных вучняў раёна ўручыў старшыні райвыканкама карціну.

Аляксандр Паўлавіч прыняў падарунак і тут жа перадаў яго дырэктару СШ № 3 са словамі: “У трэцяй школе музей ёсць? Няма? З гэтага і пачнецца”.

Из рубрики
Top