weather
search

Экстрэмальныя прыступкі каля кафэ «Рамонак»

Пераломамі рукі і цялеснымі пашкоджаннямі закончыўся паход жыхара вёскі Раздзялавічы Мікалая Рабцэвіча, які на мінулым тыдні наведаўся ў кафэ «Рамонак», што знаходзіцца ў цэнтры вёскі. Пажылы мужчына спатыкнуўся, спускаючыся з высокага ганка, і зараз ходзіць з загіпсаванай рукой.

Мікалаю Рабцэвічу пасля няўдалага паходу ў кафэ прыйдзецца хадзіць з загіпсаванай рукой
Мікалаю Рабцэвічу пасля няўдалага паходу ў кафэ прыйдзецца хадзіць з загіпсаванай рукой / Фото: Петр ГУЗАЕВСКИЙ

“З-за таго, што не могуць нармальны ганак зрабіць, скалечыўся, – расказаў “ГЧ” Мікалай Міхайлавіч. – Здаецца, і акуратна ступаў з прыступак, а абцасам чаравіка за жалезны вугалок зачапіўся, паляцеў уніз і ўдарыўся аб бетон”. 

Па словах жыхароў, гэты мужчына не першы, хто падаў з ганка. Але да гэтага выпадку абыходзілася без вялікіх траўм. “Там цвярозы чалавек можа голаву скруціць, а з кафэ людзі часта і на падпітку ідуць. Вось калі хто заб’ецца, то тады пачнуць шукаць вінаватых, як заўсёды. А пакуль нікому справы няма да таго, што гэты ганак развальваецца», – сказаў адзін з вяскоўцаў.

Каля магазіна “Прадукты” ў Раздзялавічах некалькі гадоў таму таксама была такая ж праблема. Тады райпоўцы спрацавалі аператыўна, праз тыдзень адрамантавалі прыступкі, паставілі жалезныя парэнчы. І цяпер людзі памятаюць пра гэта.

Скаргу пацярпелага вяскоўца пра неўпарадкаванасць ганка аўтар гэтага артыкула перадаў старшыні Ганцавіцкага раённага спажывецкага таварыства Аляксандру Селюжыцкаму. Аляксандр Уладзіміравіч сказаў, што зараз у іх працуе добры зваршчык. Калі набудуць неабходныя матэрыялы, пастараюцца вырашыць гэту праблему, адрамантаваць і паставіць парэнчы. Застаецца спадзявацца, што будзе выканана абяцанне гэтак жа аператыўна, як і мінулы раз. Бо небяспека, што могуць з’явіцца іншыя пацярпелыя, ёсць кожны дзень: кафэ “Рамонак” у раздзялаўцаў карыстаецца папулярнасцю.

Новости

Из рубрики
Top