weather

USD 2.5448

EURO 2.8702

RUR(100) 3.4543

search

Ягорка марыць ратаваць людзей, а пакуль ратуюць яго

У мінулую суботу, 17 сакавіка, а 17 гадзіне на пустцы каля дамоў №№ 10, 12 па Заводскай імгненна ператварыўся ў палаючы факел 10-гадовы Ягор Цыбулька, які спрабаваў тушыць падпаленую кімсьці мінулагоднюю траву. Хлопчык застаўся жывы дзякуючы ганцаўчаніну Віталю Лашко, які выпадкова аказаўся непадалёк ад месца здарэння.

На гэтым месцы дзеці тушылі траву, пасля чаго адзін з іх трапіў у рэанімацыю
На гэтым месцы дзеці тушылі траву, пасля чаго адзін з іх трапіў у рэанімацыю / Фото: Петр ГУЗАЕВСКИЙ

Віталь Лашко і яго  жонка якраз былі ў двары дома, дзе жывуць. “Мы размаўлялі, і раптам жонка ўсклікнула: “Дзіця гарыць!”. Я павярнуўся: максімум у дзесяці метрах ад нас палаў хлопчык,” — успамінае Віталь.

Па яго прызнанні, ён не адчуў ні страху, ні панікі ад убачанага. Яшчэ падчас праходжання тэрміновай службы Віталю Лашко даводзілася тушыць тарфянікі і бываць у падобных сітуацыях. Цяпер мужчына працуе ў раённым аддзяленні Дэпартамента “Ахова” МУС Рэспублікі Беларусь, дзе патрэбны імгненная рэакцыя і уменне валодаць сабой. Таму ён не разгубіўся і пачаў імгненна дзейнічаць: выхапіў дзіця з агню, паклаў на пясок і пачаў качаць па ім. У першую чаргу тушыў агонь на галаве хлопчыка, пасля — на ручках, грудзях, ножках. На адной ножцы агонь не сціхаў, тады яе закуталі ў куртку, якую скінула з сябе жонка Віталя.

…Цяпер мужчына ўспамінае, што прывяло да  бяды. Хтосьці падпаліў мінулагоднюю траву побач з домам на пустцы, тут жа знаходзіліся дзеці. Ягор адышоў ад іх і накіраваўся ў глыб пусткі, да вады. Па дарозе ён ляснуў нагой па купіне, з якой вырваўся агонь. Падхоплены парывам ветру, агонь перакінуўся з купіны на хлопчыка — і той успыхнуў, нібы факел. “Усё адбылося за долі секунды, — расказвае Віталь. — Хлопчык ступіў пару крокаў убок і ў паніцы спыніўся. У гэты момант я і апынуўся каля яго”.

Барыс Іванавіч Лынша, дзядуля Ягора, які, дарэчы, сам паведаміў у РАУС аб тым, што здарылася, са слоў унука сцвярджае, што ён разам з сябрамі тушыў траву. На купіне хлопчык убачыў агонь, таму і ляснуў ножкай. “Ягорка ніколі раўнадушна не пройдзе нават міма параненага птушаняці. Марыць працаваць у службе МНС і ратаваць людзей. Але пакуль ён сам абавязаны жыццём іншым, і ў першую чаргу Віталю Лашко. Каб не ён, майго ўнука ўжо не было б…” — голас  Барыса Іванавіча выдаваў яго хваляванне.

За жыццё і здароўе Ягоркі змагаліся спачатку медыкі “хуткай”, рэанімацыйнага аддзялення Ганцавіцкай цэнтральнай райбальніцы. У панядзелак хлопчык быў адпраўлены ў апёкавае аддзяленне Брэсцкай абласной бальніцы. Па словах загадчыка рэанімацыйнага аддзялення ЦРБ Юрыя Шчыткоўскага, на той момант стан малога пацыента быў сярэдняй ступені цяжкасці.

У мінулую сераду раніцай, калі журналіст звязалася па тэлефоне з Барысам Іванавічам, Ягорку чакала другая аперацыя. А наперадзе яшчэ некалькі, у тым ліку па перасадцы скуры, пластычных. “Ягорка наш цярплівы, мужны хлопчык, стараецца не плакаць. Толькі калі іншыя заплачуць, тады і ў яго пабяжыць слёзка. Пакуль яго вязлі на “хуткай”, ён прасіў, каб нічога не казалі маме, каб яна не хвалявалася. Пра сябе толькі спытаў, ці будзе ён жыць”, — расказаў Барыс Іванавіч.

