У Еўропе адзначаецца Дзень Паркаў. А што ў Ганцавічах?
Дзень Паркаў адзначаецца ў еўрапейскіх краінах 24 мая. На тэрыторыі Беларусі існуе 2 запаведніка і 4 нацыянальных парка. У Ганцавіцкім раёне ёсць 4 прыродаахоўныя тэрыторыі.

24 мая – Еўрапейскі дзень паркаў
Ганцавіцкі фармат
Галоўны захавальнік фондаў Ганцавіцкага раённага краязнаўчага музея Віталь Герасіменя расказаў пра прыродаахоўныя тэрыторыі нашага раёна:
“У Ганцавіцкім раёне налічваецца чатыры прыродаахоўныя зоны агульнарэспубліканскага значэння – заказнікі: Выганашчанскі, Падвялікі мох, Борскі, Ялоўскі, а таксама помнік прыроды мясцовага значэння Сасна Веймутава”.
Глядзіце таксама: Помнік прыроды «Сасна веймутава»
У вёсцы Вялікія Круговічы каля дуба “Волата” ляжыць цэлы парк валуноў. Віталь Герасіменя распавёў, што два самыя вялікія з іх знойдзены ў кар’еры паміж Вялікімі Круговічамі і Шашкамі, а таксама каля Малых Круговічаў.
Супрацоўнік музея кажа:
“Іх завазілі супрацоўнікі ПМС на спецыяльных лыжах па снезе, каб стварыць валуновы ансамбль ля “Волата”. Супрацоўнік музея лічыць, што валунам трэба надаваць значэнне помнікаў прыроды і ахоўваць законам.
Беларусь і Дзень Паркаў
Дзень Паркаў быў заснаваны арганізацыяй Еўрапарк (EUROPARК Federation) і ўпершыню праведзены ў 1999 годзе. Удзел у розных экалагічных і асветніцкіх мерапрыемствах у гэты дзень бяруць каля 40 краін Еўропы.
Пачатак гэтай падзеі паклала Швецыя, якая 111 год назад у 1909 годзе стварыла першыя нацыянальныя паркі. Іх было 8. Цяпер у Еўропе налічваецца больш за 300 ахоўваемых дзяржавай нацыянальных паркаў.
Гэтае свята было заснавана з мэтай павышэння статусу запаведнікаў Еўропы. Цяпер Еўрапейскі дзень паркаў сімвалізуе міжнародную салідарнасць у справе аховы і захавання прыроды.
Глядзіце таксама: Круговіцкі «Волат» чуў і ведае шмат. Панарамнае фота 360
Гісторыя беларускіх запаведнікаў і паркаў:
1925 — у БССР створаны першы запаведнік — Бярэзінскі.
1939 — на далучанай да БССР тэрыторыі створаны запаведнік Белавежская пушча. 1969 — створаны Прыпяцкі запаведнік.
1988 — створаны Палескі запаведнік.
1991 — запаведнік Белавежская пушча ператвораны ў нацыянальны парк.
1995 — створаны Нацыянальны парк Браслаўскія азёры.
1996 — Прыпяцкі запаведнік ператвораны ў Нацыянальны парк Прыпяцкі, яго плошча павялічана.
1999 — створаны Нацыянальны парк Нарачанскі.
Каля 2007 — павялічана плошча Нацыянальнага парку Белавежская пушча.
