weather

USD 2.5828

EURO 2.9496

RUR(100) 3.3879

search

Жыхара вёскі Агарэвічы вызвалілі з палону ў Дагестане

“Дзевяцярых чалавек, пяцёра з якіх грамадзяне Беларусі, вызвалілі з рабства ў Дагестане на мінулым тыдні падчас сумеснай спецаперацыі актывісты маладёжнага руху “Альтэрнатыва” і прадстаўнікі МУС Рэспублікі Дагестан”. Сярод іх аказаўся і жыхар вёскі Агарэвічы Коўш Андрэй Мікалаевіч, 1975 года нараджэння, які паехаў у Расію летам мінулага года і ад якога да гэтага часу ад яго не было ніякіх звестак. Аб гэтым паведамілі дзясяткі СМІ.

Андрэй Коўш, які мінулым летам паехаў  на заробкі і прапаў, на гэтым тыдні вярнуўся дадому
Андрэй Коўш, які мінулым летам паехаў на заробкі і прапаў, на гэтым тыдні вярнуўся дадому

У сераду наш зямляк, які больш чым паўгода знаходзіўся ў Дагестане, вярнуўся на радзіму. Але не ўсё было так, як паведамлялася па тэлеканалах і ў шматлікіх выданнях. Па словах Андрэя Каўша, з якім журналіст “ГЧ” сустрэўся адразу пасля вяртання ў Ганцавічы, няпраўдай з’яўляецца тое, што ён быў у рабстве.

“Можна было ісці куды хочаш, але не ішлі, бо дамаўляліся, што грошы выплацяць пасля заканчэння работы. Жылі мы ў нармальных умовах, па чатыры чалавекі ў пакоі, і ў кожным з іх быў тэлевізар. Кожны тыдзень мы мыліся ў лазні, кармілі нас добра і раз на чатыры дні давалі па бутэльцы гарэлкі, калі хто гэтага хацеў. Вядома, ж не адмаўляліся… Мы заказвалі прадукты, і нам прывозілі ўсё, што пажадаем, а грошы вылічвалі з зарплаты, якую нам абяцалі, але на рукі не выдавалі – абяцалі выплаціць пасля заканчэння сезона.. А вось выходзіць у горад з тэрыторыі завода сапраўды было небяспечна: маглі злавіць, набіць і прадаць у рабства пасвіць авечак у гарах. І раней, як расказвалі, такія выпадкі былі. Мы тры дні жылі ў тых людзей, якія вызвалілі нас. І яны прымусілі гаспадара завода, дагестанца, выплаціць нам грошы. А абяцалі нам за месяц па 15 тысяч расійскіх рублёў. Гаспадар завода прадаў машыну і разлічыўся з намі. Дагестанец прасіў, каб мы засталіся, і праз тыдзень абяцаў разлічыцца, але нас забралі з завода. Некаторыя працуюць там па дзесяць гадоў. Дагестанец казаў нам, што гэта буйныя бізнесмены такім чынам знішчаюць дробных канкурэнтаў. Вось і гэты стары заводзік па выпуску цэглы хутчэй за ўсё ўжо зачыняць,” – расказаў Андрэй Коўш.

Перадгісторыя не прадвяшчала развароту такіх падзей. Ужо не першы год Андрэй Коўш у пошуках заробкаў, як і многія жыхары Ганцаўшчыны, працаваў у Расіі на будоўлях. І мінулым летам таксама паехаў шукаць працу на прасторах неабсяжнай Расійскай Федэрацыі.

А вось версія другога беларуса з Віцебшчыны, якая распаўсюджана ў інтэрнэце, была іншай. У Маскве агенты па працаўладкаванні абяцалі поўны пансіён, працу на алімпійскіх аб’ектах у Сочы і годны заробак. Потым прапанавалі выпіць за пачатак новага, шчаслівага жыцця, пасадзілі ў аўтобус і завезлі ў Дагестан. Па яго словах, наймальнікі іх прадалі ўладальнікам цагельнага завода, якія не выплачвалі работнікам заработную плату на працягу сямі месяцаў, прымушалі пры гэтым працаваць па 12 гадзін у суткі. Іх утрымлівалі на цагельным заводзе, размешчаным недалёка ад сяла Краснаармейск паблізу г. Махачкала.

