Памёр навуковец і паэт з Чудзіна
На 54-м годзе жыцця 25 лютага памёр гісторык, паэт, публіцыст Эдуард Дубянецкі.

Эдуард Дубянецкі
Ён паходзіў з вёскі Чудзін Ганцавіцкага раёна, у якой нарадзіўся ў 1966-ым годзе. Ягоным бацькам з’яўляўся філосаф, палітолаг і публіцыст Станіслаў Дубянецкі.
У 1992—2004 гадах Эдуард Станіслававіч быў навуковым супрацоўнікам Скарынаўскага цэнтра, з 2004 года — вядучым навуковым супрацоўнікам Беларускага дзяржаўнага педагагічнага універсітэта імя М. Танка.
Эдуард Дубянецкі з’яўляецца аўтарам чатырох навукова-папулярных кніг і звыш 200 навуковых, публіцыстычных і літаратурных артыкулаў і эсэ. У 2011 годзе творчы чалавек выдаў кнігу паэзіі “Душы маёй няскончаны палёт”. У 2012 годзе Эдуард стаў членам Саюзу беларускіх пісьменнікаў.
На старонцы ў «Фэйсбуку» ў Эдуарда шмат успамінаў і добрых слоў пра яго, а таксама спачуванні ягоным родным ад сяброў, калег, знаёмых. Апошнія запісы самога Эдуарда – віншаванне беларусаў з Днём роднай мовы (21лютага) і разважанні да 85-годдзя народнага паэта Рыгора Барадуліна (24 лютага).
Адно са спачуванняў з «Фэйсбука»:
Светлая галава, шчырае сэрца… Пайшоў з жыцця Эдуард Дубянецкі… Смуткую… Спачуванне родным…
НІДЗЕ І ПАЎСЮЛЬ
Пайсці, упасці ў мурог.
Духмяны, што пад сонцам белым.
І слухаць ветру ціхі спеў,
І бачыць птушак ў паднябессі…
І стацца птушкаю і сонцам,
І лётаць, нібы матылёк.
А потым растварыцца, быццам
У моры кропелька дажджу…
І адчуваць:
Цябе няма
Нідзе у гэтым свеце Божым,
І ў той жа час ты ёсць паўсюль,
Ў травінцы кожнай, кожным дрэве,
У кожнай кветачцы на лузе…
«Душы маёй няскончаны палёт», Мінск 2011г.
