weather

USD 2.6293

EURO 2.9482

RUR(100) 3.3334

search

СВК “Крышылавічы” абрасло мільярднымі даўгамі

Нягледзячы на страты ў некалькі мільярдаў рублёў і рост крэдыторскай запазычанасці да 8,5 млрд. рублёў, па выніках работы гаспадаркі за 2012 год работу праўлення СВК “Крышылавічы” члены прэзідыума на справаздачным сходзе прапанавалі прызнаць здавальняючай.

СВК “Крышылавічы” абрасло мільярднымі даўгамі
СВК “Крышылавічы” абрасло мільярднымі даўгамі / Фото: Пятро Гузаеўскі

Незразумела, якімі крытэрыямі карысталася кіраўніцтва сельгаскааператыва, выносячы такую пастанову, бо агучаныя вынікі работы гаспадаркі інакш як правальнымі не назавеш. Валавая выручка за год склала 8 млрд рублёў, а расходы  – 12,5 млрд рублёў.

Старшыня СВК “Крышылавічы” Уладзімір Мышкавец не хаваў праблем. Крытыкаваў заатэхніка, загадчыкаў ферм і ветэрынарную службу іншых работнікаў, якія дапусцілі вялікія страты па якасці малака і не дабралі прыплоду жывёлы. А спецыялісты, у сваю чаргу, наракалі, што паказчыкі псуюць гультаі і п’яніцы.

Хваліцца, акрамя паказчыка росту рэнтабельнасці ў 16,9% і прыбыткам з 1 млрд 323 млн рублёў, больш не было чым. Але і гэты рост быў атрыманы толькі за кошт дзяржаўнай падтрымкі. Рэальна гаспадарка атрымала страты 123 млн рублёў. Сярэдняя зарплата ў гаспадарцы за 1012 год склала 1 млн 439 тысяч рублёў, у жывёлагадоўлі – 1 млн 264 тысяч, 1 млн 466 тыс. у трактарыстаў і 1 млн 375 тыс. у вадзіцеляў.

“Як будзем развівацца далей, як выжываць?» – спытаў на сходзе старшыня, пасля чаго сам і адказваў на пытанне. Ніякай зацікаўленасці калгаснікаў не адчувалася. Ніводнай заўвагі ці прапановы на сходзе з залы не прагучала.

Пасля справаздачы Уладзіміра Іванавіча стала зразумела, што гаспадарка ў глыбокай яме і вылезці адтуль зможа хіба што цудам або калі крэдыторы ад вялікай сімпатыі да СВК “Крышылавічы” ці з жалю спішуць яму мільярдныя даўгі.

Найбольш прынцыпова прагучала выступленне галоўнага бухгалтара Галіны Барысевіч. Жанчына, назваўшы некалькі дзясяткаў лічбаў у перакладзе на простую і зразумелую мову, фактычна сказала, што становішча гаспадаркі незайздроснае. “Фінансавае становішча ў нас цяжкае, гаспадарка абрастае даўгамі. Калі ў мінулым годзе мы павінны былі крэдыторам 5 млрд рублёў, то за год доўг павялічыўся да 8,5 млрд рублёў”, – сказала бухгалтар.

І прыклад, які прывяла Галіна Міхайлаўна, наглядна паказвае, што выйсці на рэнтабельную работу без дзяржпадтрымкі ў 2013 годзе калектыў сельгаскааператыва наўрад ці зможа. У студзені, акрамя рэалізацыі малака, ніякіх даходаў у калгасе больш не было. За першы месяц 2013 г. малака надаілі каля 90 тон, з якіх 81 тона першага гатунку і 9 – другога. Літр малака 1-га гатунку каштуе 2550 руб., 2-га – 475 рублёў. Малака рэалізавалі на 233 мільёны рублёў. А зарплаты налічана за студзень 205 мільёнаў рублёў. Але яшчэ патрэбна заплаціць 55 млн рублёў у фонд сацыяльнай абароны насельніцтва, за карыстанне крэдытнымі сродкамі 130 млн, 40 млн рублёў за электраэнергію за студзень і яшчэ 200 мільёнаў – за пратэрмінаваную запазычанасць за электраэнергію. І гэта далёка яшчэ не ўсе выдаткі.

Пагэтаму ўразіў небывалы аптымізм кіраўніка СВК “Крышылавічы” Уладзіміра Мышкаўца, спецыялістаў гаспадаркі і намесніка ўпраўлення райсельгасхарчу райвыканкама Анатолія Бобкі. Усе яны выказаліся, што справіцца з праблемамі ў гаспадарцы змогуць, гэта ім па сілах, толькі трэба ўзяцца за справу ўсім разам. “Нягледзячы на высокі запланаваны ўзровень, гэта нам па сілах», – сказаў у канцы прамовы У. Мышкавец.

У тон яму судакладчыкі паўтаралі амаль адно і тое ж: “Трэба павысіць дысцыпліну, больш і лепш працаваць, павялічыць пасяўныя плошчы і пагалоўе, больш даіць, жорстка кантраляваць выдаткі, эканоміць на ўсім і г.д.”.

Але гучала гэта на ўзроўні лозунгаў і канкрэтнымі рашэннямі не было падмацавана.

Прагучала, бадай, адзіная канкрэтная прапанова старшыні СВК Уладзіміра Мышкаўца: “Трэба пазбавіцца ў гаспадарцы ад людзей, якія не хочуць працаваць, і дабавіць зарплату тым, хто самааддана будзе працаваць”.

Адна з асноўных крыніц даходаў СВК – продаж малака, але выручкі ад гэтай прадукцыі не хапае нават на зарплату. Аднак на якасці малака “Крышылавічы” губляюць сотні мільёнаў рублёў. У студзені не прадалі ніводнага літра малака вышэйшым гатункам, не кажучы ўжо пра “Экстра”. Ішло б яно вышэйшым сортам, дык і даходы гаспадаркі раслі б штодзённа. Першасныя прычыны нізкай якасці малака можа вызначыць нават чалавек, далёкі ад жывёлагадоўлі. А для аўтара гэтага артыкула, бацькі якога дзясяткі гадоў працавалі ў заатэхніі, у тым ліку і на тэрыторыі данага сельгаскааператыва, гэта праблемай не стала.

Пасля сходу, пакуль калгаснікі глядзелі канцэрт мастацкай самадзейнасці, я наведаў кароўнік. Карціна ўразіла: каровы стаялі каравыя, на злучэннях малакапровада, дзе падключаецца даільная ўстаноўка, гразі было на палец…  Якое там якаснае малако можа быць? І нараканне на адсутнасць грошай, якое прагучала на сходзе, (такі відавочны бардак у рабоце як спецыялістаў заатэхнічнай службы, так і саміх даярак!) тут ні пры чым. На мыйныя і дэзінфіцыйныя сродкі грошы знайсці было можна, і акупіліся б яны з лішкам.

Але ёсць спадзяванне, што санітарна-гігіенічная служба раёна дапаможа павысіць якасць малака ў Востраве. Як патлумачылі рэдактару “ГЧ” у санэпідэмслужбе, кіраўніку гаспадаркі выпісана прадпісанне тэрмінова ліквідаваць парушэнні.

Из рубрики
Top