weather

USD 2.5448

EURO 2.8702

RUR(100) 3.4543

search

Зарабляем па-беларуску – плацім па-еўрапейску?!

Усіх, хто прывык ледзь не суткамі праседжваць каля тэлевізара, камп’ютара, карыстацца іншымі прыборамі цывілізацыі, якія патрабуюць электраэнергіі, чакае расчараванне: магчыма, хутка за ўсё гэта прыйдзецца плаціць па павялічанаму тарыфу.

Напярэдадні Новага года віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін заявіў, што краіне пара пачынаць эканоміць электрычнасць. Журналіст “ГЧ” паспрабавала палічыць, ці будзе яе сям’я з двух чалавек “упісвацца” ў прапанаваную норму.

Урад краіны ўнёс прапанову: увесці нарматыў – 107 кілават-гадзін (кВт×г) электрычнасці на аднаго чалавека, а калі ў сям’і 2, 3 і больш чалавек, то на кожнага з іх дадаецца яшчэ па 30 кВт×г. Як патлумачыў віцэ-прэм’ер Анатоль Калінін, усё, што мы патрацім па нарматыву, будзем аплачваць па аднаму тарыфу, усё, што звыш, — па сабекошту электрычнасці.

Такі эксперымент ужо правялі з вадой і водаадвядзеннем (каналізацыяй) і палічылі, што аднаму чалавеку хапае 140 літраў вады на суткі, або 4,2 кубаметры за 30 дзён: менавіта столькі расходуюць жыхары Германіі, Францыі, Швецыі. Цяпер мы аплачваем “нарматыўную” ваду па аднаму тарыфу, усё, што звыш, – “па тарыфах, забяспечваючых поўнае вяртанне эканамічна абгрунтаваных затрат на аказанне паслугі”. Урад палічыў, што ўвядзенне дыферэнцыраванай аплаты за паслугі водазабеспячэння і водаадвядзення прывядзе да эканоміі насельніцтвам гэтых паслуг і зніжэнню аб’ёмаў іх рэалізацыі на 6-6,5 працэнта.

Па падліках энергетыкаў, сярэдняя беларуская сям’я з трох чалавек у зімовы месяц расходуе каля 200 кВт×г электрычнасці. Атрымліваецца, нават у такой “усярэдненай” сям’і перарасход складзе 33 кВт×г у месяц.

Як расказала кантралёр філіяла РУП “Брэстэнерга” Баранавіцкія электрычныя сеткі Ганцавіцкія РЭС Таццяна Тамашэня, па нашаму райцэнтру названая лічба яшчэ меншая – каля 120 кВт×г. “Аднак пажылы чалавек, бывае, траціць усяго 20-60 кВт×г, а сям’я нават з адным дзіцем – 300-400”, — заўважыла Таццяна Канстанцінаўна.

Спрабую разабрацца, чаму штомесяц мне прыходзіцца аплачваць у 2,5 раза  большы аб’ём электраэнергіі, чым прапанаваныя сям’і з двух чалавек 137 кВт×г? Пры гэтым, лічу, мы не расходуем электраэнергію марнатраўна (глядзіце табліцу).

 

Зарабляем  па-беларуску – плацім  па-еўрапейску?!

Аказалася, толькі на самае неабходнае патрэбна 252,8 кВт×г у месяц! Прычым з гэтага спіса выкінуты электрачайнік (2 кВт), тостар (0,85 кВт). Іншы раз прыходзіцца карыстацца міксерам, сокавыціскалкай, электрадрылем. А яшчэ раз-два ў месяц прыязджаюць дамоў сыны-студэнты, бывае, прыходзяць госці, і расход электраэнергіі павялічваецца.

Няўжо мы такія неэканомныя?

“У нашай сям’і пяць чалавек, з іх трое дзяцей. У месяц мы расходуем каля 300 кілават-гадзін электраэнергіі”, — расказала Вольга Ярашэвіч з в. Хатынічы.  Падлічваем: 227 кВт×г гэта сям’я будзе аплачваць па звычайнаму тарыфу, а 73 кВт×г — па завышанаму.

“Найбольш электрычнасці “з’ядае” бойлер, аднак нашай сям’і без яго не абысціся, — разважае Наталля Булат з Агарэвіч, шматдзетная маці, якая нарадзіла і разам з мужам выхоўвае пяцёра дзяцей. – Штомесяц мы расходуем каля 500 кілават-гадзін. Атрымліваецца, амаль палову – 213 кілават-гадзін прыйдзецца аплачваць “па поўнай”. Гэта шмат…”.

А ў г. Ганцавічы ёсць, напрыклад, кватэры, дзе тэмпература паветра зімой вышэй 12 градусаў не падымаецца. Ім без радыятараў ці награвальнікаў, магутнасць якіх каля 3 кВт, не абысціся. Такім сем’ям можна толькі паспачуваць…

На чым жа зэканоміць так, каб “упісацца” ў прапанаваныя ўрадам “кілават-гадзіны”?

Пэўна, трэба зноў вярнуцца да таго, ад чаго даўно адышоў увесь цывілізаваны свет: пыл з дываноў змятаць уручную, бялізну мыць на дошцы і прасаваць яе драўляным прасам з бабулінага куфэрка, на работу адпраўляцца без прычоскі, камп’ютар лічыць упрыгожаннем пакоя (няхай думаюць, што багатыя!), а крэм да святочнага стала ўзбіваць двума відэльцамі. Тым, у каго мала градусаў у кватэры, пераходзіць на “зімняе ўтрыманне” – хадзіць па кватэры ў кажусе і валёнках, спаць у світэрах і шкарпэтках. Пра ўсе іншыя даброты цывілізацыі, напрыклад, пра пасудамыечную машыну і розныя блэндары-хлебапякарні, нават не марыць.

А яшчэ — аніякіх гасцей! Ну, хіба толькі можна арганізоўваць эканамічна выгадныя масавыя тэлепрагляды: сёння сабрацца каля блакітнага экрана ў аднаго суседа, заўтра ў другога, а там у трэцяга – і каб без кавы!

Пры гэтым радавацца, што пакуль, дзякуй Богу, справа не даходзіць да лучыны, і супакойваць сябе думкамі, што асобныя плямёны Афрыкі жывуць яшчэ горш…

Канечне, можна было б і аплачваць той сабекошт вады, цяпла, электраэнергіі, раўняючыся пры гэтым на нарматывы Германіі ці Францыі. Але тады ў сярэднестатыстычнага беларуса з правінцыі павінна быць і зарплата як у сярэднестатыстычнага немца ці француза.

Вось і хочацца прапанаваць ураду: калі ласка, пачніце ўводзіць “еўрапейскія” нормы з увядзення “еўрапейскай” зарплаты. Але не на паперы, а ў рэальнасці, каб пакласці ў кішэню. Бо пакуль многім правінцыялам, будзь яны хоць сямі пядзяў у ілбе і з пяццю вышэйшымі адукацыямі, або шчыруй на будоўлях і палях,  “сярэдняя па краіне” зарплата здаецца чамусьці недасягальнай…

P.S. Паважаныя чытачы, дасылайце лісты са сваімі думкамі на ўзнятую тэму. Магчыма, хтосьці ведае, як жыць цывілізавана і расходаваць пры гэтым нарматыўныя 107+30+30…

Из рубрики
Top