weather

USD 2.6293

EURO 2.9482

RUR(100) 3.3334

search

Ганцавіцкія таленты раскрыліся нават у дымавой завесе

Уладальнікам Гран-пры «Прарыў года» і  1 мільёна рублёў з прызавога фонда культурнага праекта «Я – талент»,  які 29 снежня ўпершыню адбыўся ў ГДК г. Ганцавічы, стала 12-гадовая ганцаўчанка Яна Рылка.

Маргарыта Саланевіч уручае прызы ўдзельнікам конкураса
Маргарыта Саланевіч уручае прызы ўдзельнікам конкураса "Я - талент" на сцэне ГДК г. Ганцавічы / Фото: Петр Гузаевский

У намінацыі «Лепшы вакаліст» (1-е прызавое месца) перамагла Наталля Рылка, у намінацыі «Лепшы вядучы» журы не выявіла абсалютнага лідара і 1-е месца прысудзіла Кірылу  Апановічу і Валерыі Смоліч. І ў намінацыі «Лепшы творчы праект» 1-е прызавое месца атрымала творчая група «Вулічныя мімы»: Андрэй Глеб  – вакал (рэп), Яўген Радкевіч – бітбокс, Уладзіслаў Муха –  харэаграфія (брэйкданс), Уладзіслаў Гайцюкевич – харэаграфія (брэйкданс), Дзмітрый Гардзей – харэаграфія (брэйкданс).

Журы крыху адышло ад рамкаў палажэння конкурсу і асобна ўручыла дыплом і падарунак самай юнай і безумоўна таленавітай дзяўчынцы, 8-гадовай Мілене Дрозд, якая парадавала сваімі выступленнямі амаль поўную залу гледачоў.

«Тры месяцы таму, калі маладыя спецыялісты прапанавалі правесці гэты конкурс, яны  не здагадваліся і прадставіць не змаглі, наколькі шматпланава можна паказаць і выявіць вашы таленты.  Дзякуй у першую чаргу таленавітым педагогам,  – сказаў старшыня журы, намеснік старшыні райвыканкама Сяргей Сарокаў падчас узнагароджвання пераможцаў.  – «У кожным чалавеку ёсць нешта харошае,  яго толькі трэба добра абшукаць» – гэта жарт, які агучылі на гэтай сцэне  ў канцы мінулага стагоддзя ўдзельнікі КВЗ “Паліцэйская акадэмія”. Той талент, які заўважылі ў вас, ён раскрываецца, і хочацца, каб ён яшчэ больш раскрыўся»

Як адзначыла дырэктар ГДК Ірына Гурская, мерапрыемства было незвычайным, таму што фактычна стваралі праграму конкурсу “Я – талент” самі ўдзельнікі.  “Юнакі і дзяўчаты прадэманстравалі сучасныя маладзёжныя накірункі субкультур, самі выбілі сябе нумары, у якіх, як ім здавалася яны маглі сябе рэалізаваць. І гэта моцна адрознівала мэты мерапрыемства ад тых, да якіх звычайна прывыклі ганцавіцкія гледачы.  Таму, магчыма, нехта і не зусім застаўся задволены, – сказала дырэктар ГДК Ірына Гурская. – Але галоўнае, што знайшліся новыя таленавітыя дзеці.  І гэта дасць магчымасць шырэй паглядзець на субкультуры, якімі цікавіцца сучасная моладзь, каб і мы, дарослыя, маглі лепш разумець  сваіх дзяцей”.

Пасля выступлення давялося пачуць розныя меркаванні мерапрыемства. І тым, што яно было адрозным, ад іншых, якія праходзілі ў ГДК, пагадзіліся многія. І як звычайна новае, успрымалася не толькі з захапленнем і станоўчымі ўражаннямі.

Усё ж былі з боку гледачоў і крытычныя заўвагі. На адсутнасць песень на беларускай мове звярнуў увагу не толькі аўтар артыкула. Сапраўды, калі меркаваць па гэтаму конкурсу, то моладзь расце на культуры рускамоўнай і англамоўнай. Колькасць песень была 50/50. Беларускіх песень не было ўвогуле.

Як ні прапагандуюць, ні “адраджаюць” родную мову, у рэальнасці вынікі адраджэння паказаў гэты конкурс, калі ўдзельнікі самі выбіралі нумары – і не выбралі ніводнай песні на беларускай мове. І самі работнікі ГДК выказаліся пра гэта са шкадаваннем. “Шкадую, што не ўдалося паказаць выступленне рок-гурта, які спяваў на беларускай мове, незадоўга да фіналу па нейкіх прычынах выступіць у іх не атрымалася”, – сказала Маргарыта Саланевіч, якая займалася падрыхтоўкай гэтага праекта.

Яшчэ адной з крытычных заўваг было тое, што ў зале і на сцэне было вельмі цёмна. Гэта падабалася моладзі і не вельмі было даспадобы некаторым дарослым, якім хацелася больш уважліва разглядзець удзельнікаў.  А таксама жартавалі, што ў ГДК, відаць, даўно не  працавала “дымавая машына”,  якая стварала пэўны эфект туману.  Зараз яе эксплуатавалі па поўнай – “качагарылі” так, што астматыкам у спешным парадку прыйшлося пакінуць залу.

Але астатнія, у чаканні новых нумароў, якія не былі падобны адзін на другі, на такія дробязі не звярталі ўвагі. 13-гадовая дачка аўтара гэтага артыкула Кацярына ацаніла гэтае мерапрыемства адным словам – “класна!”.

Падзяліцца ўражаннямі аб новым конкурсе, у якім была пастаўлена  мэта знайсці новыя ганцавіцкія таленты, і дапамагчы іх рэалізаваць мы папрасілі аднаго з самых актыўных стваральнікаў гэтага праекта – Маргарыту Саланевіч.

“Мне вельмі складана ацаніць у цэлым фінал гэтага конкурса, лепш гэта бачылі тыя, хто быў у зале, але па настрою ўдзельнікаў бачу, што гледачам таксама спадабалася. Я магу сказаць, што ёсць у Ганцавічах сапраўдныя таленты, якія трэба падтрымліваць і развіваць, – сказала работнік ГДК Маргарыта. – І гэта не толькі мая думка, так лічаць людзі, якія прафесійна займаюцца вакалам, танцамі і якія дапамагалі рыхтаваць удзельнікаў конкурсу”.

Из рубрики
Top