На радзіме Андрэя шукалі родзічы і следчы камітэт, які аб’явіў яго ў вышук. Паведамленне пра тое, што Андрэй Коўш летам мінулага года 2012 з’ехаў на заробкі ў г. Раменск Расійскай Федэрацыі і больш ад яго не паступала ніякіх звестак, 11 студзеня было надрукавана і ў газете “Ганцавіцкі час”. Па словах родзічаў, Андрэй нежанаты, і не раз затрымліваўся на некалькі месяцаў ў Расіі. Заўсёды хоць раз на месяц званіў. А на гэты раз ніякай сувязі з ім не было. Калі прайшло чатыры месяцы і ад яго не паступіла ніводнай вестачкі, яны ўсур’ёз занепакоіліся і звярнуліся ў міліцыю.

Пра тое, што людзі знаходзяцца на заводзе і працуюць прымусова, даведаліся члены грамадскай арганізацыі «Альтэрнатыва», якія змагаюцца ў Расіі з рабствам.

Як расказаў лідар грамадскага руху «Альтэрнатыва» Алег Мельнікаў, у людзей адбіралі дакументы, не плацілі грошай і не давалі патэлефанаваць. Сваякі не ведалі пра іх месцазнаходжанне, і людзі знаходзіліся ў вышуку і лічыліся без весткі зніклымі. «У незнаёмай мясцовасці, без грошай і дакументаў, наслухаўшыся пра баявікоў, людзі часта баяцца пакінуць завод. На самім жа заводзе іх павольна падпойваюць і выціскаюць усе сілы фізічнай працай,» — сказаў ён.

За гэтым заводам актывісты, якія змагаюцца з рабствам, сачылі амаль тры месяцы, але нават зазірнуць на тэрыторыю апынулася не проста. «Я прыйшоў на завод пад выглядам кліента і пагаварыў з працоўнымі, спытаў, ці хочуць яны вярнуцца дадому. Яны, вядома, сказалі, што хочуць, але не могуць, бо ім не плацяць грошай,» — сказаў лідар руху «Альтэрнатыва».

Калі інфармацыя пра нявольнікаў пацвердзілася, цагляным заводзікам зацікавіліся ў МУС і ў ноч з 23 на 24 студзеня правялі аперацыю па вызваленні людзей з палону.

Нашы землякі аўтобусам спачатку былі дастаўлены ў Маскву, а пасля адпраўлены ў Беларусь. «Калі мы ішлі па пероне вакзала ў Маскве, паліцэйскія казалі: “Прапусціце – гэта галівудскія зоркі!»» — з усмешкай расказваў Андрэй.

Але і на радзіме прыгоды нашага земляка не скончыліся. Дабраўшыся ў аўторак, 29 студзеня, спачатку да Оршы, а потым да Мінска, Андрэй Коўш быў вымушаны начаваць на вакзале: паперка з беларускага пасольства ў Расіі не дапамагла яму свабодна даехаць да Ганцавіч. Грошай, якія быў вымушаны-такі выплаціць дагестанец пад ціскам паліцыі, наш зямляк не давёз – іх адабралі ўжо Беларусі…

Міліцыя, да якой ён звярнуўся з просьбай дапамагчы яму сесці ў цягнік, не паспачувала. Міліцыянер сказаў, што без білета яго ў цягнік не пусцяць.

Толькі ў сераду раніцай Андрэй дабраўся да Баранавіч, адкуль яго забралі дадому сястра Наталля з мужам.

«Вы ж ведаеце, як гэта атрымліваецца, калі застаешся без грошай: ідзеш на вакзал, а там прапануюць нейкую работу. Прыходзіцца згаджацца на любыя прапановы. Лепш у такія сітуацыі не трапляць,» – сказаў Андрэй.

Из рубрики
Top