Як звычайна ў такіх сітуацыях, блізкія хлопчыка не толькі маральна, але і фінансава аказаліся не гатовы да здарэння. Хлопчыку патрэбны лекі, якія дорага каштуюць. Напрыклад, толькі адзін невялікі цюбік неабходнай мазі каштуе каля 300 тысяч, а яго хапае ненадоўга. Таму сям’я ўдзячна ўсім, хто адгукнуўся на яе бяду. Адным з першых аказаўся старшыня райвыканкама Аляксандр Саланевіч: як толькі кіраўнік раёна даведаўся пра здарэнне, адразу патэлефанаваў маме Ягора і прапанаваў дапамогу. Адгукнуліся і дапамагаюць старшыня раённага камітэта прафсаюза работнікаў адукацыі і навукі Юрый Андрэйчык, работнікі ўпраўлення па працы, занятасці і сацыяльнай абароне райвыканкама, СШ № 1, дзе вучыцца  чацвяртакласнік Ягор, родныя і блізкія людзі.

“Але гэтай бяды магло і не быць. Хто кінуў запалку на сухую траву?” — задаецца рэзонным  пытаннем Барыс Лынша.

Супрацоўнікі райаддзела міліцыі і райаддзела Міністэрства па надзвычайных сітуацыях высвятляюць, хто ўчыніў пал на Заводскай. Па словах інспектара райаддзела МНС Валерыя Гардзея, уражвае поўная адсутнасць логікі і пачуцця самазахавання ў людзей, якія, нягледзячы на забароны і папярэджанні, выпальваюць мінулагоднюю траву. Найчасцей ад яе ўспламяняецца маёмасць, а  іншы раз агонь не шкадуе і людзей.

Вось і ў мінулыя выхадныя, у гэтыя першыя два  па-сапраўднаму вясеннія цёплыя дні, заўважае інспектар, выратавальнікі не паспявалі спраўляцца з паламі ў розных кропках раёна; добра, што дапамагалі самі жыхары населеных пунктаў. Ад травы загарэўся хлеў на хутары ў Шашках, гарэлі землі ў СВК “Агарэвічы” і “Малькавічы”, у СГВК “Любашава”. Наогул, на Брэстчыне з 22 палаў, зарэгістраваных толькі ў мінулыя выхадныя, у васьмі выпадках падпальшчыкамі аказаліся самі гаспадары прыдамавых тэрыторый. І гэта — толькі папярэднія, дакладна пацверджаныя лічбы. На пажарышчах, звязаных з выпальваннем мінулагодняй травы, здарылася тры няшчасныя выпадкі: адзін дарослы загінуў у агні, яшчэ адзін дарослы атрымаў апёкі, а сумны спіс пацярпелых завяршыў якраз юны ганцаўчанін Ягор Цыбулька.
Між тым кола вінаватых у здарэнні значна шырэй, чым просты падпальшчык сухой расліннасці. Нехта ж павінен быў навесці парадак на тэрыторыі каля дамоў па Заводскай. “Не было б бур’яну, не было б і праблемы”, —  лічыць інспектар РАНС Валерый Гардзей.  “Чаму б  работнікам ЖКГ не паклапаціцца, каб гэтая пустка не стала рассаднікам заразы, не зарастала хмызняком, а пераўтварылася, напрыклад, у стаянку для аўтамабіляў ці дзіцячую пляцоўку”, — спрабуе знайсці варыянты акультурвання пусткі дзядуля пацярпелага хлопчыка.
Пытанне аб бязладдзі, якое пануе якраз на  гэтай злашчаснай пустцы, 12 жніўня 2011 года паднімала і газета “Ганцавіцкі час” у матэрыяле “Ганцавіцкія джунглі”. Аўтар нататкі Пётр Гузаеўскі звяртаўся да работнікаў інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, санэпідэміялагічнай і камунальнай службаў раёна з патрабаваннем прыняць меры па навядзенні  парадку ў гэтым месцы.

Не пачулі. Не адрэагавалі. Інакш больш чым за паўгода можна было справіцца з  бур’яном і хмызняком.  Атрымліваецца, пакуль гром не грымне, мужык не перахрысціцца.

Гром грымнуў. Шкада, што ў пастку безгаспадарчасці і халатнасці дарослых трапіла ні ў чым не павіннае дзіця. Ці спакойна спяць пасля гэтыга тыя, хто мог папярэдзіць бяду і не зрабіў гэтага?

Из рубрики
Top