weather

USD 2.5448

EURO 2.8702

RUR(100) 3.4543

search

ААТ «Модуль» наведаў міністр

На ўзроўні міністэрстваў і ведамстваў ёсць зацікаўленасць у тым, каб ААТ «Модуль» выйшла на прыбытковую работу. Аб гэтым заявіў журналістам  міністр прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзімір Цалко, які 25 студзеня наведаў   прадпрыемства.

Падчас візіту міністр Уладзімір Цалко пагутарыў з Інай Ткач — работніцай ААТ «Модуль» з дваццацігадовым стажам
Падчас візіту міністр Уладзімір Цалко пагутарыў з Інай Ткач — работніцай ААТ «Модуль» з дваццацігадовым стажам / Фото: Светлана Локтыш

«Адміністрацыяй прэзідэнта Рэспублікі Беларусь створаны  рабочыя групы, міністры наведваюць розныя прадпрыемствы. Супрацоўнікі Брэсцкага аблвыканкама «падказалі» нам, што ў «Модуля» ёсць праблемныя пытанні, якія могуць быць вырашаны толькі на ўзроўні міністэрстваў, ведамстваў. Вось мы і высвятляем, чаму прадпрыемства пакуль не выходзіць на станоўчае сальда», —  сказаў Уладзімір Рыгоравіч падчас абмеркавання рабочых момантаў са спецыялістамі таварыства.

Каб дакладна высветліць сітуацыю на прадпрыемстве, міністр Уладзімір Цалко са сваім памочнікам Раманам Лабазнавым, намеснікам старшыні райвыканкама Андрэем Каўшом і начальнікам аддзела ідэалагічнай работы Лідзіяй Занькай наведаў пяць цахоў ААТ «Модуль». У кожным з іх Уладзімір Рыгоравіч гутарыў з рабочымі. Міністра цікавіла, колькі гадоў працуе на заводзе кожны з яго субяседнікаў, якая ў яго зарплата, ці задавальняюць умовы працы, ці ёсць нараканні і незадаволенасць чым-небудзь.

«Мяне ўсё задавальняе: зарплата, умовы працы. У наш напружаны час многія жывуць значна горш”, — адказаў шаноўнаму госцю рабочы Вячаслаў Пакумейка. Зарплата ў 1 млн 600 – 1 млн 700 тысяч рублёў і нармальная арганізацыя працы задавальняе і зваршчыцу Ганну Дрозд. З работніцай поліпрапіленавага цэха Інай Ткач міністр пагаварыў аб тым, што сёння важна не толькі ўмець зарабіць, але і прапанаваць сваю прадукцыю, і прадаць яе.

“Варта быць у пастаянным пошуку і не “праядаць” заробленае, а вучыцца зарабляць валюту. Інакш і ў магазін хадзіць не хочацца, праўда?” — спытаў у субяседніцы Уладзімір Рыгоравіч, і Іна Васільеўна згадзілася з ім.
У цэлым, па словах Уладзіміра Цалко, ён застаўся задаволеным убачаным. “Цэхі добрыя, абсталяванне сучаснае, у асноўным, імпартнае, умовы створаны — застаецца толькі пачаць зарабляць”, — зазначыў ён і спытаў, на якім прадпрыемстве ў Ганцавічах самыя высокія зарплаты. Па словах  намесніка старшыні райвыканкама Андрэя Каўша, — якраз на “Модулі”.

На працягу “экскурсіі” па цахах рабочую групу суправаджала галоўны інжынер таварыства Валянціна Касцюк. Яна коратка распавяла гісторыю стварэння і развіцця прадпрыемства, якое было заснавана ў 1944 годзе і дзе зараз працуе 248 работнікаў, расказала пра яго сённяшнія справы, пра асартымент выпускаемай прадукцыі, якая вылучаецца высокай якасцю. “Вось гэтымі дзвюма драбілкамі мы пераапрацоўваем тэхналагічныя адходы і выкарыстоўваем іх як другасную сыравіну. Яе мы можам камусьці прадаваць. Вялікія надзеі таксама ўскладваем на фітынгі…” — дзялілася планамі на будучае Валянціна Мікалаеўна.

Ужо сёння сярод заказчыкаў ААТ “Модуль” значацца буйныя беларускія прадпрыемствы жыллёва-камунальнай гаспадаркі, цеплавой энергетыкі, будаўнічай галіны, а таксама прыватныя асобы, якія займаюцца рамонтам і будаўніцтвам. У каталозе прадукцыі таварыства — розныя прадізаляваныя трубы і фасонныя часткі, фітынгі — злучальныя часткі трубаправодаў у месцах іх разгалінаванняў, паваротаў ці пераходаў на іншы дыяметр, муфты, абіўка кабін МАЗаў, вокны і дзверы ПВХ, шклопакеты, модульныя канструкцыі. Пастаяннымі партнёрамі і пастаўшчыкамі прадпрыемства з’яўляюцца вытворцы Германіі, Фінляндыі, Італіі, Даніі, Аўстрыі і Расіі.

ААТ “Модуль” пакуль пагашае дэбіторскую і крэдытную запазычанасць і працуе з прыбыткам. Так, за трэці квартал 2011 года выручка прадпрыемства ад рэалізацыі тавараў, работ і паслуг (без ПДВ, акцызаў і іншых абавязковых плацяжоў) склала 25549 мільёнаў рублёў, чысты прыбытак склаў 2414 мільёнаў  рублёў. Увесь ён быў размеркаваны сярод акцыянераў — 1 юрыдычнага і 11 фізічных асоб. Пры гэтым вартасць адной акцыі склала 65,17 рубля.

Аднак прыйшоў час, калі прадпрыемству трэба пагашаць вялікія даўгі па крэдытах. Як будуць спраўляцца з сітуацыяй спецыялісты таварыства? Менавіта на гэта пытанне хацеў атрымаць адказ міністр Уладзімір Цалко.
Ці атрымае ААТ “Модуль”   падтрымку і дапамогу ад урада, неўзабаве стане вядома. І работнікі прадпрыемства адчуюць гэта першымі — на сваёй зарплаце.

Из рубрики
Top