weather

USD 2.5486

EURO 2.8758

RUR(100) 3.4345

search

Родную мову адчуваеш сэрцам

Міжнародны дзень роднай мовы адзначыў свет 21 лютага. Мовы матулінай калыханкі ці той, на якой чалавек думае і найлепш выказвае свае думкі? А магчыма,  мовы народа або этнічнай групы, да якой чалавек належыць? Няхай сабе навукоўцы разглядаюць розныя канцэпцыі тэрміна “родная мова”. А простым смяротным  разважаць над тэрмінам не трэба: яны сэрцам адчуваюць, якая мова — родная. І захоўваюць яе, як і жыхары Ганцаўшчыны — людзі розных нацыянальнасцей.

Башкірка А. Міхлюк, татарка Л. Гардзей, балгарка Т. Муха і ўкраінка                     А. Шэйко на фестывалі нацыянальных культур “Карагод” у Гродне (злева направа)
Башкірка А. Міхлюк, татарка Л. Гардзей, балгарка Т. Муха і ўкраінка А. Шэйко на фестывалі нацыянальных культур “Карагод” у Гродне (злева направа)

“Башкірская мова мяккая, пявучая і такая зразумелая”, — захапляецца сваёй мовай башкірка Альфія Міхлюк. “Эні”, “эты”, “эбы” (што азначае “мама”, “тата”, “бабуля”) Альфія Ах’ямаўна прамаўляе з мяккімі зычнымі гукамі. І “г” у  яе роднай мове не выбухное, як у рускіх, а вымаўляецца з прыдыханнем, як у беларусаў. Беларусь стала, па словах Альфіі Ах’ямаўны, “больш чым другой Радзімай”: сюды яна трапіла зусім юнай і тут пражыла ўсё сваё дарослае жыццё. Цяпер добра разумее рускую, а таксама беларускую мову, на якой нават спрабуе пісаць вершы:

“На новай радзіме
працуем
З сумленнай,
адкрытай душой,
Вучымся, дзетак гадуем,
Гісторыю разам будуем.
Хай заўжды сям’і адзінай
Дапаможа ў жыцці Алах.
Добры дзень!
Салам алейкум!
Мархабэ рахматуллах!”*

*У перакладзе: “Мір вам і міласэрнасць ад Бога”.

Аднак не забывае Альфія Ах’ямаўна і башкірскую мову. “Дачка звязвае мяне з братамі і сёстрамі праз камп’ютар, і мы падоўгу размаўляем з імі па-башкірску. Сваё, роднае, забываць нельга”, — лічыць Альфія Ах’ямаўна.

Дружная інтэрна-цыянальная сям’я Ерназаравых размаўляла с госцяй-журналісткай на рускай мове. Аднак самі Ерназаравы ведаюць тры мовы: беларускую, рускую і казахскую. Апошняя — мова гаспадара вялікага сямейства, Абдзігапара. Больш за два дзясяткі гадоў назад беларуска Надзея выйшла замуж за казахскага юнака. Пятнаццаць гадоў сям’я пражыла ў краіне неабсяжных стэпаў, а потым пераехала на пастаяннае пражыванне ў Сінявокую. Аднак дзе б ні жылі Ерназаравы, паўсюль даніну павагі аддавалі мовам і таты, і мамы. Старэйшыя дзеці — сын Бауружан, дочкі Дзінара і Таншулпан, якія шмат гадоў пражылі з бацькамі ў Казахстане, свабодна валодаюць казахскай мовай, малодшыя Батыржан, Ержан і маленькая Каміла разам з мамай і татам вывучаюць адну мову продкаў — у садку і школе, другую — у сям’і. І абедзве лічаць роднымі.

“Рахмед!” — дзякую гаспадарам за гасцінны прыём. І доўга яшчэ знаходжуся пад уражаннем ад цеплыні адносін і святла, якія пануюць у гэтай сям’і. Магчыма, таму, што тут умеюць цаніць РОДнае.

Як, дарэчы, і ў сям’і Гусейнавых. 15 гадоў мінула з тае пары, калі азербайджанская сям’я пераехала з сонечнага Баку ў Ганцавічы. За гэты час і дарослыя, і дзеці — сын Асіф і дачка Жаля  – ўдасканалілі размоўную рускую мову, навучыліся добра разумець беларускую. Аднак паміж сабой яны размаўляюць па-азербайджанску. “Наша мова мяккая, пяшчотная, яна вельмі падобна на турэцкую. Якраз, як вашы, славянскія: падобны паміж сабой, але і розныя, — разважае Рафгана Гусейнава. — А вось характар азербайджанцаў падобны на характар беларусаў: абодва народы спакойныя, добрыя, шчырыя і вельмі гасцінныя”. Жанчына адзначае, што менавіта гэта дазваляе іх сям’і ўтульна адчуваць сябе на беларускай зямлі. А яшчэ лічыць магчымасць спакойна жыць і працаваць людзям розных нацыянальнасцей вынікам палітыкі дзяржавы, якая цярпіма, памяркоўна ставіцца да ўсіх. “Згадзіцеся: калі дзеці шкодзяць, бацькі гэта ведаюць. Так і ў краіне: калі нехта здзяйсняе дрэнныя ўчынкі ў адносінах да людзей іншага колеру скуры ці іншай мовы, урад не можа не ведаць гэтага. Можа, толькі не заўважаць…” — лічыць Рафгана Велі-Кызы.

Балгарка Тамара Муха (Куруч у дзявоцтве) нарадзілася і дзяцінства правяла ў Малдове. Але роднай лічыла менавіта балгарскую мову: тата і мама ў сям’і заўсёды размаўлялі па-балгарску. Калі надышоў час ісці ў першы клас, успомніла Тамара, мама падарыла ёй залатыя завушніцы і сказала, што дзяўчынка павінна назваць сваё імя, калі настаўніца задасць пытанне: “Как тебя зовут?”. “Фразу я запомніла і была вельмі шчаслівая, калі пачула яе і правільна адказала настаўніцы. А пасля паступова вывучыла і рускую мову”, — расказала жанчына. Цяпер яна ўказвае як “родная” менавіта рускую мову: сказаліся больш як 30 гадоў жыцця ў Беларусі — за гэты час Надзея стала нават думаць па-руску. Акрамя таго, калі з розных куткоў зямлі з’язджаюцца да бацькоў у госці яна, яе сястра і браты з сем’ямі, дык размаўляюць усе па-руску. “Гэта агульная мова для нашай інтэрнацыянальнай сям’і, дзе ёсць яшчэ залвіца-малдаванка і зяці — беларус, немец і ўкраінец”, — прыязна ўсміхаецца Тамара.

“Туган тэлен… Туган тылін… Дагма дыль… Родзін ізік… Рідна мова… Родная мова…”, — з замілаваннем прамаўляюць башкіры, казахі, азербайджанцы, балгары, украінцы, беларусы… Людзям розных нацыянальнасцей няма чаго дзяліць — усе дзеці адной Зямлі.  Але мы ўсе розныя: гэта дапамагае кожнай нацыі, народнасці захоўваць пачуццё ўласнай годнасці, дзяліцца набыткамі розных культур, а значыць, — станавіцца больш мудрымі і духоўна багатымі.

Из рубрики
Top